Парлямэнт Вэнэсуэлы вырашыў пасьля новых выбараў працаваць у старым складзе

Старшыня Нацыянальнай асамблеі Вэнэсуэлы Хуан Гуайдо, якога многія дзяржавы сьвету лічаць дзейным прэзыдэнтам краіны, заявіў, што апазыцыя адмаўляецца прызнаваць вынікі парлямэнцкіх выбараў, якія адбыліся 6 сьнежня.

Нацыянальная асамблея мае намер працягнуць працу ў старым складзе да правядзеньня ў краіне свабоднага галасаваньня, заявіў ён у сваім Твітэры.

Паводле афіцыйных вынікаў, на выбарах 6 сьнежня 69% галасоў атрымала Адзіная сацыялістычная партыя Вэнэсуэлы і яе саюзьнікі. Гэтыя палітычныя сілы атрымалі 253 з 277 месцаў у парлямэнце. З пункту гледжаньня афіцыйнага Каракасу, гэта вяртае кантроль над парлямэнтам прэзыдэнту Нікаласу Мадура, легітымнасьць якога не прызнаецца значнай часткай сусьветнай супольнасьці. Новы склад парлямэнту мае пачаць працу 5 студзеня.

Больш за дваццаць апазыцыйных партый байкатавалі выбары, апазыцыйныя кандыдаты, якія праігнаравалі рашэньне аб байкоце, атрымалі 18% галасоў. Гэта значна менш, чым на папярэдніх выбарах 2015 году, калі за апазыцыю прагаласавала 56% выбарнікаў і яна атрымала кантроль над парлямэнтам.

Вынікі сёлетняга галасаваньня 6 сьнежня, яўка на якое, паводле афіцыйных дадзеных, склала толькі 30,5%, таксама не прызнаюцца шэрагам дзяржаваў. Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо ў Твітэры назваў галасаваньне «электаральным махлярствам».

Міністар замежных справаў Бразыліі Эрнэста Араужу заявіў, што галасаваньне было «выбарчым фарсам». Вынікі не прызнаюць Арганізацыя амэрыканскіх дзяржаваў і Канада.

Вэнэсуэла некалькі гадоў перажывае глыбокі палітычны і эканамічны крызіс. Нацыяналізацыя нафтавых кампаній і падзеньне цэнаў на паліва разбурыла эканоміку краіны. Нягледзячы на найбуйнейшыя запасы нафты ў сьвеце яе здабыча ў краіне трымаецца на гістарычным мінімуме.

У 2018 годзе інфляцыя ў Вэнэсуэле, паводле розных ацэнак, склала ад 65 тысяч да 1,3 мільёна працэнтаў. Апазыцыя патрабуе адстаўкі сацыялістычнага ўраду, пры якім гэта адбылося, і абвінавачвае яго ва ўзурпацыі ўлады.