У сёньняшнім паведамленьні Белага дома адзначаецца, сярод іншага, што «адстойваньне правоў чалавека будзе адным з прыярытэтаў» новай адміністрацыі ЗША.
«Нелегітымны самаўладца»
25 верасьня летась Джо Байдэн выступіў з заявай з нагоды таемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі і раскрытыкаваў Дональда Трампа за адсутнасьць пазыцыі па сытуацыі ў Беларусі. «Прэзыдэнт, які хаваецца ў страху ад уласных грамадзян, які адмаўляецца прыняць волю народу — прыкмета слабага, нелегітымнага самаўладцы, а ня моцнага лідэра. Народ Беларусі заслугоўвае лепшага», — адзначыў Байдэн.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кандыдат у прэзыдэнты ЗША Байдэн: «Народ Беларусі патрабуе, каб яго голас пачулі»«Узмацніць санкцыі»
У кастрычніку Байдэн заявіў: «Больш за два месяцы народ Беларусі мірна пратэстуе, патрабуючы пакласьці канец жорсткай дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі. Рэжым Лукашэнкі адказаў кулямі, сьветлашумавымі гранатамі, масавымі затрыманьнямі і катаваньнямі.
Ніводзін лідэр, які мучыць свой уласны народ, ня можа прэтэндаваць на легітымнасьць. Вось чаму міжнародная супольнасьць павінна значна ўзмацніць санкцыі ў дачыненьні да паслугачоў Лукашэнкі і замарозіць афшорныя рахункі, на якіх яны захоўваюць скрадзенае багацьце».
«Расея каб ня ўмешвалася»
«Адважныя грамадзяне Беларусі дэманструюць, што іх галасы ня будуць заглушаныя ні тэрорам, ні катаваньнямі, — напісаў Байдэн у Twitter 9 жніўня. — Злучаныя Штаты павінны падтрымліваць заклік Сьвятланы Ціханоўскай да сумленных выбараў. Расеі трэба казаць, каб яна ня ўмешвалася — гаворка ідзе не аб геапалітыцы, а аб праве выбіраць сваіх лідэраў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскія палітыкі пра Лукашэнку: «Гэта ня дзеяньні лідэра, упэўненага ў сумленнай перамозе на выбарах»«Эканамічная падтрымка дэмакратычнай Беларусі»
Байдэн казаў, што мае намер разам з эўрапейскімі партнэрамі і саюзьнікамі распрацаваць плян эканамічнай падтрымкі «сапраўды сувэрэннай дэмакратычнай Беларусі».
«Да таго часу я працягну далучацца да заклікаў Сьвятланы Ціханоўскай і народу Беларусі мірна перадаць уладу, вызваліць усіх палітвязьняў, правесьці свабодныя і справядлівыя выбары, каб беларускі народ нарэшце змог рэалізаваць свае дэмакратычныя правы, за якія ён многім ахвяраваў», — запэўніў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джо Байдэн падкрэсьліў важнасьць супрацоўніцтва ЗША і Эўропы ў справе Беларусі«Пазытыўныя прапановы»
За палітычныя пытаньні ў адміністрацыі Байдэна будзе адказваць Вікторыя Нуланд, якую Байдэн вылучыў на пасаду намесьніцы Дзяржсакратара ЗША.
У верасьні на онлайн-форуме вашынгтонскага Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі (CEPA) яна выказала меркаваньне, што Захад акрамя «карных мер» у дачыненьні да беларускага рэжыму павінен вылучаць і пазытыўныя прапановы.
Тады яна зазначыла, што ў дачыненьні да падзеяў у Беларусі ўжываньне санкцыяў зьяўляецца недастатковай мерай, бо гэта ня зробіць значнага ўплыву на асобаў, якія трапілі пад пэрсанальныя санкцыі.
Для дасягненьня посьпеху неабходныя больш цэласныя меры па аказаньні падтрымкі, лічыць Нуланд.
«Мы ня бачым, каб лібэральны сьвет на чале з ЗША і ЭЗ аб’яднаўся вакол выпрацоўкі комплекснага пакету захадаў па падтрымцы Беларусі, які быў бы накіраваны на паўторнае правядзеньне празрыстых выбараў пры ўдзеле міжнародных назіральнікаў ці назіральнікаў АБСЭ, — сказала Нуланд. — Мы маглі б лёгка выпрацаваць эканамічны пакет падтрымкі, які быў бы напагатове для пасьлявыбарчага пэрыяду ў Беларусі. Магчыма, гэта не спрацуе, але мы і не даем ім [народу Беларусі] такой пэрспэктывы».