Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнік сямі Алімпіядаў Сяргей Далідовіч: Нельга затрымліваць толькі за тое, што тваё бачаньне сьвету адрозьніваецца ад іншага


Сяргей Далідовіч
Сяргей Далідовіч

Вядомы беларускі лыжнік, удзельнік сямі Алімпійскіх гульняў, пераможца і прызэр этапаў Кубку сьвету Сяргей Далідовіч у размове з «Трыбунай» выказаўся пра рэпрэсіі, якія ўлада распачала супраць палітычных апанэнтаў.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Тое, што зараз адбываецца, мне ня вельмі падабаецца. Хачу, каб пайшоў, прагаласаваў — і мой голас быў улічаны. Вядома, сытуацыя выклікае апасеньні. Я заўсёды казаў, што хачу пераменаў, але не хачу, каб яны прайшлі сілавым шляхам», — адзначыў Сяргей Далідовіч.

Таксама ён расказаў, як ставіцца да затрыманьняў апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі.

«Я хачу, каб яны былі пачутыя, — заявіў спартовец. — Мяне напружвае, чаму Бабарыку, калі ён такі вінаваты, не затрымалі раней, а менавіта цяпер? Я зь ім раней не перасякаўся. Дакладней, у тым годзе паклікалі выступіць — і ён таксама выступаў.

Мне чалавек імпануе: яго ўсьмешка, адкрытасьць. Гэта значыць візуальна ён у мяне выклікае давер. Ёсьць такое, калі ты глядзіш на чалавека: ці прыняць, ці не прыняць».

Былы спартовец выказаў спадзяваньне, што пасьля «праверкі» Віктар Бабарыка вернецца ў гонку, атрымаўшы статус кандыдата ў прэзыдэнты.

Паводле Сяргея Далідовіча, ён і сам быў гатовы далучыцца да ўдзельнікаў менскага ланцуга салідарнасьці на мінулым тыдні, але стрымала, што акцыя недазволеная, маглі быць наступствы.

«Нельга затрымліваць толькі за тое, што тваё бачаньне сьвету адрозьніваецца ад іншага, — сказаў ён. — Мне вельмі спадабаўся арганізаваны „ланцуг салідарнасьці“. І каб акцыя была дазволеная, абавязкова б выйшаў і ў пастаяў у тым „ланцугу“...

Самае страшнае, што можа зараз адбыцца, гэта раскол у грамадзтве, каб не пайшоў брат на брата. Вось гэтага рэальна баюся...»

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG