Усебеларускі сход і расейскія пратэсты

Пратэсты ў Расеі

Улады ўсё ж зьбіраюцца замацаваць канстытуцыйны статус Усебеларускага сходу. Якія рашэньні будзе прымаць гэты сход у лютым? Ці магчымыя крокі ў бок палітычнай лібэралізацыі? Як пратэсты ў Расеі паўплываюць на палітыку Крамля адносна Беларусі? Ці цяпер будзе Пуцін дамагацца ад Лукашэнкі канстытуцыйнай рэформы?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі Павал Быкоўскі і Аляксандар Класкоўскі.

Быкоўскі

  • Ва ўказе Лукашэнкі сказана, што дэпутаты да лістапада мусяць распрацаваць папраўкі ў закон аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах.
  • Невядома, ці ідзе гаворка пра зьмену статусу Ўсебеларускага народнага сходу (УНС).
  • Ва ўказе Лукашэнкі аб скліканьні УНС няма спасылкі на нейкія папраўкі ў Канстытуцыю.
  • У праўладных колах дыскурс істотна памяняўся, і пра зьмены Канстытуцыі, пра палітычныя авансы апанэнтам Лукашэнкі ніхто асабліва не гаворыць.
  • Прадстаўнікі рэжыму, зь якімі я размаўляў, кажуць, што ня трэба ніякіх навацыяў, канстытуцыйных у тым ліку, лепш мы захаваем status quo.
  • Там мяркуюць, што новая Канстытуцыя — гэта зьяўленьне новага цэнтру ўлады. А гэта можа спарадзіць раскол элітаў. А ляялісты хочуць гэта прадухіліць.

Павал Быкоўскі

  • Лабкоў казаў на «Дажджы» пра пратэсты ў Маскве — тут маленькі Менск зрабілі.
  • Я ня думаю, што Масква так ужо трымаецца за Лукашэнку, яна хутчэй не дае яму патануць.
  • Калі б хацелі дапамагчы, Беларусь атрымала б кампэнсацыю за забруджаную нафту, пасьля сочынскай сустрэчы беларускі бок быў вымушаны прызнаць даўгі за газ, і цану на газ Беларусь атрымала не такую і нізкую.
  • Хутчэй за ўсё цяперашні ўзровень эканамічнай падтрымкі з боку Расеі і захаваецца.
  • У Расеі сёлета парлямэнцкія выбары, і Беларусі будзе ўвагі менш.
  • Адпаведна і грошай на Беларусь будзе менш.

Класкоўскі

  • У 1996 годзе спачатку Лукашэнка прапанаваў свой праект зьменаў у Канстытуцыю, а потым, калі ўзьнікла супрацьстаяньне зь Вярхоўным саветам, ён шукаў сабе імітацыю народнай падтрымкі ў выглядзе Усебеларускага сходу.
  • Летась у жніўні-верасьні было горача, Крэмль тузаў, пераконваў, што толькі дручкамі праблему ня вырашыш, думай пра нейкую канстытуцыйную рэформу.
  • Цяпер Лукашэнка лічыць, што здушыў пратэсты.
  • А зь іншага боку, узьніклі пратэсты ў Расеі, якія ёсьць козыр Лукашэнкі.
  • Ён паказаў, што без дыялёгу і манэўраваньня ўзяў сытуацыю пад кантроль.

Аляксандар Класкоўскі

  • І можа спаслацца на тое, што ў самой Расеі разгарэліся пратэсты і не расейцам яго вучыць.
  • Заклік да дараваньня, да амністыі можа прагучаць з трыбуны УНС. Але гэта ня значыць, што гэта адразу пачне рэалізоўвацца.
  • З эканомікай робіцца горай, Захад будзе ўзмацняць ціск, а патрэбныя грошы, эўрабонды ўсялякія.
  • Таму нейкая гульня на заходнім накірунку патрабуецца. Дзеля гэтага выпрабаваны прыём — гандаль палітвязьнямі.
  • Расейскія пратэсты пагаршаюць адносіны Крамля з Захадам. І гэта падштурхоўвае Пуціна да ўмацаваньня падтрымкі Лукашэнкі.
  • Цяпер Крэмль страчвае маральнае права дамагацца ад Лукашэнкі канстытуцыйнай рэформы.
  • Два рэжымы зьвязаныя адным ланцугом, таму Пуцін будзе дапамагаць лукашэнкаўскаму рэжыму.