Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту паведаміў пра гэта тэлеканалу CNN — аднаму са СМІ, якія на мінулым тыдні абнародавалі расьсьледаваньне атручваньня, у якім сьцьвярджалася, што да яго датычныя супрацоўнікі ФСБ.
Па словах прадстаўніка Дзярждэпартамэнту, улады ЗША лічаць, што супрацоўнікі ФСБ Расеі выкарыстоўвалі нэрвова-паралітычнае рэчыва «Навічок», каб атруціць Навальнага. «Вядома, прэзыдэнт Пуцін і расейскі ўрад хочуць, каб мы лічылі інакш. Аднак няздольнасьць Расеі адказаць на пытаньні аб атручэньні Аляксея Навальнага кажа шмат пра што. Расея высунула мноства часта супярэчлівых тэорыяў змовы. Давайце шчыра: такія тэорыі змовы — гэта ня больш як спосаб адцягнуць увагу ад сур’ёзных пытаньняў, якія стаяць перад расейскім урадам, на якія ён яшчэ не адказаў», — цытуе CNN прадстаўніка зьнешнепалітычнага ведамства ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Часопіс Lancet апублікаваў артыкул пра лячэньне НавальнагаСа спасылкай на дзьве крыніцы CNN таксама паведамляе, што ЗША ўжо падрыхтавалі новыя санкцыі ў дачыненьні да Расеі з прычыны атручваньня Навальнага. Каб увесьці іх у дзеяньне, неабходная ўхвала адміністрацыі і самога прэзыдэнта Дональда Трампа, які раней наўпрост не абвінавачваў расейскія ўлады ў атручваньні апазыцыянэра.
У ЗША дзейнічае закон пра санкцыі ў дачыненьні да краінаў, якія ўжываюць хімічную зброю. У адпаведнасьці зь ім, у прыватнасьці, былі ўведзеныя санкцыі супраць Расеі пасьля атручваньня Сяргея і Юліі Скрыпалёў у брытанскім Солсбэры, у якім абвінавацілі расейскую вайсковую выведку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чалавек, які спрабаваў мяне забіць, прызнаўся». Навальны апублікаваў АЎДЫЁ