Раней, калі ўлады праводзілі Ўсебеларускі народны сход (УНС), яны спрабавалі рабіць хоць нейкую імітацыю народнага прадстаўніцтва. А цяпер нават на імітацыю не рызыкнулі.
Сьцісла
- За ўсе гады лукашэнкаўскага рэжыму ніколі не было такога моцнага кантрасту, разрыву паміж афіцыйнай рыторыкай і рэальнасьцю.
- Працоўныя калектывы як суб’екты выбару «дэлегатаў» ня згадваюцца.
- Цяпер нават на імітацыю не рызыкнулі, бо ёсьць рызыка, што праз працоўныя калектывы на УНС могуць прасачыцца нядобранадзейныя грамадзяне.
- Незразумела, які цяпер увогуле сэнс у гэтым УНС.
На тле аблаваў па менскіх дварах, пагромаў дэмакратычных арганізацый і актывістаў у краіне абвешчаны год народнага адзінства. Нібы насьміхаючыся са здаровага сэнсу. За ўсе гады лукашэнкаўскага рэжыму ніколі не было такога моцнага кантрасту, разрыву паміж афіцыйнай рыторыкай і рэальнасьцю. Па ўзроўні дэмагогіі такая практыка нагадвае сталінскія часы, калі на тле масавай кампаніі выкрываньня «ворагаў народу» газэты пісалі пра «непарушнае адзінства савецкага народу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ня значыць, што там будуць адны „ябацькі“», — Лукашэнка пра Ўсебеларускі сходУ тым жа рэчышчы варта разглядаць і ўвесь праект, зьвязаны з Усебеларускім народным сходам. Улады падаюць яго як выразьнік волі народу. Аднак насамрэч тут зноў кантраст паміж афіцыёзнай рыторыкай і рэальнасьцю, прычым яшчэ большы, чым дагэтуль.
Раней, калі ўлады праводзілі Ўсебеларускі народны сход, яны спрабавалі рабіць хоць нейкую імітацыю народнага прадстаўніцтва. На некаторых прадпрыемствах ладзіліся фармальныя сходы, на якіх нібыта выбіралі дэлегатаў на УНС ці ўпаўнаважаных на раённы сход, гэта паказвалі па БТ.
Цяпер жа, паводле БелТА, якое раскрывае зьмест указу № 492 аб правядзеньні УНС, працоўныя калектывы як суб’екты выбару «дэлегатаў» ня згадваюцца. Прадстаўнікі на УНС выбіраюцца «раённымі і гарадзкімі Саветамі дэпутатаў і найбольш шматлікімі грамадзкімі аб’яднаньнямі». То бок — ФПБ, БРСМ, «Белай Русьсю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка: «Мы павінны рыхтавацца да масавай акцыі пратэсту». ВІДЭАГэта значыць, што цяпер нават на імітацыю не рызыкнулі. Бо ёсьць рызыка, што праз працоўныя калектывы на УНС могуць пратачыцца нядобранадзейныя грамадзяне. Вось жа на праўладным мітынгу на Плошчы Незалежнасьці 16 жніўня адзін выступоўца даволі крытычна ацаніў паводзіны ўлады. Відаць, у сьпешцы не пралічылі ўсіх. А УНС трэба зрабіць стэрыльным. Таму не да гульні ў дэмакратыю.
Іншая справа, які ўвогуле сэнс у гэтым УНС? Ад таго, каб прыняць на ім новую Канстытуцыю, Лукашэнка, паводле ягоных словаў, адмовіўся. Тады навошта? Прыняць пяцігадовы плян? Каму і навошта гэта патрэбна? Плян мінулай пяцігодкі правалены. Тут бюджэт і плян на 2021 год зь цяжкасьцю прынялі, і то ў апошні момант. Бо эканамічная сытуацыя вельмі няпэўная. На ўнутраную аўдыторыю гэта ніяк не паўплывае. Хутчэй стане дадатковым раздражняльнікам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці падмане Лукашэнка Пуціна?Магчымым адрасатам гэтага спэктакля аднаго актора можа быць Масква. Маўляў, глядзіце, я выконваю абяцаньні, дадзеныя ў Сочы, вяду дыялёг з народам. Верагодна, Крэмль гатовы прыняць і прызнаць гэтую імітацыю, хоць і разумее ўсю фарсавасьць і дэкаратыўнасьць згаданай інсцэніроўкі. Але толькі як першую дзею, за якой павінны адбыцца нейкія іншыя, больш рэальныя крокі.
Увогуле, падаецца, што сёньня гэты УНС для Лукашэнкі — нейкі чамадан бяз ручкі. І кінуць шкада, і несьці незразумела навошта. Здаецца, проста Лукашэнка лічыць, што калі парушыць даўно заведзеную традыцыю і цяпер не праводзіць УНС, то намэнклятура і ягоныя нешматлікія прыхільнікі падумаюць, што ў краіне нешта ня так, нейкі непарадак. Таму з дапамогай гэтага сходу трэба даказаць, што ў нас усё ў парадку, нічога незвычайнага не адбываецца. А рэвалюцыя 2020 году — гэта нейкі кароткі прыкры эпізод, які трэба хутчэй забыць.
Але адна справа, калі ўзгаданы вышэй кантраст паміж рыторыкай і рэальнасьцю існуе толькі ў прапагандысцкай плашчыні. Значна горш, калі ён адлюстроўвае сапраўдную карціну сьвету ў адной кіроўнай галаве.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.