Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква і Захад усё яшчэ могуць дамовіцца ў беларускім пытаньні, — палітоляг


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель

Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч заяўляе, што ў Крамлі хацелі б, каб Беларусь перастала быць праблемай, і лічыць, што беларускі крызіс не павінен скончыцца геапалітычным процістаяньнем Захаду і Ўсходу.

Сьцісла:

  • Для Расеі важна паказаць Захаду, што той мусіць трымацца далей ад беларускіх падзеяў, што тут зона расейскага ўплыву
  • У Крамлі хацелі б, каб Беларусь перастала быць праблемай, каб яна проста была краінай у арбіце расейскага ўплыву
  • У пэўным сэнсе санкцыі ўжо пачаліся, ЭБРР спыніў супрацоўніцтва зь Беларусьсю
  • ЗША будуць умацоўваць эўрапейскія пазыцыі і ў беларускім крызісе ісьці за Эўропай

— Падчас візыту міністра замежных спраў беларускія і расейскія кіраўнікі даволі шмат казалі пра супрацьстаяньне з Захадам. Складаецца ўражаньне, што афіцыйны Менск хоча сваёй рэзкай антызаходняй рыторыкай прывязаць Крэмль да сябе — маўляў, Захад ваюе не зь нелегітымнай беларускай уладай, а гэта напад і на Расею. Ці паддасца Масква на такі «братэрскі» шантаж, ці яна захоча хутчэй адстараніцца ад такога «праблемнага актыву», як Лукашэнка?

— Калі крызіс у Беларусі будзе працягвацца, то, відавочна, у Маскве будзе ўсё больш жаданьня ад такога «праблемнага актыву» пазбаўляцца. Ужо Крэмль паказваў, што будзе рухацца ў гэтым кірунку — нагадваў пра канстытуцыйную рэформу, казалі, што трэба наладзіць нацыянальны дыялёг, былі словы і пра тое, што новыя выбары варта правесьці (такія рэчы запускалі экспэрты, блізкія да Крамля). Цяперашняя лінія Крамля прадугледжвае прасоўваньне ў Беларусі палітычных зьменаў, Масква нагадвае Лукашэнку, што трэба вырашаць сытуацыю, палітычны крызіс.

Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

Антызаходняя рыторыка Менску для Расеі — гэта проста рыторыка. Для Расеі важна паказаць Захаду, што той мусіць трымацца далей ад беларускіх падзеяў, што тут зона расейскага ўплыву. Для Менску, як вы слушна сказалі, сэнс антырасейскай рыторыкі — гэта прывязаць да сябе ўсходняга партнэра. Ня думаю, што гэта ўсур’ёз успрымаецца ў Крамлі, але гэта для Менску ў тым ліку гульня на расейскую публіку і на расейскіх сілавікоў.

— Сярод людзей, якія ў Беларусі пратэстуюць супраць нелегітымнай улады, ёсьць самае рознае стаўленьне да Расеі. Ёсьць успрыняцьце цяперашняй Масквы як безумоўнага ворага дэмакратыі і ворага праэўрапейскай пэрспэктывы. І ёсьць другі погляд, што з Масквой трэба весьці размову, дыялёг, разумеючы яе ролю і ўплыў на беларускую сытуацыю. Якое, на вашу думку, павінна быць стаўленьне да афіцыйнай Масквы з боку каманды Ціханоўскай, з боку ўсіх тых палітыкаў, хто змагаецца за перамены ў Беларусі?

— Расея застаецца важным чыньнікам беларускай замежнай і ўнутранай палітыкі. Таму адзінай стратэгіяй, якая працуе, можа быць толькі другая — так ці іначай з Расеяй трэба працаваць, разумець яе інтарэсы, улічваць іх. Толькі ў такім выпадку можна разьлічваць калі не на падтрымку, то на нэўтралітэт, і на такія крокі, якія ня будуць ускладняць сытуацыю.

Пазыцыя Расеі наконт дэмакратыі не настолькі адназначная. Для Масквы важна, каб Беларусь заставалася ў сфэры яе ўплыву. Калі гэта адбудзецца ва ўмовах нейкага гібрыднага рэжыму, то Расея гатовая ўспрымаць і гібрыдны рэжым. Я б нагадаў, што на постсавецкай прасторы ёсьць дзяржавы і ўтварэньні, якія знаходзяцца ў арбіце расейскай палітыкі і разам з тым не зьяўляюцца аўтарытарызмамі. Гэта Кіргізстан, Армэнія, Абхазія, дзе некалькі разоў ужо мяняліся прэзыдэнты, Прыднястроўе, якое пасьля Сьмірнова мае гібрыдны рэжым. У пэўнай лёгіцы гэта нават больш выгадна, чым мець у партнэрах моцнага дыктатара, зь якім цяжэй дамаўляцца, на якога цяжэй уплываць, які можа парушаць дамоўленасьці і правілы. Дэмакратыя ў гэтым сэнсе значна лягчэйшы партнэр.

Што тычыцца эўрапейскай пэрспэктывы, то тут, вядома, Расея не хацела б, каб у выніку зьмены ўлады пазыцыі Эўропы ў Беларусі ўзмацніліся.

Трэба разумець і тое, што будзе, калі Расея будзе падтрымліваць Лукашэнку. Маскве трэба будзе фінансаваць рэжым. Крызіс — эканамічны, палітычны — улада ня можа вырашыць, толькі яго ўзмацняе. І гэта таксама для Расеі праблема. У Крамлі хацелі б, каб Беларусь перастала быць праблемай, каб яна проста была краінай у арбіце расейскага ўплыву.

— 26 лістапада, у адзін дзень зь візытам міністра Лаўрова ў Менск, Эўрапарлямэнт прымае даволі жорсткую рэзалюцыі па Беларусі. За ранейшыя гады беларусы звыклі, што ў адказ на рэпрэсіі ўладаў эўрапейскія структуры прымаюць пэўныя рэзкія рэзалюцыі і заявы. Ці можна сказаць, што цяпер сытуацыя кардынальна іншая? Па-першае, Лукашэнка ўжо не ўспрымаецца як кіраўнік дзяржавы, краіны Захаду заявілі пра ягоную нелегітымнасьць. Па-другое, упершыню ёсьць згода наконт магчымасьці і нават неабходнасьці ўводзіць ня толькі візавыя, але і эканамічныя санкцыі.

— Сытуацыя сапраўды адрозьніваецца і ад 1996, і ад 2010 гадоў. Лукашэнку ўжо не прызнаюць за легітымнага, гавораць пра неабходнасьць праводзіць новыя выбары (чаго раней не гаварылася) і пра эканамічныя санкцыі. У пэўным сэнсе яны ўжо пачаліся — ЭБРР спыніў супрацоўніцтва зь Беларусьсю; хутчэй за ўсё, тое самае зробіць і Сусьветны Банк. Будуць праблемы з выпускам эўрабондаў, зьнішчаны імідж Беларусі як краіны, добрай для інвэставаньня.

І мы ўпершыню пачулі на нарадзе міністраў замежных справаў Эўразьвязу, што будуць уводзіцца эканамічныя санкцыі супраць асобных кампаніяў. Раней такога з боку Эўразьвязу не было, але цяпер верагоднасьць такога разьвіцьця падзеяў вельмі высокая. Ці могуць быць уведзеныя сэктаральныя санкцыі — напрыклад, на продаж нафтапрадуктаў, ці калію, ці адключэньне SWIFT? Гэтае пытаньне адкрытае, і ўсё будзе залежаць ад таго, што будзе адбывацца ў Беларусі. Калі сытуацыя будзе пагаршацца, то ўзровень санкцыяў будзе ўзрастаць.

— Яшчэ некалькі месяцаў таму вы не выключалі думкі, што Масква і Брусэль могуць прыйсьці ў беларускім пытаньні да нейкага кансэнсусу. Да чаго сытуацыя бліжэйшая цяпер? Ці да «аптымістычнага» варыянту згоды, ці да варыянту, што Беларусь можа стаць арэнай геапалітычнай бітвы паміж Захадам і Расеяй?

— Я сапраўды казаў калі не пра кансэнсус, то пра нейкія агульныя падыходы. Цяпер я сказаў бы, што сытуацыя апусьцілася ў нейкую паўзу, бо крызіс зацягнуўся, агульныя падыходы адразу не знайшліся. Беларускія ўлады пачалі ўзмацняць антызаходнюю рыторыку, змаглі ўсталяваць партнэрскія стасункі з Крамлём. Таму цяпер мы знаходзімся ў паўзе, дзе зьнешнія ўплывы на крызіс аслаблі і Беларусь засталася сама, дзе разьвіцьцё падзеяў найперш вызначаецца ўнутранай лёгікай саміх падзеяў.

Зьнешнія актары ўзялі нейкую паўзу. Таму я бачу ў далейшым 2 сцэнары. Альбо гэтая паўза будзе зацягвацца, і ўсё будзе вырашацца ўнутрыпалітычным супрацьстаяньнем. Альбо пройдзе час, і будзе зноў пошук агульных падыходаў

Імавернасьць таго, што ўсё скончыцца геапалітычным процістаяньнем Захаду і Ўсходу, як гэта было ва Ўкраіне ў 2014 годзе, я лічу мінімальнай. Бо эўрапейскія палітыкі цяпер практычна заўсёды ўлічваюць расейскі чыньнік. Яны не прапіхваюць нейкі выключна заходні варыянт вырашэньня крызісу.

— Ці могуць ЗША з прыходам Байдэна паспрабаваць гуляць больш актыўную ролю ў беларускім крызісе і неяк падштурхоўваць эўрапейцаў? Да таго ж Вашынгтон можа больш актыўна ўплываць на Маскву...

— Я разглядаю Вашынгтон толькі як дадатковы чыньнік. Так, сапраўды, Байдэн рабіў заявы па Беларусі, але рыторыка — гэта адно, а рэальная палітыка — іншае. ЗША, вядома, пойдуць на ўвядзеньне санкцыяў супраць асобных беларускіх кампаніяў, але гэта не крытычны ўдар.

Мне падаецца, што ЗША будуць умацоўваць эўрапейскую пазыцыю і ў гэтым крызісе ісьці за Эўропай. Аснова будзе вырашацца Эўропай. Я ня бачу контураў нейкай асобнай самастойнай палітыкі ЗША ў дачыненьні да Беларусі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG