Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік САЗ: Каранавірус — гэта не апошняя пандэмія


Тэдрас Аданом Гебрэесус
Тэдрас Аданом Гебрэесус

Цяперашняя пандэмія COVID-19 ня стане апошняй, лічыць генэральны дырэктар Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) Тэдрас Аданом Гебрэесус.

«Гісторыя вучыць нас, што гэта не апошняя пандэмія і што эпідэміі — гэта частка жыцьця», — заявіў Гебрэесус 26 сьнежня.

Яго словы прыводзіць «Нямецкая хваля».

Паводле кіраўніка САЗ, павелічэньне інвэстыцыяў у сыстэмы аховы здароўя, якое будзе ажыцьцяўляцца пры падтрымцы ўрадаў і грамадзтваў, паспрыяе таму, што «нашы дзеці і іх дзеці атрымаюць у спадчыну больш надзейны і ўстойлівы сьвет».

За мінулыя 12 месяцаў каранавірус «паставіў сьвет з ног на галаву» і прынёс «далёкасяжныя наступствы» для грамадзтва і эканомікі, падкрэсьліў Гебрэесус.

Ён нагадаў, што пра магчымасьць пандэміі папярэджвалі за колькі гадоў да яе. «Мы павінны вынесьці ўрок з таго, што адбылося», — заклікаў генэральны дырэктар САЗ. Ён адзначыў, што краінам неабходна лепш падрыхтавацца да надзвычайных сытуацыяў, і гэта тычыцца ня толькі сэктару аховы здароўя.

Ад пачатку пандэміі ў сьвеце выявілі больш за 80 мільёнаў чалавек, інфікаваных каранавірусам. Ад наступстваў COVID-19 ва ўсім сьвеце памерлі 1,76 мільёна чалавек. Ачунялі каля 57 мільёнаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG