Нядаўняе апытаньне грамадзкай думкі ў Беларусі, праведзенае праз інтэрнэт на замову брытанскага дасьледчага цэнтру Chatham House, паказала, што беларусы сапраўды ў большасьці галасавалі не за Аляксандра Лукашэнку, а за Сьвятлану Ціханоўскую.
Але разам з тым яны працягваюць любіць Расею і Ўладзіміра Пуціна, які падтрымлівае знаходжаньне Лукашэнкі пры ўладзе.
Сярод сяброў Беларусі, паводле апытаньня, — Кітай і Казахстан. Польшча ёсьць і сярод сяброў — 18,2%, і сярод ворагаў — 30,5%. Падобная сытуацыя і з Украінай — сябрам яе лічаць 13,3%, а 10,3% — ворагам.
Апытаныя беларусы адказалі таксама, за якога кандыдата яны галасавалі на прэзыдэнцкіх выбарах. Згодна з вынікамі, 50,1% аддалі галасы за Сьвятлану Ціханоўскую, 18,6% — за Аляксандра Лукашэнку. 15,4% адмовіліся адказваць на гэтае пытаньне, астатнія кандыдаты атрымалі менш за 3% кожны, а яшчэ 11,4% заявілі, што не галасавалі за ніводнага з кандыдатаў, уключаных у бюлетэнь.
Аднолькавая колькасьць беларусаў — 81% — адначасова добра і нават вельмі добра ставяцца і да Расеі, і да Эўрапейскага Зьвязу. Больш за палову лічаць, што адносіны з Расеяй цяпер добрыя, больш за 21% лічаць іх нэўтральнымі. Больш за 62% беларусаў маюць пазытыўнае стаўленьне да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. 58% кажуць, што апошнім часам іх стаўленьне да Пуціна не зьмянілася, 7,5% кажуць, што палепшылася, а 34,6% — што пагоршылася.
Апытаньне праводзілася з 13 па 18 лістапада 2020 году з выкарыстаньнем мэтаду кампутарнага вэб-інтэрвію (CAWI). Было апытана гарадзкое насельніцтва Беларусі. Колькасьць рэспандэнтаў — 864 чалавекі.
Чым патлумачыць такія настроі
На думку ўкраінскага палітоляга Яўгена Магды, непасьлядоўнасьць беларусаў у сваіх адказах можа зьдзівіць неспрактыкаваных назіральнікаў: як можна галасаваць супраць Аляксандра Лукашэнкі і адначасова любіць Уладзіміра Пуціна, які яго падтрымлівае і дзякуючы субсыдыям якога Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе больш за 26 гадоў?
Але экспэрты тлумачаць, што вольных сацыялягічных дасьледаваньняў у Беларусі ня робіцца ўжо шмат гадоў. За правядзеньне несанкцыянаванага апытаньня, адзначае Яўген Магда, у Беларусі можна атрымаць турэмнае зьняволеньне.
«Сёлета я ўпершыню ня быў у Беларусі, а раней езьдзіў туды па некалькі разоў на год і зь першых вуснаў ведаю, што правесьці незалежнае сацыялягічнае апытаньне ў Беларусі немагчыма», — тлумачыць украінскі экспэрт.
На думку экспэртаў, Беларусь знаходзіцца цалкам у расейскім інфармацыйным полі, і тое, што кажа расейскае тэлебачаньне, потым зьяўляецца і ў апытаньнях. Гэтым яны тлумачаць стаўленьне беларусаў як да Пуціна, так і да Ўкраіны, украінцаў і Майдану. Тое, што беларус і ўкраінец ведаюць адзін пра аднаго, яны даведваюцца праз пасярэдніка — расейскія крыніцы, тлумачыць Яўген Магда:
«Украінцы і беларусы глядзяць адны на адных скрозь прызму расейскай прапаганды, таму што прамога інфармацыйнага абмену паміж нашымі краінамі няма», — кажа Магда ў інтэрвію Радыё Свабода.
На думку Магды, украінцы маюць ілюзію, што разумеюць беларусаў, таму што беларускі пратэст супраць дыктатара нагадвае ім уласны вопыт. Але, на думку Магды, у Беларусі адбываюцца іншыя працэсы. «Цяперашнюю акцыю беларусаў трэба параўноўваць ня столькі з плошчамі — Аранжавай або Рэвалюцыяй годнасьці, колькі з акцыяй «Украіна бяз Кучмы», — лічыць украінскі экспэрт.
«Хіба стаўленьне да Расеі было нэгатыўнае да 2013 году? Не. Яго зьмяніў Майдан, а потым вайна. У гэтым беларусы праходзяць тыя ж этапы, што і ўкраінцы. Насамрэч, пакуль Пуцін не праявіць агрэсіі супраць Беларусі, стаўленьне да яго застанецца станоўчым», — перакананы ўкраінскі палітоляг.
Тое, што беларусы ведаюць на ўласным вопыце — яны ўспрымаюць аб’ектыўна, напрыклад, сытуацыю з пратэстамі і стаўленьне да Лукашэнкі. А пра тое, з чым яны асабіста не сутыкаліся, яны даведваюцца з СМІ, кантраляваных цяпер нават ня Менскам, а Масквой.
«Беларусам расказваюць, што Пуцін добры прэзыдэнт, а ва Ўкраіне адбыўся пераварот. Яны баяцца гвалту і не жадаюць, каб у іх краіне паўтарылася тое, што адбылося ва Ўкраіне — кровапраліцьце, анэксія, вайна», — тлумачыць Яўген Магда.
Тое, што за ўсім гэтым стаяла палітыка Расеі, у Беларусі стараюцца не казаць услых нават апазыцыйныя палітыкі, адзначае палітоляг.