Фонд барацьбы з карупцыяй адказаў на заявы Пуціна пра палац пад Геленджыком

Палац пад Геленджыком, які, паводле ФБК, належыць Уладзіміру Пуціну

Фонд барацьбы з карупцыяй (ФБК) на сайце свайго кіраўніка Аляксея Навальнага, які знаходзіцца ў зьняволеньні, пракамэнтаваў заяву Ўладзіміра Пуціна аб тым, што палац пад Геленджыком, які каштуе каля мільярда даляраў, ніколі ня быў на яго аформлены і не належаў ягоным блізкім сваякам.

У ФБК адзначылі, што ў расьсьледаваньні пра палац прэзыдэнта Расеі Навальны «дзьве гадзіны рознымі словамі тлумачыў адну і тую ж думку: сябры пабудавалі Пуціну сакрэтны палац, аформілі на падстаўных асобаў, стварылі цэлую інфраструктуру, каб ніхто ніколі не даведаўся рэальнага гаспадара, на прэзыдэнта нічога не афармляецца, усё запісана на яго давераных асобаў, і Уладзімір Пуцін роўна гэтую думку і паўтарыў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Задача была — схаваць аб’ект з боку мора». Як ахоўвалі «палац Пуціна» і чаму пра яго ведаў увесь Геленджык

Таксама ў фондзе зьвярнулі ўвагу на ўдакладненьне прэзыдэнта Расеі, што менавіта «блізкія сваякі» ня маюць і ня мелі дачыненьня да палаца. «Гэта ў Пуціну прачнуўся юрыст», — растлумачылі ў ФБК, адзначыўшы, што ні сват прэзыдэнта Мікалай Шамалаў, на якога быў аформлены палац, ні кіраўнік будоўлі стрыечны пляменьнік Пуціна Міхаіл Шаломаў паводле Сямейнага кодэксу РФ сапраўды не адносяцца да блізкіх сваякоў. «Мабыць, у галаве Пуціна існуе нейкі ўяўны суд, на які ён прыйдзе і скажа: а я вас не падманваў, я так сфармуляваў, што ўсё праўда», — выказалі здагадку ў Фондзе барацьбы з карупцыяй.

«Найлепшым адказам» Пуціна ў ФБК назвалі фразу прэзыдэнта аб графічным рысунку, апублікаваным у расьсьледаваньні, на якім Пуцін нібыта купаецца ў палацавым басэйне. «Прэзыдэнт самай вялікай краіны ў сьвеце, лідэр звышдзяржавы, вялікі стратэг і геапалітык падумаў, што гэты рысунак — фатаграфія, і пачаў даказваць, што гэта мантаж. Асваеньне далёкага космасу? Нанатэхналёгіі? Навука? Пра што вы? Чалавек ня можа адрозьніць фатаграфію ад знарок кепска зробленага рысунку», — адзначылі ў ФБК і рэзюмавалі, што за сем хвілін сваёй прамовы Пуцін па-сапраўднаму не зьняпраўдзіў ніводнага факту з расьсьледаваньня.

Расьсьледаваньне ФБК аб так званым палацы Уладзіміра Пуціна пад Геленджыком было апублікавана 19 студзеня — у дзень арышту кіраўніка фонду Аляксея Навальнага і зьняволеньня яго ў маскоўскім сьледчым ізалятары «Матроская цішыня». Навальны і ФБК сьцьвярджаюць, што рэзыдэнцыя прэзыдэнта Расеі плошчай 68 гектараў была пабудаваная ў 2010 годзе, яе кошт складае каля мільярда даляраў, на тэрыторыі ёсьць падземны лядовы палац, 80-мэтровы мост «для падыходу да гарбатнага доміка», тунэль для спуску з палаца да мора і мноства іншых дарагіх аб’ектаў для адпачынку. За тыдзень фільм-расьсьледаваньне набраў звыш 90 мільёнаў праглядаў на YouTube.

У аўторак Уладзімір Пуцін адказаў на пытаньне пра палац, выступаючы перад студэнтамі. Ён сказаў, што нерухомасьць не належыць ні яму самому, ні яго «блізкім сваякам», назваўшы расьсьледаваньне ФБК «кампіляцыяй», але так і не назваў уладальнікаў абʼекту.

У аўторак прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль ня мае права агучваць, каму належыць палац, адзначыўшы толькі, што гэта «нейкія прадпрымальнікі». Пры гэтым ён пацьвердзіў словы Пуціна пра тое, што палац не належыць ні яму, ні ягоным сваякам, дадаўшы, што прэзыдэнт наогул ня мае ніякага дачыненьня да палаца.