«У Маскве шукаюць альтэрнатыву Лукашэнку». Дарадца Ціханоўскай — пра магчымае стварэньне прарасейскай партыі

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін, люьы 2020

Выданьне The Insider расказала пра пляны Крамля стварыць у Беларусі сваю партыю пад назвай «Права народу».

Пра гэта журналіст каналу «Настоящее время» Ігар Сяўругін гутарыць з дарадцам Сьвятланы Ціханоўскай у міжнародных пытаньнях Францішкам Вячоркам.

— Што вы са сваіх крыніц ведаеце пра магчымасьць стварэньня Крамлём у Беларусі нейкай палітычнай партыі?

— Аб стварэньні прарасейскай партыі ўжо некалькі месяцаў кажуць мэдыі і телеграм-каналы. Пра неабходнасьць кажуць таксама ў Маскве і экспэртных цэнтрах. Тое, што зараз адбываецца, гэта вынік працяглых палітычных дыскусій пра тое, як Расея можа захаваць свой уплыў нават пры ўмове сыходу Лукашэнкі. І гэтая партыя, пра якую мы пачулі, гэта ня першая. У кастрычніку і лістападзе ўжо стваралі лідэры «Румола» партыю «Радзіма», партыю «Саюз». І зараз гэта новы рух, які хоча атрымаць нейкім чынам падтрымку Масквы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Insider расказаў пра расейскія пляны наконт Беларусі без Лукашэнкі

— Але нават калі выказаць здагадку, што Крэмль таемна стварае партыю ў Беларусі, дык Лукашэнка досыць лёгка можа на старце любую такую палітычную сілу разбурыць і нават да рэгістрацыі не дапусьціць. Хіба не?

— Абсалютна так. Толькі калі няма дамовы паміж Масквой і Лукашэнкам пра тое, што такія партыі возьмуць удзел у будучых парлямэнцкіх выбарах.

— А вы думаеце, яны дамаўляюцца паміж сабой пра гэта?

Франак Вячорка

— Я думаю, тое, што адбываецца за кулісамі, гэта менавіта размовы пра спосабы захаваньня Пуціным уплыву на Беларусь. Зразумела, што Лукашэнка не задавальняе ні Крэмль, ні Захад, ні беларускае грамадзтва. І таму яны шукаюць нейкія шляхі адыходу, нейкія магчымыя трансфармацыі. Што да расейскіх арганізацый, пракрамлёўскія сілы будуць прысутнічаць у гэтым полі. Але тое, што гэта інсьпіруе і арганізоўвае Крэмль наўпрост, я ў гэтым ня ўпэўнены. Усе гэтыя дакумэнты, якія зьлітыя ў The Insider, выглядаюць трошкі несур’ёзна, непадрыхтавана. Магчыма, гэта проста ініцыятыва нейкіх прарасейскіх актывістаў з мэтай атрымаць нейкую падтрымку ў Маскве.

— Добра. Але тое, што апублікаваў The Insider, гэта адзін з варыянтаў. Што, як вы думаеце, можа быць зроблена яшчэ?

— Я думаю, што варта гэта разглядаць як сымптом трэнду, сымптом працэсаў, якія адбываюцца за кулісамі. З аднаго боку, вельмі слабая дзяржава. Лукашэнка страціў падтрымку, разьлічвае толькі на сілавікоў. Зь іншага боку, уся беларуская грамадзянская супольнасьць, інтэлігенцыя сядзіць у турмах і ня можа супрацьстаяць (сіле). І ўсе гэтыя маргінальныя прарасейскія рэсурсы актывізуюцца, каб нейкім чынам выкарыстаць слабасьць Беларусі і павялічыць сваю прысутнасьць у інфармацыйным і палітычным полі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандар Швец і Павал Данэйка абверглі ўдзел у стварэньні прарасейскай партыі

— А як вы думаеце, колькі ў Крамлі, або ў адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, ці ўвогуле ў спэцслужбах ёсьць груп уплыву для лябіраваньня інтарэсаў Беларусі?

— Я думаю, што дастаткова. На самай справе інфармацыйная прысутнасьць Расеі ў Беларусі ўжо шмат гадоў падтрымліваецца. Акрамя традыцыйных элемэнтаў, ёсьць вялікая колькасьць, цэлая сетка телеграм-каналаў, якія лябіравалі ідэю стварэньня прарасейскіх партый пачынаючы з 2018 году. Я думаю, проста цяпер у Крамлі, у Маскве разглядаюць розныя сцэнары і шукаюць альтэрнатыву Лукашэнку. Яны, магчыма, спадзяваліся, што Лукашэнка нейкім чынам здушыць пратэсты. Або шукалі магчымасьць, каб, магчыма, Бабарыка стаў такім кампрамісным чалавекам. Яны зразумелі, што кампрамісаў у іх няма, і таму вырашылі ствараць нешта сваё, больш ляяльнае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крэмль пакуль не атрымаў гарантый ад Захаду для ўмяшаньня ў беларускую сытуацыю, — Сівіцкі

— А Лукашэнка хіба яшчэ ня ўсё здушыў?

— Не, Лукашэнка нічога не здушыў, наадварот, мы бачым, як розныя групы мабілізуюцца, далучаюцца. Страйкі на розных прадпрыемствах растуць. Але, вядома, вулічныя пратэсты па нядзелях зьменшыліся з прычыны COVIDу і з прычыны надворʼя.

— А праз што і якія структуры Расея можа фінансаваць нейкія сілы ў Беларусі?

— Крэмль даўно фінансаваў розныя інструмэнты культурнай дыпляматыі. Праз «Рассупрацоўніцтва», празь нейкія праграмы расейскай амбасады ў Менску. Было вельмі шмат розных груп, якія падтрымалі «ябацькаўскія» мітынгі. «Ябацькамі» называюць прыхільнікаў Лукашэнкі ў Беларусі. Яны выходзілі разам з чырвона-зялёнымі сьцягамі, бралі таксама расейскі трыкалёр. Гэтыя структуры, калі зразумелі, што Пуцін адназначна падтрымлівае Лукашэнку, яны проста вырашылі скарыстаць гэты момант і атрымаць нейкую падтрымку, у першую чаргу фінансавую падтрымку з Крамля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Масква і Захад усё яшчэ могуць дамовіцца ў беларускім пытаньні, — палітоляг