Украіна спрасьціла парадак атрыманьня віду на жыхарства для некаторых беларускіх грамадзян. Каго гэта тычыцца?

Ілюстрацыйнае фота. Беларускія актывісты ў Кіеве

Урад Украіны з ініцыятывы Міністэрства ўнутраных спраў ухваліў пастанову аб спрашчэньні працэдуры атрыманьня віду на часовае жыхарства для беларусаў.

Скарыстацца гэтым парадкам змогуць толькі тыя беларусы, якія зьяўляюцца прадпрымальнікамі або высокакваліфікаванымі спэцыялістамі ў сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў і інавацыяў ды адмыслоўцамі, якіх «востра патрабуе эканоміка Ўкраіны» — менавіта такім чынам сфармулявана ва ўрадавай пастанове.

Урад Украіны з ініцыятывы Міністэрства ўнутраных спраў ухваліў пастанову аб спрашчэньні працэдуры атрыманьня віду на часовае жыхарства для беларусаў.

Дзяніс Шмыгаль

«Мы гаворым пра высокакваліфікаваных спэцыялістаў, якія хочуць жыць і працаваць ва Ўкраіне. Прапануецца, што такія асобы і чальцы іхных сем’яў адначасова з дазволам на іміграцыю могуць падаваць заявы на від на жыхарства. Апроч таго, працэдура разгляду па атрыманьні такіх відаў на жыхарства будзе ажыцьцяўляцца ў скарочаны тэрмін за тры працоўныя дні», — сказаў прэмʼер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль на пачатку пасяджэньня, анансуючы рашэньне ўраду.

Такі парадак будзе дзейнічаць да 31 сьнежня 2021 году.

На пачатку кастрычніка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ № 420/2020 «Аб некаторых захадах для прыцягненьня прадпрымальнікаў, высокакваліфікаваных спэцыялістаў, якія ёсьць грамадзянамі Рэспублікі Беларусь».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Украіны падпісаў указ аб прыцягненьні ІТ-спэцыялістаў зь Беларусі

Беларускі бок назваў гэты дакумэнт недружалюбным і дыскрымінацыйным крокам, а МЗС Беларусі ўручыў ноту ўкраінскаму амбасадару з прычыны таго, што Ўкраіна прыняла гэты ўказ, які «ў парушэньне агульнапрынятых праўных нормаў распаўсюджвае сваё дзеяньне выключна на грамадзян суседняй дзяржавы».

Пазьней украінскія ўлады паабяцалі спрасьціць парадак легалізацыі беларусаў, якія са жніўня пачалі ўцякаць ва Ўкраіну ад рэпрэсіяў за ўдзел у выбарчай кампаніі альтэрнатыўных кандыдатаў і ў акцыях пратэсту. Але на практыцы ўсе гэтыя зьмены неістотныя і тычацца толькі адной катэгорыі грамадзян — уласьнікаў ІТ-бізнэсу і іхных супрацоўнікаў.

Беларусы зьвяртаюцца да Зяленскага

На мінулым тыдні грамадзяне Беларусі, якія знаходзяцца ва Ўкраіне ўжо больш за 90 дазволеных заканадаўствам дзён, пікетавалі Офіс прэзыдэнта Ўкраіны з заклікам спрасьціць парадак атрыманьня віду на жыхарства, каб яны маглі працаўладкавацца.

Большасьць беларускіх уцекачоў прызнаюцца, што найчасьцей зьвяртаюцца ў міграцыйныя органы па від на жыхарства як валянтэры, якімі яны насамрэч не зьяўляюцца. 22 сьнежня адна з украінскіх грамадзкіх арганізацый зладзіла «круглы стол» з удзелам беларускіх уцекачоў аб праблемах іхнай легалізацыі ва Ўкраіне, але мерапрыемства праігнаравалі запрошаныя прадстаўнікі двух міністэрстваў — замежных і ўнутраных спраў.

Адсутнасьць спрошчанай сыстэмы легалізацыі ва Ўкраіне прымушае большасьць беларусаў выяжджаць далей у Эўропу. Найчасьцей ужо на ўкраінскай тэрыторыі яны зьвяртаюцца ў консульствы Літвы ці Польшчы па атрыманьне гуманітарных візаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне істотна паболела беларусаў, якія зьвяртаюцца па від на жыхарства

Колькасьць беларускіх уцекачоў ва Ўкраіне

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 8 грамадзян Беларусі папрасілі ва Ўкраіне статус уцекача, а з пачатку году па абарону да ўкраінскай дзяржавы зьвярнуліся 15 беларусаў.

Згодна з украінскім заканадаўствам права на сталае жыхарства ва Ўкраіне маюць замежнікі і асобы без грамадзянства, якія стала пражывалі на тэрыторыі Ўкраіны ў савецкія часы або імігравалі ва Ўкраіну.

Від на часовае жыхарства выдаецца толькі на адзін год пры наяўнасьці адпаведных падстаў — запрашэньне на працу, стварэньне сям’і, удзел у статутным капітале камэрцыйнай арганізацыі (ня менш як 100 тысяч эўра), навучаньне, удзел у міжнародных і рэгіянальных валянтэрскіх праграмах, а таксама кантракт з Узброенымі сіламі Ўкраіны. Па такі дакумэнт мусяць зьвяртацца і журналісты, каго накіроўваюць ва Ўкраіну працаваць уласным карэспандэнтам замежнага сродку масавай інфармацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі экспэрт: Беларусы і ўкраінцы глядзяць адзін на аднаго скрозь прызму расейскай прапаганды

Замежныя грамадзяне маюць права стала пражываць на тэрыторыі Ўкраіны яшчэ ў двух выпадках — калі атрымаюць статус уцекача (пасьля трох гадоў пражываньня ў такім статусе замежнік можа зьвярнуцца па атрыманьне грамадзянства Ўкраіны) або дадатковую абарону Ўкраіны (гэты статус не дазваляе зьвяртацца па ўкраінскае грамадзянства).

Аднак, як сьведчыць практыка, такі спосаб легалізацыі беларусаў ва Ўкраіне надзвычай складаны. У 2018-м статус уцекача ва Ўкраіне атрымалі 18 грамадзян Беларусі, яшчэ 6 — дадатковую абарону Ўкраіны. Прозьвішчаў гэтых грамадзян ніколі не называюць, спасылаючыся на канфідэнцыйнасьць інфармацыі, бо яе распаўсюджаньне можа стварыць для іх небясьпеку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 721 беларус атрымаў дазвол на пераезд у Літву з гуманітарных прычын і ў сувязі з рэпрэсіямі на радзіме
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі ўрад стварыў сайт, каб дапамагаць беларускім ІТ-спэцыялістам пераяджаць ва Ўкраіну