Чым небясьпечны Ўсебеларускі народны сход
Ёсьць абсалютна зразумелыя прыкметы антыканстытуцыйных дзеяньняў з боку нелегітымнай улады і фактычна канстытуцыйнага перавароту. Ён можа быць ажыцьцёўлены з выкарыстаньнем інструмэнтаў так званага Ўсебеларускага народнага сходу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2700 удзельнікаў: Лукашэнка падпісаў указ аб скліканьні VI Усебеларускага народнага сходуАдзін раз Лукашэнка казаў, што там будуць разглядацца зьмены ў Канстытуцыю, цяпер ён кажа, што ніякія пытаньні Канстытуцыі ня будуць там абмяркоўвацца. Усе гэтыя выказваньні нелягічныя і супярэчлівыя. У дзяржаўных СМІ праўладныя экспэрты працягваюць гаварыць пра ўсеагульны беларускі дыялёг, накіраваны на тое, каб унесьці зьмены ў Канстытуцыю. Адбываліся сустрэчы на грамадзкіх дыскусійных пляцоўках, у якіх, дарэчы, прымаць удзел маглі толькі людзі, вызначаныя ўладай. Усё гэта дае нам падставы меркаваць, што падчас так званага Ўсебеларускага народнага сходу могуць быць разгледжаныя пытаньні будучай Канстытуцыі або наданьня сходу статусу канстытуцыйнага органу. Усё гэта стварае пагрозу канстытуцыйнага перавароту ў Беларусі.
Навошта гэта Лукашэнку, калі ёсьць ляяльны Нацыянальны сход
Гэта вынікае з Канстытуцыі і законаў. Тыя разьдзелы, якія тычацца органаў улады, могуць зьмяніцца толькі шляхам рэфэрэндуму. Калі б Лукашэнка на гэта пайшоў, то мы разумеем, якія б былі вынікі. Па-першае, яму б не ўдалося арганізаваць камісіі. Таксама трэба сфармаваць новы Цэнтравыбаркам. Ярмошынай і раней не было веры, а цяпер і ўвогуле ня можа быць. Таму ажыцьцявіць зьмены ў Канстытуцыю праз Палату Прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі не атрымаецца.
Лукашэнка выконвае даручэньні, якія былі яму дадзены падчас сустрэчы з Пуціным. Ён прыняў абавязаньні распачаць грамадзкі дыялёг, каб прыйсьці да зьмены Канстытуцыі. А гэта фэйк, гульня ў дыялёг. Ён паспрабуе прадаць яго расейскім партнэрам і Захаду. Прадаць гэты фэйк беларускаму грамадзтву яму ня ўдасца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ня значыць, што там будуць адны „ябацькі“», — Лукашэнка пра Ўсебеларускі сходЧаму Ўсебеларускі сход можна лічыць нелегітымным
Нават калі глядзець на ранейшыя Ўсебеларускія сходы, то цяпер упершыню парушаецца закон аб рэспубліканскіх сходах, прынцып абраньня дэлегатаў. Фактычна самі дэпутаты выбіраюць дэлегатаў сярод дэпутатаў. Гэта законам не прадугледжана. Не адбываюцца агульныя сходы, на якіх павінны абірацца дэлегаты. Дзяржаўныя чыноўнікі загадзя ўзгаднілі сьпісы ўдзельнікаў. Дзяржаўныя арганізацыі вылучаюць сваіх.
Мы павінны данесьці да дэлегатаў, што калі падчас гэтага сходу будуць разглядацца пытаньні пра зьмены Канстытуцыі, канстытуцыйнага ладу, легітымізацыі ўлады Лукашэнкі, то ўсё гэта падпадае пад артыкул 190 КК РБ. У будучым яны могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці.
Па сутнасьці, гэта будзе сход чыноўнікаў або людзей, набліжаных да дыктатарскай сыстэмы, якія будуць мець на мэце легітымізацыю Лукашэнкі пасьля фальсыфікацыі выбараў, яго крымінальнай дзейнасьці, зьвязанай з забойствамі і рэпрэсіямі. Гэта ўсё парушэньне нават таго заканадаўства, якое цяпер ёсьць у краіне.
Мэта Лукашэнкі — захавацца ва ўладзе. Ён проста зацягвае працэс, каб застацца ва ўладзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сакрэт Усебеларускага народнага сходуЦі варта апанэнтам улады спрабаваць трапіць на сход
Падыход, які абраны сыстэмай па вылучэньні дэлегатаў, блякуе такую магчымасьць. Нават калі ў некага і зьявіцца ідэя паўдзельнічаць у гэтым працэсе і прыняць удзел у сходзе або вылучыцца ад арганізацыі, установы ці калектыву, — гэта нерэальна.
Зь іншага боку, прымаць удзел у працэсе, які парушае Канстытуцыю і закон, у працэсе, які легітымізуе прававы дэфолт — гэта палітычнае самагубства.
Навошта ўладзе ператвараць Усебеларускі сход у канстытуцыйны орган
Зацягнуць працэс. Зьвярнуць увагу грамадзтва на тое, што не зьяўляецца важным. Важна — спыніць гвалт і рэпрэсіі, прыцягнуць да адказнасьці ўсіх злачынцаў і правесьці дэмакратычныя выбары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці падмане Лукашэнка Пуціна?Які плян у апанэнтаў улады
Мы напрыканцы сьнежня прапанавалі штабу Сьвятланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай радзе правесьці сустрэчу, на якой выпрацаваць стратэгічны плян дзеяньняў на бліжэйшы час, каб дамагчыся мэтаў, якія паставіла беларускае грамадзтва.
Дваровыя акцыі працягваюцца. Вялікая павага гэтым людзям. Але мы павінны рыхтавацца да вялікай масавай акцыі. Хтосьці кажа — ці ёсьць сэнс паўтараць тое, што мы рабілі ўвосень? Ёсьць сэнс. Сытуацыя зусім іншая. Ужо новы парадак дня. Ужо новы дзень наступіў. І ў рамках гэтага новага дня мы павінны рыхтавацца да масавай акцыі пратэсту, але распрацаваць яе ў трохі іншым сцэнары. Які гэта будзе сцэнар? Я думаю, што гэта павінна быць нечаканым для ўлады.
Што тычыцца нашых дзеяньняў, зьвязаных з Усебеларускім народным сходам, то ў бліжэйшыя дні мы апублікуем узгодненую з усімі цэнтрамі пазыцыю і прадставім яе грамадзкасьці. Мы павінны дэлегітымізаваць гэтае мерапрыемства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія паўнамоцтвы мае Ўсебеларускі народны сход і ці можа ён мяняць Канстытуцыю?