22 сьнежня кіраўнік МЗС Уладзімер Макей сказаў, што Беларусь прыме свой «санкцыйны сьпіс», а таксама скароціць дзейнасьць культурніцкіх і іншых замежных фондаў у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей прыгразіў Эўразьвязу «вельмі адчувальнымі і сур’ёзнымі» адказамі на санкцыіГлядзім, які і вынік мелі заходнія санкцыі і чым адказвалі на іх улады Беларусі.
1996–1999: Пераезд амбасадараў і першы санкцыйны сьпіс
У 1996 годзе ў Беларусі прайшоў канстытуцыйны рэфэрэндум, які Захад палічыў недэмакратычным і парушаючым балянс галінаў улады. У сьнежні гэтага году ЭЗ спыніў ратыфікацыю Пагадненьня аб партнэрстве і супрацоўніцтве паміж Беларусьсю і ЭЗ.
Яшчэ праз год, у адказ на зрыў перамоваў паміж ЭЗ і беларускай апазыцыяй, Рада ЭЗ зьменшыла кантакты зь беларускімі ўладамі да ўзроўню намесьніка міністра замежных спраў, скараціў праграмы тэхнічнай дапамогі і паабяцаў садзейнічаць скарачэньню пазыкаў ад міжнародных фінансавых арганізацый.
У 1998 годзе здарыўся новы скандал з ЭЗ і ЗША. Улады Беларусі вырашылі выселіць з Драздоў дыпляматаў: амбасадары 22 дзяржаў вымушаныя былі вызваліць свае рэзыдэнцыі да чэрвеня. У іх ліку ЗША і дзяржавы ЭЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 11 год без амбасадараў. Як мяняліся дыпляматычныя стасункі паміж ЗША і БеларусьсюЦі стала гэта адказам уладаў на ранейшыя абмежаваньні — не вядома, але прывяло да яшчэ горшага скандалу. У адказ ЗША адклікалі свайго амбасадара, а ЭЗ абвясьціла першы санкцыйны сьпіс зь неўязных чыноўнікаў, у яго ўвайшлі 130 асобаў разам з Аляксандрам Лукашэнкам. Урэгуляваць канфлікт удалося толькі ў лютым 1999 году — санкцыі былі адмененыя.
2002–2004: Новыя санкцыйныя сьпісы
У 2002 годзе ў адказ на выцісканьне ўладамі Беларусі Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ Рада ЭЗ забараніла ўезд на сваю тэрыторыю Лукашэнку і яшчэ 7 прадстаўнікам уладаў. Выключэньнем засталася Партугалія, бо тады гэтая краіна была старшынёй АБСЭ. Санкцыі зьнялі ў красавіку 2003 году, калі ў Менску адкрыўся офіс АБСЭ.
У 2004 годзе ў адказ на зьнікненьне вядомых у Беларусі палітыкаў пад санкцыі трапілі Ўладзімер Навумаў, Віктар Шэйман, Юры Сівакоў і Дзьмітры Паўлючэнка. У сьнежні сьпіс папоўнілі сабою старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына і кіраўнік менскага АМАПу Юры Падабед.
Тады ж, у 2004 годзе, ЗША прынялі «Акт аб дэмакратыі», які прадугледжваў эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі. Гэта адмова ў пазыках і крэдытах ды іншыя меры, якія меліся прымусіць улады Беларусі вызваліць палітзьняволеных, правесьці расьсьледаваньне аб зьніклых палітыках, спыніць ціск на СМІ і правесьці свабодныя выбары.
2006-2008: Новыя выбары і новыя санкцыі
Пасьля выбараў 2006 году шэраг актывістаў і экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін аказаліся за кратамі. Захад выбары не прызнаў і ўвёў як візавыя, так і эканамічныя санкцыі. Сьпярша ў санкцыйны сьпіс трапіў 31 чыноўнік разам з Лукашэнкам, пасьля сьпіс папоўнілі судзьдзі і некаторыя сілавікі.
Сярод прадпрыемстваў, якія трапілі пад санкцыі, — «Белтэхэкспарт», футбольны клюб «Дынама», рэстарацыя «Ракаўскі бровар». Да санкцыяў далучыліся ЗША, у 2007 годзе яны замарозілі актывы канцэрну «Белнафтахім». Санкцыі прывялі да вострага дыпляматычнага канфлікту паміж Беларусьсю і ЗША: штат амбасады ЗША ў Менску быў скарочаны з 35 да 5 дыпляматаў, амбасада прыпыніла выдачу візаў.
У адказ Лукашэнка прыгразіў аспрэчыць санкцыі ў Эўрапейскім судзе, але гэтыя пляны не рэалізаваліся. Свабодныя выбары таксама не адбыліся, але ў 2008 годзе з турмы на волю выйшаў Аляксандар Казулін. Часткова санкцыі адмянілі ў 2008 годзе, пасьля кропкавай лібэралізацыі ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Санкцыі толькі збліжаюць нас з Расеяй», — былы беларускі дыплямат2010–2012: Візавыя і эканамічныя санкцыі
Пасьля чарговых прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году за кратамі апынуліся амаль усе альтэрнатыўныя кандыдаты. Пратэст супраць фальсыфікацый выбараў жорстка здушылі сілавікі, сотні людзей атрымалі адміністратыўныя арышты, шмат каго зьбілі.
ЭЗ і ЗША ўвялі візавыя санкцыі супраць чыноўнікаў, сілавікоў, кіраўнікоў дзяржаўных СМІ. Агулам у сьпіс трапіла больш як сотня асобаў. ЭЗ таксама наклаў эмбарга на куплю ўзбраеньня ў Беларусі, а пад эканамічныя санкцыі трапілі «Бэлтэхэкспарт», «Спорт-пары», інвэстыцыйная фірма «БТ-Тэлекамунікацыі».
Падобныя візавыя і эканамічныя санкцыі ўвялі ЗША. Дадатковыя санкцыі ЗША прынялі супраць прадпрыемстваў «Гродна Азот», «НПЗ Нафтан», «Белшына», «Гродна Хімвалакно».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урокі «Плошчы-2010» для рэвалюцыі 2020 годуБеларускі МЗС паабяцаў «прапарцыйныя і адэкватныя меры ў адказ». Праўда, гэтых мер у якой-кольвек значнай ступені заходнія краіны не адчулі.
У 2011 годзе, пасьля санкцый, зь беларускіх турмаў пачалі выходзіць палітзьняволеныя. Праўда, патрабаваньне зьняць зь іх усе абвінавачаньні і рэабілітаваць улады праігнаравалі. Напрыклад, экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў выйшаў з СІЗА КДБ пад хатні арышт, пасьля яго асудзілі, пры гэтым вырак суду не прадугледжваў зьняволеньня.
У 2016 годзе адносіны з ЭЗ і ЗША пачалі паляпшацца, санкцыі пачалі здымаць ці замарожваць.
2020: Зноў санкцыі з патрабаваньнем новых выбараў
У адказ на гвалт супраць пратэстоўцаў і бясконцы рост колькасьці палітзьняволеных ЭЗ 17 сьнежня прыняў чарговы пакет санкцый супраць беларускіх уладаў. У санкцыйны сьпіс трапілі 29 асобаў і 7 кампаній.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два бізнэсоўцы і кампаніі ВПК: хто трапіў пад чарговыя санкцыі і што гэта за кампанііУ адказ беларускія ўлады зноў паабяцалі «адчувальныя для ЭЗ захады», але якія — МЗС не назваў. 22 сьнежня кіраўнік МЗС Уладзімер Макей сказаў, што Беларусь прыме свой «санкцыйны сьпіс», а таксама зьменшыць дзейнасьць культурніцкіх і іншых замежных фондаў у Беларусі.
Увечары 21 сьнежня Сэнат ЗША ўхваліў вялікі пакет заканадаўчых дакумэнтаў, сярод якіх і «Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі».
Гэты акт пашырае паўнамоцтвы прэзыдэнта ЗША ў справе ўвядзеньня новых санкцыяў супраць Беларусі, у тым ліку ў сувязі «са спрэчнымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 2020 году і наступнымі рэпрэсіямі з боку ўраду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Распрацоўнік Акту аб дэмакратыі ў Беларусі пра Лукашэнку і ягонае атачэньне: «Мы ня спынімся, пакуль іх не пасадзяць за краты»ЭЗ і ЗША заклікаюць Беларусь правесьці новыя свабодныя выбары, вызваліць палітвязьняў і спыніць гвалт супраць пратэстоўцаў. Такія заклікі суправаджалі амаль усе санкцыі ад заходніх краін. У выніку на свабоду выходзілі палітвязьні, але іншыя патрабаваньні ўлады Беларусі ігнаравалі. Праз пэўны час, пасьля частковай лібэралізацыі з боку ўладаў, санкцыі здымалі ці замарожвалі.