Беларусы ЗША намагаюцца прыцягнуць увагу амэрыканскіх палітыкаў да Акту аб дэмакратыі ў Беларусі

Капітолій

Беларусы Амэрыкі актыўна кантактуюць з сваімі сэнатарамі, каб прыцягнуць іх увагу да Акту аб дэмакратыі ў Беларусі. Калі сэнатары да 18 сьнежня прагаласуюць за яго, ён ляжа на стол прэзыдэнту, лічаць яны.

Беларусы ЗША стварылі адмысловы сайт, дзе далі прыклады лістоў і званкоў сэнатарам і палітыкам, якія маюць найбольшы ўплыў на гэты працэс. «Калі ласка, дашліце 4 лісты, зрабіце 4 тэлефонныя званкі і папрасіце сваякоў і сяброў зрабіць тое самае», — зьвяртаюцца яны да беларусаў, якія жывуць у ЗША.

Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі быў пададзены кангрэсмэнам Крысам Сьмітам, які быў таксама аўтарам папярэдніх актаў аб дэмакратыі ў Беларусі ад 2004, 2006 і 2011 гадоў. Прапанова аб пераглядзе Акту аб дэмакратыі была ўхваленая без пярэчаньняў.

Акт пашырае паўнамоцтвы прэзыдэнта ЗША да ўвядзеньня новых санкцыяў супраць уладаў Беларусі, у тым ліку ў сувязі «са спрэчнымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 2020 году і наступнымі рэпрэсіямі з боку ўраду».

18 лістапада дакумэнт ухваліла Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША і перадала ў Сэнат гэтага заканадаўчага органу. Каб законапраект уступіў у сілу, яго павінны ўхваліць Сэнат і падпісаць прэзыдэнт ЗША.