Настаўнікаў у школах стала больш, а студэнтаў у ВНУ — менш. Глядзім статыстыку ў адукацыі.
Садкі
На пачатак навучальнага году, у верасьні, у Беларусі было 3799 дзіцячых садкоў, якія наведвалі 424,1 тысячы дзяцей. За год да гэтага садкоў было на 1 меней, а дзяцей у іх на 12,5 тысячы болей. У садках стала працаваць болей выхавальнікаў: 57,5 тысячы супраць 56,9 тысячы ў 2019/2020 навучальным годзе. Садкі сёлета наведвае 85,3% дзяцей дашкольнага ўзросту.
Школы
Згодна са статыстыкай, за год зьменшылася на 11 агульная колькасьць школаў у Беларусі. У мінулым навучальным годзе іх было 3020, а сёлета — 3009. У школах вучацца 1,1 мільёна чалавек, гэта на 2,6% болей, чым у мінулым навучальным годзе.
На 200 чалавек вырасла і колькасьць настаўнікаў, якія працуюць у школах. На аднаго настаўніка прыпадае 10 вучняў: 11 у гарадзкіх школах і 5 — у вясковых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У новым рэйтынгу чалавечага разьвіцьця Беларусь здала тры пазыцыі
Унівэрсытэты
Колькасьць унівэрсытэтаў за год зьменшылася на 1: калі ў мінулым навучальным годзе іх было 51, то цяпер 50. Студэнтаў стала на 6,5 тысячы меней: у мінулым навучальным годзе (2019/2020) іх было 260,9 тысячы, а цяпер — 254,4 тысячы.
У 2020 годзе студэнтамі сталі 58,3 тысячы чалавек, годам раней — 60 тысяч. Сярод выпускнікоў у 2020 годзе больш за траціну (35%) складалі спэцыялісты эканамічнага профілю.
Сярэднія заробкі ў адукацыі
Сярэдні заробак у адукацыі ў 2020 годзе (студзень — лістапад) складаў 865 рублёў, у 2019 годзе — 774,3 рубля.
У рублях заробак вырас на 90,7 рубля. А вось у далярах заробак у адукацыі страціў 30 даляраў у параўнаньні з 2019 годам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што кажуць настаўнікі пра магчымасьць замены астраноміі на «Асновы праваслаўнай культуры»?
Траты дзяржавы на адукацыю
У гэтым годзе на адукацыю зь бюджэту плянуюць патраціць 1,2 мільярда рублёў, у мінулым годзе было 1,1 мільярда. На адукацыю ў 2019 годзе Беларусь траціла 4,9% ВУП. Гэта менш, чым ва Ўкраіне (6%), Кіргізстане (6,1%), Узбэкістане (6,6%), Малдове (5,8%).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская эканоміка мае сыстэмную ўразьлівасьць, якая пэрманэнтна спараджае крызісы», — Зьміцер Крук