У расьсьледаваньні называюцца прозьвішчы сілавікоў, якія знаходзіліся ў той вечар на плошчы Пераменаў у Менску, і публікуецца выпіска зь іх тэлефонных білінгаў.
Таксама згадваецца пра іншых публічных асобаў са сфэры спорту і тэлевізіі, што маглі быць удзельнікамі або сьведкамі тых падзей, якія скончыліся пабіцьцём, выкраданьнем і сьмерцю мастака Рамана Бандарэнкі. Паведамляецца зьмест перамоваў паміж Цэнтральным РРУС Менску, куды актывіста даставілі ў непрытомнасьці, і хуткай дапамогай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BYPOL правёў сваю праверку сьмерці Рамана Бандарэнкі. Што яна дала новага«Прысутнасьць некаторых стала нечаканасьцю»
Вольга Кучарэнка паведаміла Свабодзе, што азнаёмілася з гэтым дасьледаваньнем.
«Канечне, само расьсьледаваньне — вялікая навіна і для мяне, і для ўсёй справы. Штосьці з апублікаванага часткова нам было вядома — даходзілі чуткі, нехта паведамляў. Шмат у якіх нюансах пацьвердзіліся ўласныя здагадкі. Але самае галоўнае, чаго я чакала, — пабачыць твары зь месца злачынства. Прысутнасьць некаторых стала нечаканасьцю».
Яна называе эмоцыі «вельмі зьмяшанымі»: «Палову, відаць, яшчэ не асэнсавала. Прынамсі пакуль чытала, былі дрыжыкі па ўсім целе».
«Як можна такое ня браць пад увагу?»
Паводле суразмоўцы, цяпер сям’я Рамана Бандарэнкі чакае рэакцыі з боку Генпракуратуры, бо «ёсьць проста неабвержныя доказы таго, што сьмерць была гвалтоўнай».
«І калі яны самі ня ў стане гэта распазнаць, то мусяць зрабіць пэўныя крокі, каб пачаць крымінальную справу і больш сур’ёзнае расьсьледаваньне ў адносінах да канкрэтных асобаў. Яны названыя, іх прабілі па геалякацыі, усё супадае», — кажа Вольга Кучарэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу журналісткі Барысевіч і лекара Сарокіна, якія паведамілі, што Раман Бандарэнка быў цьвярозы, перадалі ў судПа словах сястры нябожчыка, зыходзячы нават з мэдычнай даведкі відавочна, што сьмерць гвалтоўная.
«Як можна такое ня браць пад увагу? — задаецца яна пытаньнем. — Гэта выглядае як плявок у твар усяму беларускаму народу. Так ці інакш, здарэньне набыло значны рэзананс, многія людзі гібель Рамана ўспрынялі як асабістую страту. І працягваць казаць, што ён быў п’яны ці зваліўся і ўдарыўся аб нешта галавой — проста сьмешна. Я не кампэтэнтны орган, каб штосьці ацэньваць, але нават на відэа бачна, як зь яго зьдзекаваліся».
Яна нагадала, што мама Рамана, калі была ў лякарні, размаўляла з мэдыкамі, якія давалі ацэнку пабоям, ударам.
«Быў страшны ацёк мозгу, які фактычна выходзіў за межы чарапной каробкі, трэба было рабіць трэпанацыю. Я не кажу, што ёсьць сьведкі, якія ўсё бачылі на ўласныя вочы. Проста дзіўная ўпартасьць — не пачынаць крымінальную справу», — кажа Вольга Кучарэнка.
У расьсьледаваньні BYPOL прыводзіць
- запісы званкоў у міліцыю і зь міліцыі,
- геалякацыі тэлефонаў людзей, магчыма, датычных да гібелі Бандарэнкі,
- пералік выклікаў, тэлефонных нумароў і часу размоваў гэтых людзей,
- запіс размовы лекараў са сваякамі Бандарэнкі, якія расказвалі пра траўмы Рамана Бандарэнкі.
- Пры дапамозе гэтых зьвестак сьледчыя BYPOL аднавілі храналёгію падзей і назвалі імёны людзей, уцягнутых у іх.
Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
- Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
- Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
- Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
- У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
- Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
- Раман быў у крытычным стане.
- ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
- Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
- 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
- 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
- 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».