На гэта зьвярнула ўвагу выданьне «Адкрытыя мэдыя».
Дэпутатам Дзярждумы забаронена галасаваць на адлегласьці ці перадаваць свой голас калегам. Нягледзячы на гэта, шпіталізаваны Агаеў, паводле зьвестак афіцыйнай сыстэмы ўліку, прымаў удзел у некалькіх пленарных пасяджэньнях парлямэнту. У дзень яго сьмерці 29 верасьня ён, паводле афіцыйных дадзеных, прагаласаваў за прыняцьце васьмі законапраектаў. Апошні раз — за тры гадзіны да таго, як пра яго сьмерць стала вядома ў Думе.
Іншы дэпутат, намесьнік кіраўніка фракцыі КПРФ Валянцін Шурчанаў, памёр ад наступстваў каранавіруснай інфэкцыі 18 сьнежня. Апошнія тры тыдні перад гэтым ён ляжаў у цяжкім стане ў шпіталі і быў падлучаны да сыстэмы штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Гэта не перашкодзіла яму, паводле дадзеных уліку, узяць удзел у чатырох сьнежаньскіх пасяджэньнях Думы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяўчыне, якая расьпісала шчыты амапаўцаў, далі 2 гады, хлопцу — 1,5 года. ФОТА, ВІДЭАПа стане на 13 студзеня больш за траціну з 450 дэпутатаў Дзярждумы перахварэлі на каранавірусную інфэкцыю, адзін знаходзіўся ў цяжкім стане ў рэанімацыі, паведамляў старшыня ніжняй палаты Вячаслаў Валодзін. Цяпер як мінімум адзін чалец палаты шпіталізаваны, адзін — Мікалай Антошкін — памёр 17 студзеня. Ён перад сьмерцю не галасаваў.
У верасьні Цэнтар палітычнай каньюнктуры падлічыў, што больш за траціну дэпутатаў рэгулярна прапускаюць галасаваньні па законапраектах, а больш за семдзесят дэпутатаў не галасавалі і за палову ўнесеных дакумэнтаў. З 2016 году іх штрафуюць за прагулы — на 40 тысяч рублёў (прыкладна 530 даляраў у эквіваленце) пры сярэднім заробку каля 400 тысяч рублёў (прыкладна 5380 даляраў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маладачанскім раёне ўшанавалі магілу паўстанцаў 1863 году. ФОТА