Сьледчы ў Бэрліне расказаў пра сьмерці людзей са сьпісу ФСБ

Плякат з забітым у Бэрліне Зелімханам Хангашвілі на акцыі пратэсту ў Нямеччыне

Сьледчы ў справе аб забойстве ў Бэрліне былога чачэнскага палявога камандзіра Зэлімхана Хангашвілі расказаў пра гібель людзей са сьпісу падазраваных у тэрарызьме, перададзенага нямецкім уладам расейскай Фэдэральнай службай бясьпекі.

Некалькі людзей са сьпісу, у якім былі 19 чалавек, памерлі «не з натуральных прычынаў», але колькі менавіта чалавек загінулі — не раскрываецца. Пра гэта паведамляе DW.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bellingcat: вызначылі асобу саўдзельніка забойства Хангашвілі ў Бэрліне

Хангашвілі быў застрэлены ў Бэрліне ў жніўні 2019 году. Ён таксама ўваходзіў у гэты сьпіс. ФСБ перадала яго ў нямецкае Фэдэральнае ведамства крымінальных справаў у 2012 годзе. Паводле вэрсіі Фэдэральнай пракуратуры Нямеччыны, замах на Хангашвілі замовілі расейскія ўрадавыя органы. Масква дачыненьне да забойства катэгарычна адмаўляе.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што забіты быў адным з арганізатараў выбухаў у маскоўскім мэтро, пазьней яго зьвязвалі з захопам школы ў Бэслане. У двух тэрактах загінулі 374 чалавекі. Пуцін выказаў думку, што забойства ў Бэрліне стала вынікам «бандыцкіх разборак».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына абвінаваціла расейскі ўрад у заказным забойстве ў Бэрліне

Адразу пасьля замаху быў арыштаваны меркаваны выканаўца. Ён прыехаў у Нямеччыну з фальшывымі дакумэнтамі. Аднак, паводле зьвестак журналістаў-расьсьледвальнікаў, сапраўднае імя затрыманага Вадзім Красікаў. Сьцьвярджаюць, што раней ён служыў у спэцназе ФСБ і ўдзельнічаў у некалькіх замоўленых забойствах.

  • У дзень забойства Хангашвілі, які меў грузінскае грамадзянства, мусіў сустрэцца з жонкай былога прэзыдэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі Сандрай Руляфс, — зьвяртае ўвагу рэдакцыя Кавказ.Реалии. Пра што яны мелі размаўляць — невядома. Рулафс займаецца дабрачыннасьцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдыя-расьсьледаваньне знайшло «сьлед ФСБ» у забойстве чачэнскага камандзіра