Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За раніцу вынесьлі тры крымінальныя прысуды: за рассыпаныя шрубы, падпал сьцяга і паклёп на амапаўца


У Берасьці асудзілі за паклёп 28-гадовага Максіма Сьмірнова.

Ён зрабіў у «Тэлеграме» рэпост допісу пра камандзіра атраду берасьцейскага атраду АМАП Максіма Міховіча. Паводле абвінавачаньня, у допісе былі хлусьлівыя зьвесткі, якія ганьбілі супрацоўніка міліцыі.

Судзьдзя Яўген Брэган пакараў Максіма Сьмірнова двума гадамі «хатняй хіміі» — абмежаваньнем волі без накіраваньня ў выпраўленчую ўстанову, паведаміла «Вясна».

2 кастрычніка Эўразьвяз уключыў Максіма Міховіча ў санкцыйны сьпіс. 30 сьнежня Міховіча ўзнагародзіў Лукашэнка.

У Берасьці за зьнявагу дзяржаўнага сьцяга асудзілі 17-гадовага Арцёма Зелянкова.

27 верасьня ў цэнтры Берасьця ён спрабаваў падпаліць чырвона-зялёны сьцяг, а калі гэта не атрымалася, пачаў ірваць яго.

Судзьдзя Дзьмітры Шурын пакараў юнака 6 месяцамі «хатняй хіміі», паведаміла «Вясна».

У Слуцку за раскіданыя каля РУУС шрубы вынесьлі прысуд 34-гадоваму грамадзяніну А.

4 жніўня ён нападпітку рассыпаў шрубы каля тутэйшага пастарунку «з мэтай пашкодзіць колы службовага транспарту».

Пракурор прапанаваў адправіць случака на паўтара гады «хатняй хіміі», але судзьдзя Аляксандар Шутко вынес больш жорсткі прысуд — 1 год «хіміі», то бок з накіраваньнем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, паведаміла «Інфа-курʼер».

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG