«Белфармацыя»: «Для платных паслуг мы пакуль нічога не закупляем»
Нягледзячы на абяцаньні Аляксандра Лукашэнкі забясьпечыць беларусаў прынамсі 5–6 відамі вакцын ад розных вытворцаў, пакуль беларусы могуць разьлічваць толькі на расейскую вакцыну «Спутник V».
Паводле міністра аховы здароўя Дзьмітрыя Піневіча, вакцынацыя ў Беларусі пачнецца з мэдыкаў не раней за другую палову студзеня. Да канца вясны плянуецца вакцынаваць ад COVID-19 звыш 1,2 мільёна чалавек. Міністар таксама адзначыў, што пытаньне татальнай імунізацыі не стаіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік САЗ: Каранавірус — гэта не апошняя пандэмія28 сьнежня адна з жыхарак Менску пазваніла ў аддзел лекавага забесьпячэньня і закупаў РУП «Белфармацыя». Там ёй паведамілі, што пакуль невядома, калі прышчапіцца зможа кожны ахвотны.
«Тое, што абяцалі ў студзені (пастаўкі расейскай вакцыны "Спутник V" для прышчэпак мэдработнікаў, іншых груп рызыкі), будзе не для платных паслуг. Мы пакуль нічога не купляем. Пакуль што не. Пакуль вакцыны недастатковая колькасьць выраблена, і няма магчымасьці закупляць», — сказалі ў «Белфармацыі».
На ўдакладняльнае пытаньне, ці вядзецца гаворка пра закуп імпартных вакцын, да прыкладу, фармацэўтычных кампаній Pfizer i BioNTech, якімі цяпер прышчапляюць у краінах Эўразьвязу, або амэрыканскай вакцыны Moderna, у Белфармацыі адказалі адмоўна.
«Не, пра гэта гаворкі пакуль не вядзецца, ніякіх перамоваў няма».
Недзяржаўныя кампаніі не дапускаюць да рынку антыковідных вакцын
Акрамя дзяржаўнага РУП «Белфармацыя», закупам выкцын — да прыкладу, супраць грыпу — займаецца сумеснае закрытае акцыянэрнае таварыства «Мэдвакс». Гэтая кампанія спэцыялізуецца на пастаўках арыгінальных лекаў, новых вакцын і прэпаратаў, сочыць за навінкамі на ўсясьветным фармацэўтычным рынку. «Мэдвакс» пастаўляе ў Беларусь францускую вакцыну ад грыпу «Ваксігрып Тэтра». Аднак закупляць імпартныя вакцыны ад каранавірусу «Мэдваксу» не дазваляюць.
«На жаль, нас пакуль не дапускаюць да рынку проціковідных вакцын. Прыярытэт аддаецца дзяржаве. Калі будзе закупляць, то толькі дзяржава, і "Белфармацыя" ў прыватнасьці.
Перамовы зь дзяржаўнымі структурамі вяліся, але вынікам перамоў стаў адказ, што закупам вакцын будзе займацца толькі дзяржава. Пакуль, на жаль, так», — сказалі ў аддзеле продажаў і закупаў «Мэдваксу».
У Ізраілі вакцынуюць мэдыкаў і старых
27 сьнежня аднамомантна ва ўсіх краінах Эўразьвязу пачалася вакцынацыя супраць каранавірусу. Пачалася вакцынацыя і ў Ізраілі. Свабода знайшла ў гэтай краіне беларуску, якая прышчапілася адной зь першых.
Інга Герынг скончыла Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт і цяпер працуе ў шпіталі «Ichilov Hospital». У першы дзень вакцынацыі ёй зрабілі прышчэпку.
Яна кажа, што ў першую чаргу вакцынацыю робяць мэдыкам і тым, каму больш за 60 гадоў.
«Вакцынацыя бясплатная і добраахвотная для тых, у каго ёсьць мэдычныя страхоўкі. Я працую ў шпіталі, і ў нас прапануюць прышчапляць нават членаў сям’і (праўда, пакуль толькі тых, каму больш за 60 гадоў). Ведаю, што ёсьць шпіталі, дзе прышчапляюць і тых, хто суправаджае старых людзей», — кажа Інга.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўразьвязе пачалася вакцынацыя ад каранавірусу новага тыпуУ Ізраілі вакцынацыю праводзяць прэпаратам ад Pfizer i BioNTech. Закупілі шмат дозаў, хопіць усім, кажа Інга. Пасьля мэдыкаў, студэнтаў мэдунівэрсытэтаў, пажылых людзей будуць прышчапляць настаўнікаў.
Вакцыну ўводзяць у плячо, як і процігрыпозную. Што да адчуваньняў, Інга кажа, што праз 4 гадзіны рука пры рухах пачала крыху балець.
«Максымум хваравітых адчуваньняў, боляў пры рухах было гадзін праз 12 пасьля прышчэпкі. На наступную раніцу адчувала таксама лёгкі дыскамфорт. Але праз суткі ўсё прайшло. Наступную прышчэпку рэкамэндуюць рабіць ужо ў другую руку», — тлумачыць Інга.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр амбасадар Беларусі ў ЗША Алег Краўчанка. У яго быў каранавірусДругую прышчэпку будуць рабіць на 21-ы дзень пасьля першай. Празь некалькі дзён пасьля другой прышчэпкі абяцаюць выдаць так званы «зялёны пашпарт» (даркон ярок).
«І гэта будзе пропускам у тэатры, рэстарацыі, на масавыя мерапрыемствы. І ня трэба будзе адседжваць карантын пасьля вяртаньня нават з краін «чырвонай зоны», — кажа беларуска Інга Герынг, якая працуе ў ізраільскім шпіталі.
А што ў суседзяў — у Літве і Польшчы?
У Польшчы прынята Нацыянальная праграма імунізацыі супраць COVID-19 (Narodowy Program Szczepień przeciw COVID-19).
Паводле праграмы, эфэктыўнымі прышчэпкамі неабходна забясьпечыць у дастатковай колькасьці і ў самым хуткім часе ўсіх ахвотных. Яны будуць бясплатныя, добраахвотныя і лёгка даступныя.
Цяпер пачаўся «нулявы этап»: прышчапляюць працаўнікоў сэктару аховы здароўя (у тым ліку тых, што практыкуюць у індывідуальным парадку), супрацоўнікаў дамоў састарэлых, а таксама аптэкараў, студэнтаў-мэдыкаў і выкладчыкаў мэдынстытутаў.
За першы дзень, 27 сьнежня, у 70 галоўных шпіталях Польшчы было ўведзена 10 тысяч дозаў вакцыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: беларусам дазволяць выкарыстаць ня толькі расейскую вакцыну ад каранавірусуПотым пачнецца першы этап вакцынацыі: будуць прышчапляць грамадзянаў найперш ад найстарэйшага ўзросту да 60-гадовых, а таксама вайскоўцаў і настаўнікаў.
Шэф канцылярыі польскага прэм’ера Міхал Павал Дворчык (Michał Paweł Dworczyk) заявіў, што польскія ўстановы аховы здароўя будуць рабіць 3,4 мільёна вакцынацый у месяц.
Спачатку будуць рабіць прышчэпкі вытворчасьці Pfizer i BioNTech. Частка вакцыны ўжо закуплена. Плянуецца закупіць вакцыны і ад іншых вытворцаў (Moderna альбо AstraZeneca), а потым, магчыма, зьявяцца і прэпараты польскай вытворчасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларусы перажылі пандэмію. Вынікі каранавіруснага годуУ першы дзень вакцынацыі 27 сьнежня ў Літве было прышчэплена ў розных гарадах 2270 мэдыкаў. Усіх мэдыкаў Літвы абяцаюць прышчапіць у першым квартале 2021 году.
Літва заключыла пагадненьні з шасьцю вытворцамі вакцын і хоча набыць больш за 7 мільёнаў дозаў. Гэтага павінна хапіць для 70% жыхароў краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь заплянавала вытворчасьць расейскай вакцыны ад COVID-19 на сваёй тэрыторыі28 сьнежня ў міжнародны віленскі аэрапорт даставілі другую партыю вакцыны кампаній BioNTech и Pfizer — яшчэ 10 725 дозаў. Вакцыну адразу накіравалі ў сховішча Цэнтру экстрэмальных сытуацый у сфэры аховы здароўя і зьмясьцілі ў адмысловыя лядоўні, дзе яе будуць захоўваць пры тэмпэратуры мінус 75 градусаў.
Гэтую вакцыну плянуюць выкарыстаць для другой вакцынацыі мэдыкаў, якія ўжо прышчэпленыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь заплянавала вытворчасьць расейскай вакцыны ад COVID-19 на сваёй тэрыторыі