«Ядзернай дзяржавай» Беларусь стала 7 лістапада 2020 году. Гэтак назваў новую энэргетычную эпоху Аляксандар Лукашэнка, калі ўрачыста разразаў чырвоную стужку ля сьвежапабудаванай АЭС. Тады ўводзілі ў эксплюатацыю толькі першы энэргаблёк, аднак Мінэнэрга ў сваім тэлеграм-канале справаздачылася аб першай выпрацаванай БелАЭС электрычнасьці, якая ўжо трапіла ў дамы беларусаў. З таго часу не прайшло яшчэ і трох месяцаў, а Астравецкая АЭС за гэты час спынялася двойчы.
Як спынялася БелАЭС
Першы раз гэта адбылося ўсяго праз тры дні пасьля запуску — 10 лістапада 2020 году. Прычынай адключэньня сталі выбухі трансфарматараў напружаньня. Паводле афіцыйнай вэрсіі, гэта ніяк не паўплывала на радыяцыйную бясьпеку.
Другі раз БелАЭС адключылі ад энэргасетак 16 студзеня ў 19:02. Паводле агенцтва БелТА, гэта адбылося, бо спрацавалі сыстэмы засьцярогі. А «ўключылі» Астравецкую АЭС толькі празь пяць дзён — 21 студзеня. Пра гэта таксама паведаміла Мінэнэрга ў сваім тэлеграм-канале.
«Цяпер ня той выпадак»
Андрэй Ажароўскі, інжынэр-фізык, экспэрт Беларускай антыядзернай кампаніі з Масквы, у размове са Свабодай расказаў, наколькі такія пэрыядычныя адключэньні БелАЭС могуць быць небясьпечнымі.
«Па-першае, энэргаблёк Астравецкай АЭС пакуль сапраўды знаходзіцца ў досьледна-прамысловай эксплюатацыі, — кажа Ажароўскі. — І ён можа часам наўмысна адключацца людзьмі. Але цяпер ня той выпадак. І Мінэнэрга Беларусі шчыра паведаміла, што спрацавала засьцерагальная аўтаматыка электрычнай часткі. Гэта значыць, збой, на шчасьце, адбыўся не ў рэактарнай частцы, а ў электрычнай».
Экспэрт кажа, што гэта «балючае месца» расейскага праекту, па якім будавалася БелАЭС. У самой Расеі ўжо былі падобныя здарэньні. Праўда, са значна больш сур’ёзнымі наступствамі. У прыватнасьці, калі на Новаваронескай АЭС запусьцілі першы ў сьвеце блёк ВВЭР 1200 (такі самы, як на Астравецкай АЭС. — РС), то здарылася настолькі буйная аварыя, што згарэў генэратар. Ён літаральна расплавіўся, згарэла вялізная абмотка, некалькі соцень тон вагой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусі ўпершыню давялося скарыстацца аварыйнай дапамогай Украіны праз адключэньне БелАЭСПа словах Андрэя Ажароўскага, два адключэньні за такі кароткі час для БелАЭС — нечаканая падзея. Ці будуць адключэньні працягвацца далей, прадказаць цяжка. Экспэрт адзначае, што агулам нечаканыя адключэньні генэратараў на АЭС здараюцца пэрыядычна, 1–2 разы на год.
«Гэта лепш, чым калі б атамны рэактар 1–2 разы на год выбухаў, — кажа Ажароўскі. — Засьцерагальныя сыстэмы наладжаныя даволі тонка. Варта зьвярнуць увагу на тое, што адключэньні адбываюцца аўтаматычна, а не ўручную людзьмі. Гэта штатная сытуацыя, але менавіта падчас пераходных працэсаў пры адключэньні могуць узьнікнуць няштатныя станы самога рэактара. Гэта ня так бясьпечна. АЭС — гэта ня лямпачка, якую ўключыў-выключыў, уключыў-выключыў. Ды нават лямпачка можа перагарэць ад частых уключэньняў і выключэньняў».
Па словах Ажароўскага, такія працэсы прыводзяць да паскоранага зносу канструкцыі. Калі рэактар расхалоджваецца, то ягоная тэмпэратура прыкладна з +300 градусаў зьніжаецца да +30. Гэта ўсё таксама ня вельмі карысна, таму што мэталічныя сыстэмы сьціскаюцца, а пасьля пашыраюцца.
«Гэта таксама ўплывае на рэсурс, — кажа фізык. — Таму ня трэба быць вельмі аптымістычным і гаварыць, што адключэньні і ўключэньні ніяк не ўплываюць на саму АЭС».
У прамысловую эксплюатацыю першы энэргаблёк БелАЭС плянуюць запусьціць у лютым. Запуск другога атамнага рэактара ў Астраўцы чакаецца праз два гады.
Што варта ведаць пра БелАЭС
- Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
- Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
- Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
- БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
- На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
- Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
- Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
- Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
- Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
- У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
- Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
- Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
- Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.
- З 26 ліпеня другі блёк АЭС спынілі дзеля рамонту, які назвалі плянавым. Ранейшыя рамонты на доўгія месяцы спынялі працу станцыі. Першы блёк БелАЭС ужо прайшоў два плянава-папераджальныя рамонты. У 2022 годзе ён спыняўся для гэтых мэтаў на 198 дзён, у 2023-м — на 68 дзён.
- У жніўні новым міністрам энэргетыкі замест Віктара Каранкевіча стаў Аляксей Кушнарэнка. А былога намесьніка Каранкевіча Міхаіла Міхадзюка, які непасрэдна кантраляваў АЭС, у гэтым жа месяцы пачалі судзіць за атрыманьне хабару.
- 26 жніўня намесьнік міністра энэргетыкі Дзяніс Мароз заявіў пра падрыхтоўку ведамствам справаздачы перад урадам аб мэтазгоднасьці пабудовы другой АЭС.