Суд Маскоўскага раёну Берасьця 6 студзеня пастанавіў арыштаваць на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі актывіста грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэя Шарэнду.
На судовае пасяджэньне актывіст не прыйшоў, яго інтарэсы прадстаўляў адвакат.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Ўладзімер Вялічкін, суд прызнаў Шарэнду вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 8 лістапада ў Менску.
Падставай для прысуду стаў здымак у сацыяльнай сетцы з акцыі пратэсту.
Шарэнду затрымалі 29 сьнежня каля пад’езду ягонага дому за сьцяг на бальконе. Яго пасадзілі ў ізалятар, а 1 студзеня вынесьлі папярэджаньне — і зноў затрымалі. Гэтым разам яго абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 8 лістапада ў Менску.
Працэс пачаўся 4 студзеня. Шарэнда заявіў хадайніцтвы аб азнаямленьні з матэрыяламі справы і аб прадстаўленьні адваката. Судзьдзя пагадзіўся і да наступнага пасяджэньня, 6 студзеня, вызваліў актывіста з-пад варты.
Раней Андрэя Шарэнду неаднаразова судзілі за ўдзел у акцыях прыхільнікаў перамен і каралі адміністрацыйным арыштам.
3 студзеня ў кватэры Шарэнды прайшоў ператрус. Падчас яго затрымалі Паліну Шарэнду-Панасюк, жонку актывіста. Паводле папярэдніх зьвестак, нібыта за супраціў супрацоўніку міліцыі. Пасьля вызваленьня Андрэй Шарэнда расказаў тэлеканалу «Белсат», што на яго жонку завялі крымінальную справу.
Паліна таксама сябра «Эўрапейскай Беларусі». У сямʼі два сыны — 4 і 11 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усім паверхам крычалі: „Сыходзь!“». Як сьвяткавалі Новы год у турмах ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 84-гадовага Яна Грыба аштрафавалі на 1160 рублёў, ён адмовіўся заходзіць у залю паседжаньняў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За раніцу вынесьлі тры крымінальныя прысуды: за рассыпаныя шрубы, падпал сьцяга і паклёп на амапаўца