Пад зваротам на сайце petitions.by днём 30 студзеня зьяўлялася ў сярэднім па подпісе ў сэкунду. Пэтыцыю стварыла Каардынацыйная рада.
«Мы лічым, што забарона на выкарыстаньне бел-чырвона-белай сымболікі не абгрунтаваная нічым, апроч палітычнага ціску на грамадзян, ня згодных зь дзеяньнямі дзейных уладаў», — гаворыцца ў звароце.
«Мы дакладна ведаем, што забарона бел-чырвона-белай сымболікі — гэта не жаданьне народу, а прыхамаць ста чалавек», — піша Каардынацыйная рада.
Падпісанты пэтыцыі патрабуюць
- спыніць перасьлед беларусаў за выкарыстаньне сымболікі, якія ўяўляе сабой нематэрыяльную культурную каштоўнасьць,
- прызнаць бел-чырвона-белы сьцяг гісторыка-культурнай спадчынай.
Тэкст пэтыцыі будзе разглядацца як калектыўны зварот грамадзянаў у адпаведнасьці зь беларускім законам.
Сьвятлана Ціханоўская ўпэўненая, што гэты зварот зьбярэ сотні тысяч подпісаў
«Лукашэнку трэба зразумець, што забарона сымболікі нічога ня зьменіць у галовах людзей, — напісала Ціханоўская. — Беларусы больш ня лічаць яго прэзыдэнтам. Усё, на што яго хапае — імітацыя народнай падтрымкі і барацьба з сымбалямі свабоды. У сутнасьці, рэжым баіцца спалучэньня двух колераў. Але, забараняючы нацыянальную сымболіку і прыўлашчваючы сабе асабіста дзяржаўную, ён толькі папулярызуе бел-чырвона-белы сьцяг сярод народу. Бо ён становіцца сымбалем справядлівасьці, годнасьці і еднасьці. Сапраўднай еднасьці — а ня той, якую маніцца прадэманстраваць з дапамогай Усебеларускага народнага сходу», — лічыць Сьвятлана Ціханоўская.
29 студзеня беларуская тэлевізія паведаміла, што Генэральная пракуратура прыняла да разгляду «калектыўны зварот аб незарэгістраванай сымболіцы».
У сюжэце паведамлялася, што «больш за 100 грамадзян Беларусі патрабуюць прылічыць бел-чырвона-белы сьцяг, які ў гады Вялікай Айчыннай стаў сымбалем зьверстваў на беларускай зямлі, экстрэмісцкім. Адпаведна, забараніць яго да публічнай дэманстрацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральная пракуратура прыняла да разгляду пытаньне аб забароне бел-чырвона-белага сьцягаДэпутат Варанецкі: Недапушчальна таптацца па сваім мінулым
«Трэба мець на ўвазе, што бел-чырвона-белы сьцяг зьяўляўся першым дзяржаўным сьцягам нашай адроджанай беларускай дзяржавы, — сказаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі. — Пад ім яна рабіла першыя крокі па ўмацаваньні свайго нацыянальнага сувэрэнітэту і незалежнасьці. Пад ім прымаў прысягу першы прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь. Бел-чырвона-белы сьцяг лунаў над нашымі дзяржаўнымі будынкамі і ўпрыгожваў залі ўрачыстасьцяў Дома ўрада, парлямэнта, Адміністрацыі прэзыдэнта, Вярхоўнага суда, Генэральнай пракуратуры і іншых дзяржаўных устаноў, сымбалізуючы сувэрэнітэт і незалежнасьць нашай краіны.
Яму аддавалі ўшанаваньні за мяжой у ходзе візытаў беларускіх дзяржаўных дэлегацый, уручэньня даверчых грамат нашымі пасламі… Пад ім мы сустракалі першых асоб замежных дзяржаў, якія зь візытамі наведвалі нашу краіну. Ён сымбалізаваў выбітныя перамогі нашых спартсмэнаў на Алімпійскіх гульнях і чэмпіянатах сьвету, іншых міжнародных спаборніцтвах.
Зь ім былі зьвязаны вельмі важныя старонкі гісторыі нашай з вамі маладой беларускай дзяржавы. І таптацца па сваім мінулым, калі мы глядзім у будучыню і хочам пабудаваць моцную, незалежную і квітнеючую краіну, на мой погляд, — недапушчальна. Мы павінны шанаваць сваю гісторыю», — цытуе Варанецкага «Наша ніва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удзельнік сямі Алімпіядаў Сяргей Далідовіч: Нельга затрымліваць толькі за тое, што тваё бачаньне сьвету адрозьніваецца ад іншагаСяргей Далідовіч: Што, я фашыст, калі выступаў у 1994 годзе пад гэтым сьцягам?
Вядомы беларускі лыжнік, удзельнік сямі Алімпійскіх гульняў, пераможца і прызэр этапаў Кубку сьвету Сяргей Далідовіч:
«Калі прызнаюць бел-чырвона-белы сьцяг экстрэмісцкім (нічому не зьдзіўлюся), ці значыць гэта, што я фашыст, калі выступаў у Лілехамэры ў 1994 годзе пад гэтым сьцягам? І што рабіць з архіўнымі фота з той Алімпіяды — ірваць і паліць, каб не расстралялі?» — напісаў Далідовіч у «Фэйсбуку».
Арцём Шрайбман: Забараняючы бел-чырвона-белы сьцяг, улада гарантуе, што ён будзе дзяржаўным
«Забарона бел-чырвона-белага сьцяга і прызнаньне яго экстрэміцскім — важны крок да далейшай сакралізацыі сьцяга. Ён пачынаў 2020 год як сымбаль нацыянальна-дэмакратычнай праслойкі грамадзтва — 15-20% ад сілы. Завяршаў ён гэты год як сымбаль шырокага грамадзянскага пратэсту без прывязкі да сваёй гісторыі.
Цяпер ён становіцца сакральным сымбалем, забароненым плодам, нечым, што будуць маляваць начамі на сьценках, перахоўваць у таемных кутках і ўсё больш эмацыйна прывязвацца да гэтага сымбаля.
Недаацэньваючы ягоную папулярнасьць, улада адразае яшчэ адзін шлях да кампрамісу, выносячы мільёны сваіх апанэнтаў у поле крыміналу ўжо ня толькі за іхныя дзеяньні, але і за іхныя маркеры.
Чырвона-зялёны сьцяг заўжды меў большую падтрымку, чым беларуская ўлада, і дакладна мог яе перажыць. Цяпер грамадзтву прапануюць падзяліцца. Сядзець побач з чырвона-зялёным сьцягам — цяпер праява палітычнай пазыцыі.
Такая палітызацыя сымбаля і ягоная прывязка да канкрэтнай пазыцыі — шлях да таго, што сыход улады будзе азначаць сыход і ейных атрыбутаў разам зь ёй. Чырвона-зялёны сьцяг меў шанцы ня стаць такім атрыбутам, але цяпер дакладна стане.
Забараняючы бел-чырвона-белы сьцяг, улада гарантуе, што ён будзе дзяржаўным, бо гэта цяпер не субкультура. Важны дзень», — напісаў палітоляг Арцём Шрайбман.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 50 фактаў за бел-чырвона-белы сьцяг