Пасьля сутычак зь сілавікамі загінулі 15 асоб, а сотні чалавек атрымалі раненьні. Менш як праз год СССР распаўся, Літва аднавіла незалежнасьць, і цяпер 13 студзеня ў краіне — Дзень памяці абаронцаў свабоды.
Штурм тэлевежы і ўсё, што зь ім зьвязана, у літоўскай гісторыі мае назву Sausio įvykiai (Студзеньскія падзеі).
Ахвяры штурму
Усяго 13 студзеня было забіта 14 абаронцаў вежы: Ларэта Асанавічуце, Віргініюс Друскіс, Дар’юс Гярбутавічус, Раландас Янкаўскас, Рымантас Юкнявічус, Альвідас Канапінскас, Альгімантас Пятрас Кавалюкас, Вітаўтас Канцявічус, Відас Мацюлявічус, Цітас Масюліс, Альвідас Матулка, Апалінарас Юозас Павілайціс, Ігнас Шымулёніс і Вітаўтас Вайткус. Таксама загінуў лейтэнант Віктар Шаткіч, які атрымаў стрэл у сьпіну з адлегласьці 5 см. Паводле адной з вэрсій, яго забілі самі савецкія сілавікі за адмову адкрыць агонь па дэманстрантах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва. Ваяўнічая сіла супраць народуРэакцыя зь Беларусі
На крывавыя падзеі каля віленскай тэлевежы была і рэакцыя зь Беларусі. Дзеяньні Крамля асудзілі пісьменьнік Васіль Быкаў і апазыцыя БНФ, яны рашуча выступілі ў падтрымку літоўцаў. Пазьней беларускі Вярхоўны Савет таксама асудзіў прымяненьне сілы.
Што расказвалі беларускія сьведкі падзей
Беларусы ўдзельнічалі і ў абароне тэлевежы. Прычым як тыя, хто стала жыў у Літве, так і менчукі. Адным з абаронцаў тэлевежы быў Сяргей Дубавец, узнагароджаны мэдалём Літвы «13 студзеня» за «адвагу і самаадданасьць, праяўленыя пры абароне незалежнасьці Літвы».
Вакол будынку літоўскага парлямэнту было шматлюдна, народ выйшаў падтрымаць Вярхоўны Савет Літвы, які 11 сакавіка 1990 году прыняў Акт аднаўленьня незалежнасьці.
Журналіст, а тады дэпутат Вярхоўнага Савету ад апазыцыі БНФ Сяргей Навумчык у сваёй кнізе «Дзевяноста першы» згадвае, як быў шакаваны прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў жаданьнем Літвы стаць цалкам незалежнай.
«„Вы ж хочаце жыць у абноўленым Саюзе?“ — запытаў Гарбачоў на вуліцы ў звычайных людзей, перад якімі спыніўся ягоны картэж. „Не!“ — хорам адказалі літоўцы».
Таксама Навумчык узгадаў у кнізе атмасфэру ў Вільні ў тыя дні:
«Бэтонныя блёкі, барыкады з арматуры, вогнішчы, людзі трымаюцца за рукі і сьпяваюць песьні. Сярод жоўта-зялёна-чырвоных літоўскіх — і нашыя, бел-чырвона-белыя сьцягі».
Віленскі акружны суд, які вёў разгляд крымінальнай справы супраць савецкіх сілавікоў, у сваіх высновах адзначыў, што забойствы цывільных асобаў у час ваеннай апэрацыі былі «не выпадковымі злачынствамі, а пасьлядоўнай, загадзя сплянаванай і прадугледжанай часткай буйнамаштабнага і сыстэмнага нападу на мірных жыхароў для выкананьня палітыкі Савецкага Саюзу і яго партыйнай арганізацыі — камуністычнай партыі, мэтай якой было захаваць Літву ў складзе Савецкага Саюзу».
Рэакцыі ў Менску на запыты аб выдачы зь Вільні
Былога намесьніка міністра абароны Літвы Ўладзімера Ўсхопчыка ў Вільні завочна прыгаварылі да 14 гадоў пазбаўленьня волі па справе аб падзеях 13 студзеня 1991 году. Яго, як і шэраг іншых савецкіх службовых асобаў, суд прызнаў вінаватым у ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасьці.
Але Беларусь ужо ў часы Лукашэнкі ня выдала Ўсхопчыка на патрабаваньне Літвы. Сам Усхопчык называў дзеяньні сілавікоў «абаронай Канстытуцыі СССР», а выступленьні супраць савецкай улады — правакацыяй амэрыканскіх і эўрапейскіх спэцслужбаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне ня выдадуць», — былы намесьнік міністра абароны Беларусі, якога ў Літве прызналі ваенным злачынцамРазам з Усхопчыкам у 1991 годзе ў Беларусь зьехала рэдактарка газэты «Советская Литва» Станіслава Юонене, а таксама два лідэры кампартыі Літвы — Мікалас Буракявічус і Юозас Ярмалавічус. Двух апошніх арыштавалі ў Менску ў 1994-м і перадалі літоўскім уладам. Аднак пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады падобнае супрацоўніцтва з праваахоўнікамі Літвы спынілася, што і ўратавала Ўсхопчыка ад арышту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Беларусі «выкрадалі» літоўскіх камуністаў, альбо пра што не прыгадала «СБ»У Расеі ў адказ на прысуд пачалі крымінальную справу супраць судзьдзяў, якія выносілі вырак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт Расеі завочна выставіў абвінавачаньні супраць судзьдзяў у Літве за прысуд у справе падзеяў 1991 году ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва адказала Расеі на перасьлед пракурораў і судзьдзяў, якія займаюцца справай пра гібель людзей каля Віленскага тэлецэнтруЛандсбергіс: Гэта яны павінны выйсьці зь Літвы
Старшыня Рады сойму грамадзка-палітычнага незалежніцкага руху «Саюдзіс» Вітаўтас Ландсбергіс у размове са Свабодай у 2016 годзе сказаў:
«Нас папракалі, што мы хочам выйсьці з Савецкага Саюзу. Наша пазыцыя была — гэта яны павінны выйсьці зь Літвы».
13 студзеня 2021 году, на 30-я ўгодкі падзей вакол Віленскай тэлевежы, грамадзкая арганізацыя Blue/Yellow у супрацы зь Літоўскай тэлевізіяй LRT TV і прадусарскай кампаніяй TymDrym заплянавала дабрачынную акцыю «Разам да перамогі». Акцыя прысьвечаная Ўкраіне, якая ўжо 7 год вядзе вайну супраць расейскіх агрэсараў, а таксама Беларусі, чый народ змагаецца за свабоду ад дыктатуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Разам да перамогі». Дабрачынная акцыя Літоўскай тэлевізіі ў падтрымку беларусаў і ўкраінцаў