Як зьбіраецца мяняць Канстытуцыю Лукашэнка? Ці можа пратэст скарыстацца Ўсебеларускім сходам? Ці даможацца Расея сваіх мэтаў наконт канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі?
Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч і публіцыст, паліттэхноляг Аляксандар Фядута.
Казакевіч
- Дыскусія пра новую Канстытуцыю вядзецца ўладамі ўжо некалькі гадоў. Аднак новую візію Лукашэнка сфармуляваць ня можа.
- Яго юрысты яму нешта прапаноўваюць, але ён ня можа вырашыць, што яму з гэтым рабіць.
- Тая самая сытуацыя — з Усебеларускім народным сходам.
- Каб вырашыць цяперашні палітычны крызіс, трэба нешта істотна мяняць. А мяняць нічога ня хочацца.
- Ёсьць экзатычныя варыянты з ператварэньнем Усебеларускага сходу ў канстытуцыйны орган.
- У Расеі шмат мэханізмаў, каб паўплываць на Беларусь. Але рабіць нешта радыкальнае яна ня хоча, бо гэта дадатковыя рызыкі і праблемы.
- Лукашэнку далі ў Маскве даволі шырокі калідор магчымасьцяў, але плян ён павінен выконваць.
- У верасьні было паведамленьне пра тое, што Менск падаў у АБСЭ плян, паводле якога ў 2021 годзе пройдзе рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі.
- Калі гэта ня будзе зроблена, ціск з боку Масквы істотна ўзмоцніцца.
- Разьлік Лукашэнкі на тое, што зараз ён супакоіць грамадзтва, а потым забалбоча пытаньне аб канстытуцыйнай рэформе.
- І Захад, і Расея рэагавалі на беларускі палітычны крызіс — мусіць адбыцца інклюзіўны палітычны дыялёг. Не рэвалюцыя, а дыялёг.
- Нейкае прымірэньне — гэта неабходная ўмова для вырашэньня палітычнага крызісу.
- Мяркую, што без вызваленьня палітвязьняў, спыненьня гвалту і мінімальных дамоўленасьцяў з асноўнымі гульцамі ніякая рэформа ня будзе прынятая грамадзтвам.
- Калі зараз назіраецца пэўная стабілізацыя сытуацыі на карысьць улады, гэта ня значыць, што яна будзе такой жа ўвесну, улетку, увосень.
- Найбольш імаверны вынік — гэта ўсё ж дыялёг, калі сама ўлада стоміцца ад супрацьстаяньня.
- Эканамічная сытуацыя — не такая, каб пратэст можна было заліць грашыма.
Фядута
- Ні пратэстоўцы, ні Захад, ні нават Расея ня здольныя паўплываць на Лукашэнку.
- Ён разумее, што колькі ён захоча цягнуць гэтага ката за хвост, столькі і будзе цягнуць.
- Расея — той партнэр, якому трэба дэманстраваць хаця б добрую волю.
- 25 сьнежня ў Расеі выплюхнулі інфармацыю пра стварэньне прарасейскай партыі ў Беларусі.
- Гэта папярэджаньне Лукашэнку — альбо ты вытрымліваеш узгоднены графік, альбо мы пачынаем дзейнічаць самастойна.
- Пасьля гэтага Лукашэнка фактычна дэзавуяваў папярэднія пляны ператварэньня Ўсебеларускага сходу ў канстытуцыйны орган.
- Было сказана — не, мы будзем праводзіць рэфэрэндум. А калі? А калі народ сасьпее. А калі ён сасьпее? А невядома.
- Пуцін зьбіраецца адыходзіць ад спраў у 2024 годзе. Ён хоча перадаць іх пераемніку ў парадку. А Лукашэнка — гэта непарадак, бо яго рэжым не карыстаецца падтрымкай большасьці.
- Тыя крэдыты, якія былі выдзеленыя Беларусі — гэта не для ўмацаваньня нашага «зайчыка»-Лукашэнкі, а каб ён падсілкаваўся перад тым, як яму давядзецца адказваць на пытаньне, калі ён хоча, каб яго зьелі.
- Мы ня бачым ніводнага кроку з боку ўлады, які б сьведчыў пра тое, што рыхтуецца нейкая пляцоўка для дыялёгу з сапраўднымі апанэнтамі рэжыму.
- У выбарах варта было ўдзельнічаць, таму што гэта канстытуцыйная працэдура. У выпадку Ўсебеларускага сходу гэтага няма.
- Трэба весьці дыялёг зь сілавікамі і з тымі, хто стаіць за імі.
- Формула дыялёгу — не «пераможца атрымлівае ўсё», а «пераможаныя атрымліваюць пэўныя гарантыі ад пераможцаў». Гэта абмяркоўвалася ў Польшчы падчас «круглага стала» 1989 году.