Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Набраўся ад людзей неўміручай веры». Ільля Чарапко-Самахвалаў пра свае 15 сутак


Ільля Чарапко-Самахвалаў
Ільля Чарапко-Самахвалаў

Удзельніка гуртоў «Петля Пристрастия» і «Касіяпэя» затрымалі за ўдзел у акцыі пратэсту 22 лістапада.

Ільля Чарапко-Самахвалаў вызваліўся зь СІЗА ў Баранавічах 7 сьнежня. Там ён правёў амаль 12 дзён. Яшчэ тры дні прыпалі на Акрэсьціна. Сьпявак, актор і музыка расказаў Свабодзе, што зь ім адбывалася апошнімі тыднямі.

«Пачуваюся прынамсі на чацьвёрку пяцібальнай шкалы, — кажа Ільля пра першыя дні пасьля вызваленьня. — Вось учора здаў кроў на аналіз, на антыцелы. Цягам двух дзён павінен быць вынік. Пахі адчуваю, калі вы пра гэта. Тэмпэратуры няма, не кашляю, ня чхаю. Адчуваю сябе агурком. Рамонтам займаюся ўжо. Дакладней, дробязямі тут. І яшчэ справамі, якія ня мог зрабіць у сувязі зь вядомымі падзеямі і знаходжаньнем у іншым горадзе».

Ільля Чарапко-Самахвалаў
Ільля Чарапко-Самахвалаў

Агулам на акцыях пратэсту 22 лістапада ў Беларусі затрымалі каля 400 чалавек. Большасьць зь іх у Менску. Людзі зьбіраліся ў розных раёнах гораду на лякальныя маршы.

«Нас прыціснулі да сьцяны побач з чыгуначным палатном на Клумава, — расказвае пра сваё затрыманьне лідэр „Петли Пристрастия“. — Атачылі з усіх бакоў, уцякаць не было куды. І ўсё. Паставілі ўздоўж сьценкі, потым рассадзілі па транспартных сродках. Мяне спачатку забраў чалавек з ружжом. Я так разумею, ён быў у нейкай такой форме, алмазаўскай. Цалкам у рыштунку, са стрэльбай. Прапанаваў мне здацца. Сказаў: „Стой, страляць буду“. Ну я і здаўся. Ня думаю, што ён сапраўды зьбіраўся страляць. Так, каб напалохаць».

Пасьля гэтага Ільлю павялі ў аўтазак. З словаў сьпевака, над ім не чынілі гвалту. У вялікі аўтазак Чарапко-Самахвалаў не зьмясьціўся, тады яго перавялі ў мікрааўтобус. Адвезьлі ў Партызанскае РУУС.

«Ня зьдзекаваліся, не грубілі, рэагавалі на ўсе нашыя просьбы, — кажа Ільля пра свой вымушаны візыт у РУУС. — Рабілі сваю справу. У РУУС мяне пазналі, міліцыянты неяк раптам аказаліся ў курсе. Бо нехта з затрыманых пасьпеў напісаць пра мяне ў Telegram. А міліцыянты таксама чытаюць тэлеграм-каналы. Яны спыталі, хто такі Чарапко-Самахвалаў, дзе ён. Я назваўся. Мне расказалі, што грамадзкасьць ужо ў курсе таго, што я затрыманы. Ставіліся да мяне карэктна. Як і да ўсіх, у прынцыпе».

Ільля Чарапко-Самахвалаў
Ільля Чарапко-Самахвалаў

Музыка гаворыць, што ў той дзень чуў пра нібыта двух пабітых хлопцаў, але сам таго ня бачыў. Судзілі Чарапко-Самахвалава на наступны дзень. Дакладней, пачалі судзіць.

«Суд клясычна праходзіў, — кажа Ільля. — Судзьдзя, сьведкі, абвінавачаныя. У мяне яшчэ і адвакат быў. Усе амаль атрымалі 15 сутак. Прынамсі з тых, каго судзілі ў Партызанскім судзе. Я, у прынцыпе, і не адпіраўся, часткова прызнаў віну. Адвакат знайшла пэўныя недапасаваньні ў справе, таму маё паседжаньне два дні працягвалася. Але вынік усё адно такі самы. Людзі прызнавалі віну — ім давалі 15 дзён. Не прызнавалі — ім таксама 15 дзён. Быў адвакат, не было адваката — 15 дзён. Толькі аднаму чалавеку далі 12, нешта прынялі да ўвагі. Жанчыне адной штраф далі, бо іх разам з мужам „прынялі“, а дома засталіся дзеці. Мужу ў выніку 15 дзён, а яна вярнулася дадому».

Празь дзень пасьля суду вялікую частку затрыманых павезьлі ў Баранавічы. Музыка гаворыць, што ўмовы ў ізалятарах розныя. Паўсюль свае плюсы і мінусы.

«Гледзячы што ацэньваць, — кажа ён. — На Акрэсьціна выключалі сьвятло на ноч, у Баранавічах не. Але на Акрэсьціна было вельмі горача ў камэры на 9 чалавек. А месцаў шэсьць. Ежа на Акрэсьціна жахлівая. Каша на вадзе і дзіўныя мясныя вырабы. У Баранавічах вельмі старыя камэры. Нечым больш нагадвалі часы царскай Расеі, чым сучасную пэнітэнцыярную ўстанову».

У Баранавіцкай камэры Ільлі былі 8 чалавек на 8 спальных месцаў. Сярод сядзельцаў у асноўным удзельнікі акцыяў пратэсту, але былі і іншыя. Прафэсіі ў «сутачнікаў» самыя розныя. Ільлю трапіліся кіроўца, крызісны дырэктар, гандляр саджанцамі, кіроўца алькагольнага грузавіка, электрык, памочнік машыніста, геоляг, рабочы заводу. Пакараньне адбывалі без канфліктаў, прыдумалі сабе рэжым, арганізавана займаліся прыбіраньнем.

«Кантактавалі ў асноўным паміж сабой, — кажа Ільля. — „Узаемапранікалі“, гулялі ў інтэлектуальныя гульні, чыталі кнігі. Вядома, калі б я ня меў такога досьведу, то не памёр бы. Шчыра скажу. Але тым ня менш гэта са мной здарылася. Прачытаў адну цудоўную кнігу, перачытаў некалькі яшчэ. Пазнаёміўся зь людзьмі, набраўся ад іх неўміручай веры ў тое, што ўсё адбудзецца так, як мы хочам. Пахудзеў кіляграмы на чатыры. Я даўнавата ўжо ня важыў 70 кіляграмаў. Гэта таму, што я часта даволі адмаўляўся ад ежы, голадам мяне ніхто не катаваў».

Ільля кажа, што пазытыўна ўспрыняў новы досьвед, хоць сам у прынцыпе чалавек хутчэй скептычны.

«Я больш спадзяюся, чым веру, — разважае ён. — Але тым ня менш агульны настрой мне быў зразумелы. Я парадаваўся, што такая колькасьць такіх людзей была побач са мной у Баранавіцкім СІЗА. Там былі тыя, хто першы раз „прысеў“. А былі і такія, хто раней бываў у Жодзіне, на Акрэсьціна, плацілі штрафы. Але тым ня менш яны поўныя рашучасьці».

З словаў музыкі, за ўвесь час за кратамі ён бачыў усяго некалькі зломленых вязьняў. Сярод іх у асноўным былі тыя, каго схапілі выпадкова, яны ня ўдзельнічалі ў пратэстах. Ільля кажа, што ў асноўным «на сутках» адзін аднаго ўсе падтрымлвіаюць, у роспач ніхто ня кідаецца.

«Прыходзілі лісты ад людзей, якіх я ведаю, — расказвае Чарапко-Самахвалаў пра падтрымку з волі. — І ад тых, каго ня ведаю. Якія проста прыхільнікі творчасьці. Я ня змог адказаць на ўсе лісты. У нас там быў адзін стрыжань ад асадкі. І аловак, але гэта зусім не варыянт, каб пісаць. Думаў, што калі выйду, то, магчыма, запішу нейкі відэазварот. Але пакуль неяк няма для гэтага настрою. Магчыма, сёньня запішу. Але хачу ўсім падзякаваць. Дапамога тых, хто напісаў, неацэнная. Я раней недаацэньваў сілу лістоў у такога кшталту ўстановы. І радасьць ад іх атрыманьня, і ўвогуле ад таго, што чытаеш. Усіх заклікаю, хто можа, не адкладваць і пісаць як мага больш лістоў людзям за кратамі. Гэта рэальная падтрымка».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG