Як паведамляецца на сайце культурна-асьветніцкай ініцыятывы, пасьля допыту Юліі Слуцкай, Сяргея Альшэўскага, Алы Шарко, Сяргея Якупава і Пятра Слуцкага зь іх адвакатаў узялі падпіску аб неразгалошваньні. Усе затрыманыя застаюцца пад вартай.
Папярэднюю ноч супрацоўнікі Прэс-клюбу правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна. Яны затрыманыя на 72 гадзіны, у офісе і кватэрах адбыліся ператрусы ў межах крымінальнай справы паводле арт. 243 ч. 2 (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).
Прэс-служба Камітэту дзяржкантр2олю патлумачыла, што Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў праводзіць праверку па фактах парушэньня падатковага заканадаўства ў дачыненьні да службовых асобаў Прэс-клюбу і іншых суб’ектаў гаспадараньня, зьвязаных у тым ліку з паступленьнем буйных грашовых сумаў з-за мяжы.
У ліку затрыманых — заснавальніца Прэс-клюбу Юлія Слуцкая, фінансавы дырэктар Сяргей Альшэўскі, праграмная дырэктарка Ала Шарко, праграмны дырэктар Акадэміі Прэс-клюбу Сяргей Якупаў, а таксама апэратар Пётар Слуцкі.