Дасьледчы цэнтар «ІПМ» зладзіў апытаньне кіраўнікоў 211 беларускіх кампаніяў аб тым, як яны ацэньваюць магчымыя дзеяньні беларускіх уладаў: што палепшыць, а што пагоршыць эканамічную сытуацыю.
Паводле вынікаў апытаньня, якія апублікавалі ў Telegram-канале «Кастрычніцкага эканамічнага форуму», бізнэсоўцы лічаць, што эканамічную сытуацыю пагоршыць:
- стварэньне буйных холдынгаў на базе дзяржаўных прадпрыемстваў і канцэрнаў;
- жорсткі кантроль над цэнамі;
- друк дадатковых грошай і раздача іх прадпрыемствам на мадэрнізацыю.
Варыянт «рэзка скараціць тэрміны падключэньня да электрасетак і іншай інфраструктуры» ў сярэднім палічылі нэўтральным — не дапаможа і не пашкодзіць. Бізнэсоўцаў прасілі выстаўляць варыянтам дзеяньня ўладаў ад 1 да 5 балаў (1 — вельмі пашкодзіць, 5 — вельмі дапаможа). Гэты варыянт набраў роўна 3.
Палепшыць сытуацыю, паводле апытаньня, наступнае:
- маштабная прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў;
- мараторый на праверкі кантрольных органаў на 3 гады;
- забарона прывязкі ставак арэнды да валюты і адмена рэгуляваньня ставак арэнды дзяржаўнай нерухомасьці;
- спыненьне адміністрацыйнага і крымінальнага перасьледу людзей за палітычныя погляды;
- зьмяншэньне колькасьці падаткаў і спрашчэньне іх адміністраваньня пры захаваньні агульнай сумы падаткаў.
У аналізе вынікаў адзначаюць: ідэя маштабнай прыватызацыі набрала не нашмат больш за тры балы, такую сытуацыю можна інтэрпрэтаваць як «напэўна, ад прыватызацыі стала б крыху лепш».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 24 гады санкцый і «адэкватны адказ» ад беларускіх уладаў. Гісторыя санкцый і іх наступстваў