Адвакат палітоляга Шклярава расказаў пра непрымальнасьць статусу ўцекача і пра чаканьне амністыі

Віталь Шкляраў, архіўнае фота

Вызвалены з турмы ў Беларусі палітоляг Віталь Шкляраў, які цяпер лекуецца ў ЗША, застаецца падазраваным у крымінальнай справе. Сьледчыя могуць запатрабаваць, каб ён вярнуўся як найхутчэй.

Пра гэта расказаў у інтэрвію расейскаму выданьню «Новая газета» адвакат Шклярава Антон Гашынскі.

Паводле Гашынскага, 10 сьнежня ён атрымаў адмову ў хадайніцтве на імя кіраўніка сьледчай групы з просьбай вылучыць справу Шклярава асобным вядзеньнем і прыпыніць у сувязі са станам здароўя.

«У кожны момант сьледзтва можа выклікаць Віталя для правядзеньня сьледчых дзеяньняў, і ён абавязаны зьявіцца. У разе незьяўленьня могуць аб’явіць міжнародны вышук Шклярава. І тады ён пяройдзе ў статус уцекача, чаго нікому не хацелася б».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стрэл быў адзін, а "прыляцела" ажно 6 куляў». Гісторыя параненага 9 жніўня 

Гашынскі расказаў, што Шкляраў перанёс каранавірусную інфэкцыю ў зьняволеньні ў Беларусі і паўторна захварэў ужо на тэрыторыі ЗША.

«Яму трэба праходзіць працэдуры, да таго ж у Шклярава прыкметы постковіднага сындрому, ёсьць праблемы з сэрцам. Уся рэабілітацыя патрабуе часу, і гэта вялікая праблема, калі раптам у тэрміновым парадку прыйдзецца зрывацца і ляцець праз акіян на першы выклік».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За падсечку міліцыянту віцябляніну далі 4,5 года калёніі

Як адзначыў Гашынскі, статус уцекача для Шклярава непрымальны, бо ў Беларусі ў таго засталася маці.

«ЗША яго ня выдадуць, але ён ня зможа паехаць ні ў Расею, ні на радзіму, у Беларусь».

Паводле Гашынскага, цяпер «актыўна разглядаецца закон аб амністыі ўсіх палітвязьняў, пад які трапляе і Віталь. Калі так здарыцца — крымінальная справа будзе проста спынена. Гэта пытаньне часу і ўмоваў, на якіх гэтая амністыя будзе магчымая».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Набраўся ад людзей неўміручай веры». Ільля Чарапко-Самахвалаў пра свае 15 сутак

Віталь Шкляраў быў вызвалены насьля некалькі месяцаў зьняволеньня і пакінуў межы Беларусі ў канцы кастрычніка. Ён быў фігурантам «справы Ціханоўскага», хоць яшчэ да затрыманьня заяўляў, што ня быў кансультантам Сяргея Ціханоўскага і ніколі на яго не працаваў.

Нараджэнец Гомля пазыцыянуе сябе як амэрыканскі, нямецкі і расейскі палітычны кансультант, дарадца выбарчых кампаніяў Барака Абамы, Бэрні Сандэрса, Ангелы Мэркель, Ксеніі Сабчак ды іншых.

Жонка Шклярава — грамадзянка ЗША, яна працуе ў амбасадзе ў Кіеве. У сувязі з гэтым ён мае амэрыканскі дыпляматычны пашпарт. Шкляраў быў вызвалены пасьля тэлефоннай размовы Аляксандра Лукашэнкі зь дзяржаўным сакратаром ЗША Майкам Пампэо.