Навукоўцы першапачаткова лічылі, што ад 60 да 70 адсоткаў насельніцтва павінны мець устойлівасьць да каранавірусу, каб пандэмія скончылася. Цяпер амэрыканскі інфэкцыяніст Энтані Фаўчы і іншыя лекары сталі павялічваць гэтую лічбу, піша The New York Times.
Ад пачатку пандэміі лічба перахварэлых у 60-70 адсоткаў для калектыўнага імунітэту агучваецца Сусьветнай арганізацыяй здароўя і часта паўтараецца пры абмеркаваньні будучыні пандэміі.
Пра што кажа Энтані Фаўчы
Нядаўна чалавек, да якога мільёны амэрыканцаў і людзей зь іншых краін зьвяртаюцца па параду — доктар Энтані Фаўчы, пачаў паступова павышаць ацэнку лічбаў калектыўнага імунітэту.
У першыя дні пандэміі Фаўчы прыводзіў тыя ж ацэнкі, што і большасьць экспэртаў — ад 60 да 70 адсоткаў. Каля месяца таму ў тэлеінтэрвію Фаўчы сказаў пра 70-75 адсоткаў. А на мінулым тыдні ў інтэрвію CNBC News Фаўчы ўжо заявіў пра 75-85 адсоткаў.
У тэлефонным інтэрвію на наступны дзень доктар Фаўчы прызнаў, што павольна, але сьвядома падвышае лічбы. Паводле яго слоў, ён робіць гэта, грунтуючыся на новых навуковых дадзеных і на інтуітыўным адчуваньні, што людзі нарэшце гатовая пачуць суровую праўду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Варыянт брытанскага каранавірусу: што мы ведаем пра ягоПаводле доктара Фаўчы, хоць гэта і цяжка чуць, ён лічыць, што для спыненьня распаўсюджваньня вірусу можа спатрэбіцца каля 90 адсоткаў імунітэту — амаль столькі ж, колькі неабходна, каб спыніць успышку адзёру.
Фаўчы дадае, што цяпер, калі апытаньні паказваюць, што значна больш людзей гатовыя і нават хочуць атрымаць вакцыну, можна не баяцца казаць, што вяртаньне да нармальнага жыцьця можа заняць больш часу, чым чакалася.
Меркаваньні экспэртаў
The New York Times папрасіла вядомых эпідэміёлягаў краіны пракамэнтаваць словы доктара Фаўчы. Большасьць заявілі, што Фаўчы мае рацыю.
Паводле амэрыканскіх інфэкцыяністаў, раньнія прагнозы наконт 60-70 адсоткаў былі занадта нізкія. Цяпер вірус робіцца ўсё больш кантагіёзным (г. зн. усё больш лёгкім у перадачы), таму спатрэбіцца больш высокі калектыўны імунітэт, каб спыніць хваробу.
Каранавірус як адзёр
Канатгіёзнасьць адзёру многія навукоўцы сёньня параўноўваюць з каранавірусам.
Адзёр лічыцца самай заразнай хваробай у сьвеце. Яго вірус можа гадзінамі трымацца ў паветры ці вандраваць па вэнтыляцыйных трубах, заражаючы людзей у іншых пакоях. Паводле некаторых дасьледаваньняў, у перапоўненых вайсковых бараках і студэнцкіх інтэрнатах адзёр перадаваўся да таго часу, пакуль ім не заразіліся больш за 95 адсоткаў усіх жыхароў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лекары думалі, што COVID-19 даволі бясшкодны для маладых людзей. Яны памылялісяЭксперты ў галіне аховы здароўя адзначаюць, што першапачатковыя заявы, што для спыненьня хваробы спатрэбіцца, каб 60-70 працэнтаў чалавечай папуляцыі перахварэлі на COVID-19, грунтаваліся на раньніх дадзеных з Кітаю і Італіі.
Чатыры зь пяці
Эпідэміёлягі, якія назіралі за тым, як хутка падвойваюцца выпадкі падчас эпідэміі, падлічылі, што рэпрадуктыўная лічба вірусу (або R0 — паказьнік, колькі новых ахвяр заразіў кожны носьбіт) была каля 3. Такім чынам, дзьве з трох патэнцыйных ахвяр павінны былі стаць імуннымі, перш чым кожны носьбіт заразіць менш за адну асобу, і ўспышка паступова згасьне.
Пазьней стала зразумела, што так званыя супэрраспаўсюджвальныя падзеі, калі адзін чалавек заражае дзесяткі або сотні іншых, адыгралі вялікую ролю ў пандэміі COVID-19. Экспэрты лічаць, што такія мерапрыемствы, калі ніхто ня носіць маскі і ўсе наведваюць вечарынкі, спартовыя турніры і канцэрты, могуць прывесьці да павелічэньня колькасьці рэпрадукцый да 4, 5 і нават да 6.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Які насамрэч павінен быць пэрыяд ізаляцыі для людзей з COVID-19Такія сцэнары патрабуюць больш высокага калектыўнага імунітэту. Напрыклад, пры R0, роўным 5, больш за чатыры зь пяці чалавек (або 80 адсоткаў) павінны мець імунітэт, каб запаволіць распаўсюджваньне вірусу.
Таму спэцыялісты ўсё больш схіляюцца да высновы, што ўзровень калектыўнага імунітэту, неабходны для спыненьня пандэміі COVID-19, можа складаць 85, 90 і болей адсоткаў.
Вакцына як паратунак
І ўсё больш надзей ускладаецца на вакцыну. Вось што кажа эпідэміёляг з Гарвардзкага ўнівэрсытэту доктар Марк Ліпсыч:
«Нам неабавязкова мець нулявую перадачу, каб мець спакойнае жыцьцё. У нас шмат хваробаў, такіх як грып, што перадаюцца пастаянна, і мы не закрываем праз гэта краіны. Калі мы зможам вакцынаваць амаль усіх людзей зь ліку тых, хто найбольш рызыкуе атрымаць цяжкі зыход, гэтае захворваньне стане больш лёгкім».