Дакумэнт апублікаваны на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі.
Закон быў прыняты Дзяржаўнай Думай 23 сьнежня і ўхвалены Саветам Фэдэрацыі 25 сьнежня.
Ён закране, сярод іншага, YouTube, Twitter і Facebook і дазволіць «Роскомнадзору» блякаваць гэтыя рэсурсы поўнасьцю або часткова за «дыскрымінацыю ў дачыненьні да матэрыялаў расейскіх сродкаў масавай інфармацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўная Дума прыняла закон аб блякаваньні Facebook, YouTube і Twitter за мадэрацыю пастоў расейскіх СМІРашэньні аб мерах у адказ будуць узгадняцца з МЗС Расеі. Генэральны пракурор зможа прысвоіць уладальніку інфармацыйнага рэсурсу статус асобы, якая дапускае дыскрымінацыю супраць расейскіх СМІ, што будзе пагражаць інтэрнэт-плятформе санкцыямі. Законам прадугледжаныя магчымасьць блякаваньня, запаволеньня трафіку і адміністрацыйныя штрафы.
Блякаваньне будзе ініцыяваць Генэральная пракуратура пасьля ўзгадненьня з МЗС Расеі — у выпадку, калі ведамства вырашыць, што нейкія матэрыялы расейскіх мэдыя паніжаюцца ў выдачы або не публікуюцца замежнымі вэб-рэсурсамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін падпісаў закон аб вяртаньні выцьвярэзьнікаў. Могуць забраць пасьля келіха шампанскага і бяз згодыШтраф для інтэрнэт-плятформаў за цэнзуру ў дачыненьні да расейскіх СМІ будзе складаць ад некалькіх тысяч да 3 млн расейскіх рублёў ($40 000). Блякаваньне і запавольваньне трафіку могуць выкарыстоўвацца разам са штрафамі. Блякаваньне рэсурсу цалкам будзе залежаць ад магчымасьцяў самой плятформы.
«Роскомнадзор» заяўляў, што закон нібыта абароніць права на свабоду інфармацыі ў Расеі ў выпадках, калі замежныя сацсеткі наўмысна блякуюць акаўнты расейскай тэлевізіі або здымаюць з паказу фільмы, зробленыя расейскімі вытворцамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін падпісаў закон аб пажыцьцёвым сэнатарстве для былых прэзыдэнтаўПаводле зьвестак ведамства, у 2020 годзе нібыта «выяўлена 24 выпадкі „цэнзураваньня“ расейскіх СМІ з боку замежных інтэрнэт-кампаній»: на гэта скардзіліся дзяржаўныя Russia Today, РИА Новости, «Крым 24» і пракрамлёўскі журналіст Уладзімір Салаўёў. Пры гэтым замежныя рэсурсы адмаўлялі, што кантэнт пракрамлёўскіх расейскіх рэсурсаў цэнзуруецца або мэтанакіравана паніжаецца ў выдачы і рэйтынгах.