Дзеяньні Кацярыны Барысевіч кваліфікавалі паводле ч.5 арт.16 і ч.3 ст.178 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, Арцёма Сарокіна — па ч.3 ст.178 КК РБ. Меру стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту пакінулі бязь зьмены.
Справу аб забойстве Рамана Бандарэнкі дагэтуль не завялі. Ягоная маці ня мае доступу да матэрыялаў праверкі.
Згодна з матэрыяламі справы, Кацярына Барысевіч «бяз згоды пацыента або іншых упаўнаважаных асобаў» угаварыла лекара Арцёма Сарокіна даць вусную інфармацыю пра пацыента бальніцы Рамана Бандарэнку і перадаць праз мэсэнджар Telegram фатакопіі мэдычнай дакумэнтацыі, усьведамляючы, што запытаная ёй інфармацыя складае мэдычную таямніцу і яна ня мае права на яе атрыманьне і распаўсюджваньне.
Лекар Арцём Сарокін «наўмысна незаконна выдаў зьвесткі пра факт паступленьня Бандарэнкі ў стацыянар і стан яго здароўя, наяўнасьць захворваньня, дыягназ, вынікі мэдычнага агляду і іншыя дадзеныя, у тым ліку асабістага характару».
Журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна затрымалі 19 лістапада. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін, які тым самым абверг словы ўладаў, нібыта падчас бойкі на «плошчы Пераменаў» Раман Бандарэнка быў п'яны.
Праваабаронцы прызналі Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна палітвязьнямі.
Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
- Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
- Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
- Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
- У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
- Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
- Раман быў у крытычным стане.
- ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
- Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
- 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
- 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
- 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».