Не магу маўчаць. „Каго ён палохае «цяжкімі» дзевяностымі“?

Жаночы марш. Ілюстрацыйнае фота

«Не магу маўчаць» — словы, якімі тлумачаць свой сыход зь дзяржаўнае працы людзі самых розных прафэсіяў.

«Не магу маўчаць» — словы, якімі тлумачаць свой сыход зь дзяржаўнае працы людзі самых розных прафэсіяў. Калі вы зь іхнага ліку — напішыце нам пра сваю гісторыю і сваё рашэньне на адрас: radiosvaboda@gmail.com


Мой сябра Зьміцер Лупач, жыхар вёскі Завараты, якая памірае пад Глыбокім, аграном прафэсіяй, журналіст прызваньнем, жыў з жонкай і траімі дзецьмі ў сваім заварацкім радавым гнязьдзе. У доме, які пабудаваў у 1922 годзе яшчэ Зьмітроў дзед. Але сустрэць стагодзьдзе дзедавай хаты ў родных сьценах Зьмітру ўжо не давядзецца. У 2010 годзе вядомага на ўсю ваколіцу апазыцыянэра і „бээнэфаўца“ выклікалі ў райвыканкам. Няўжо зноў штраф? Ці ўжо арышт? — варажыў Зьміцер. „Ты нам порціш усю раённую стацісьціку!“ — крычала начосаная чыноўніца. Такім чынам, раённая ўлада, каб не псаваць карціну забесьпячэньня шматдзетных сем’яў, ледзь ня гвалтам зрабіла вяскоўца Лупача мешчанінам. Перасяліла з заварацкай лядачай хаткі ў новапабудаваны дом на ўскрайку гораду з цудоўным відам з вакна на лясное возера. Суседам вольнага журналіста па пляцоўцы аказаўся начальнік Глыбоцкай калёніі. У сучаснай Беларусі сумнае і сьмешнае часам ідуць побач.

Іншая мая сяброўка, таксама шматдзетная маці і ўдзельніца ўсіх маршаў і маніфэстацыяў, на папрок сваёй каляжанкі («Як ты можаш хадзіць супраць ЯГО? ЁН жа табе кватэру даў!») выдала цэлы публіцыстычны сьпіч: «Па-першае, ён мне хату не падарыў, бо калі яшчэ тая хата стане ўласнасьцю, дай Бог дажыць. Па-другое, не са сваёй кішэні асабіста мне насыпаў. А з падаткаў іншых людзей. Дык вось калі і адчуваць мне нейкую віну, дык перад гэтымі невядомымі мне людзьмі. А па-трэцяе, ён што, мяне гэтай кватэрай купіў?»

Шматдзетныя сем’і — гэта незвычайная катэгорыя грамадзян. Якую быццам асабіста апякае правадыр. Таму ўбачыць у першыя дні пратэсту ролік супраць гвалту, які запісалі шматдзетныя маці, было асабліва прыемна. Я адшукаў адну з удзельніц таго звароту.

Мяне ня дзівіць яе нежаданьне раскрываць сваю асобу. (Усё ж кабета знайшла новую працу.) Але радуе нечаканы погляд на рэчы, якія, здавалася б, усім разумным людзям даўно вядомыя. Напрыклад, страшылкі пра 90-я. У Расеі гэтыя страшылкі ператварыліся ў анэкдот. Чым даўжэй Пуцін каля стырна, тым страшнейшыя 90-я. Але сапраўды ёсьць катэгорыя людзей, на якіх гэтыя страшылкі дзейнічаюць больш, чым на каго. І якія вельмі ня хочуць туды вяртацца.

— Для каго ён расказвае пра цяжкія дзевяностыя? Каго ён палохае? Вядома, тады цяжкасьці былі шмат у каго з тых, хто не ўпісаўся ў рынак. Але найперш пацярпелі „сілавікі“. У іх тады глеба сышла з-пад ног. Яны ж заўжды былі на добрым забесьпячэньні. Калі афіцэр ехаў у тую ж Нямеччыну, яму тут ішлі грошы „на кніжку“, і там ён атрымліваў. Жытлом іх забясьпечвалі. Раньняя пэнсія. А ў дзевяностыя гэта ўсё прасела. А галоўнае — зьнік прэстыж! Калі ў 80-я для дзяўчынкі выйсьці замуж за вайскоўца — гэта была ўдача, дык у дзевяностыя... Гэта была горкая доля. У канцы 80-х жаданы жаніх — гэта быў каапэратар, а ў 90-я ўжо бізнэсовец. Зрэшты, тыя, па кім праехаліся 90-я, ужо даўно на пэнсіі. А гэтыя страшылкі разьлічаныя, відаць, на новае пакаленьне „сілавікаў“: „Ня дай Бог вернуцца дзевяностыя“.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. «Я раней Пуціна паважаў. Як рускі»

Асабіста я як настаўніца ўспамінаю дзевяностыя зь цеплынёй. Была невысокая нараджальнасьць, таму групы ў садках і клясы ў школах былі невялікія. Не было сёньняшняга: „Каб было 30 чалавек, інакш групы ў садку не адкрыем!“ На пачатку 90-х у маёй школе з трох паралельных клясаў вырашылі зрабіць чатыры. Каб адна была профільная. Вы такое можаце ўявіць сёньня? Каб дырэктар са сваёй ініцыятывы зрабіў з трох чатыры? Гэта ж павялічваюцца выдаткі. Ніхто такога рабіць не асьмеліцца! А тады для тых, хто хоча вучыцца лепш, такое было магчыма. У гэтыя „кепскія“ гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Гэтае лета мяне разбудзіла“

А яшчэ былі розныя напрамкі ў адукацыі. Разьвівальнае навучаньне, праграма „Першы крок“, традыцыйнае навучаньне. У бацькоў быў выбар. Потым гэта ўсё пазаціскалі, напаўняльнасьць клясаў павялічылі. Усе пайшлі паводле аднаго шаблёну. Так што, для мяне 90-я — час свабоды. „Лихие девяностые“ — гэта не пра нас. Не было ў нас ніякага ліха. Ніхто ня быў разьдзеты, ніхто ня быў галодны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Уперад нагамі пад воплескі не атрымаецца“

Пасьля 9-га жніўня раскол адбыўся шмат дзе. У тым ліку і ў чаце шматдзетных маці. Некаторыя: „Мы ня хочам пра гэта гаварыць, давайце пра дзяцей, пра рэцэпты, пра лекі“. А іншыя: „Мы ня можам пра рэцэпты. У нас тут забіваюць пад вокнамі! Якія рэцэпты?“ І мы стварылі свой шматдзетны атрад у тэлеграме, і ўсе ахвотныя запісалі свой зварот. Прыдумалі тэкст, адрэдагавалі і прачыталі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. «Карміць гэты рэжым я ня буду»

Да жнівеньскіх падзей палітыкі ў нашым шматдзетным чаце не было. Бывала, нехта скардзіўся — маўляў, кепска жывецца. Але знаходзіліся тыя, што пярэчылі: „Трэба задавальняцца тым, што ёсьць. У нас і дэкрэтны водпуск вялікі, і падтрымка шматдзетных. Можа, ня самая лепшая падтрымка, якая бывае ў сьвеце, але і ня горшая“. І нельга сказаць, што гэта ня праўда. І працоўнае месца тры гады захоўваецца. Але мая знаёмая беларуска, грамадзянка Нямеччыны, маці траіх дзяцей, сваё нямецкае сацыяльнае жытло здае ў арэнду, а жыве тут. Ад дзяржавы атрымлівае больш за тысячу эўра. І яе водпуск будзе цягнуцца больш за тры гады. І яна будзе атрымліваць сацыяльныя выплаты як маці. Так што выраз „Нідзе такога, як у нас, няма“ не зусім праўдзівы. Такога сапраўды няма. У кожнай краіне іншае. Але іншае ня значыць горшае. Але ж многія шматдзетныя сем’і ў нас зусім не карыстаюцца дапамогай дзяржавы. Ні ў жыльлёвай праграме, ні ў якой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. «Пераблыталі ўладу з радзімай» — былы міліцыянт пра сваіх калег

Уражвала тое, што шмат людзей маглі працягваць жыць звычайным жыцьцём. Хадзіць, сьмяяцца. Жыць так, як быццам нічога не адбываецца. Гэта мяне, вядома, зьдзіўляла больш за ўсё. Хадзілі жанчыны ў белым супраць гвалту. А нехта мог на іх паглядзець і сказаць: „Лепш бы пайшлі бульбу пакапалі“. Гэта сярэдзіна жніўня, якая бульба? Раньнюю выкапалі. Я злавалася, вядома. Думала: вось вашых сваякоў будуць забіваць, а мы пойдзем капаць бульбу... Хай там не было маіх сваякоў, але гэта такія самыя людзі, як і я. Іх б’юць, яны пакутуюць у турмах. І пайсьці займацца сваімі справамі, як быццам нічога ня здарылася...

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Апошняй кропляй стала затрыманьне маёй цымбалісткі“

Але потым я да гэтага прызвычаілася. Цяпер мяне гэта не зьдзіўляе, што ёсьць такія людзі. Нават сярод знаёмых. Чалавек пасьля жнівеньскіх падзей выкладвае на сваёй старонцы рэцэпты... Я есьці не магла. Я схуднела на чатыры кіляграмы за той першы тыдзень. А нейкая тэнісістка выклала нешта пра макіяж.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Канчаткова дабіла спроба вэрбаваньня ў КГБ“

Я не магу спакойна глядзець на людзей у форме. Кажуць, ня кожны амонавец біў. А я ня веру, што ня кожны. Усе супрацоўнікі РАУС... Можа, яны самі ня білі. Але яны прысутнічалі. Яны сядзелі побач, калі людзей білі, калі па людзях хадзілі. Яны ўсе былі там. Я ня веру ў тое, што там ёсьць недатычныя. Яны ўсе саўдзельнікі. Хай нават сваім маўчаньнем. А гэтыя „сьведкі“, паводле чыіх паказаньняў судзілі? А судзьдзі? А чальцы выбарчых камісій? Яны ўсе мусяць быць прыцягнутыя да адказнасьці. Бо яны крымінальныя злачынцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. «Міліцыя не з народам, як і народ не зь міліцыяй»

У мяне ёсьць сяброўка, якая піша лісты палітвязьням, валянтэрыць... Дык вось, яна асуджае ўсіх тых, хто зусім нічога ня робіць. Я зь ёй згодная. Бацька мой мне сказаў па тэлефоне: „Вас выкарыстоўваюць!“ На што я яму: „Вас выкарыстоўваюць ня менш“. А ад маці пачула байку, што нейкай суседцы даюць за марш дваццаць баксаў. „Трэба было, — кажу, — схапіць яе за руку і пазваніць у міліцыю“. Калі мне нехта кажа, што там, на маршах, плацяць, я адказваю: „Зараз ты мне ўсё раскажаш пра гэта. Раскажаш, «где следует». Хто выдае, хто каардынуе. Зараз пазваню, да вас прыедуць. Хай гэта прагрыміць ва ўсіх навінах! Вы гэтага хочаце?“ Адразу ўсе пытаньні здымаюцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Адразу пасьля выбараў нам у дзяржаўных СМІ на трыста рублёў падвысілі аклад“
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. Як сыходзіў Купалаўскі тэатар
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Я прыйшоў прасіць звальненьня, бо эмацыйна выгараў“
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. «Наш пратэст запавольваецца не ад таго, што мы ня палім пакрышак»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Як можна працаваць у Адміністрацыі прэзыдэнта пасьля таго, што адбылося на Акрэсьціна“