Глябальнае дасьледаваньне пацьвердзіла, што падчас пандэміі людзі больш ядуць нездаровай ежы, менш займаюцца фізычнымі практыкаваньнямі, больш нэрвуюцца і менш сьпяць. Пра гэта піша The New York Times.
Рэзкія зьмены паводзінаў людзей па ўсім сьвеце
Глябальнае апытаньне, праведзенае раней сёлета, пацьвердзіла, што пандэмія каранавірусу і зьвязаныя зь ёй абмежаваньні прывялі да рэзкіх зьменаў у паводзінах жыхароў плянэты. Людзі ва ўсім сьвеце скарацілі фізычную актыўнасьць і пачалі есьці больш нездаровай ежы. Пандэмія таксама падвысіла ўзровень трывожнасьці і парушыла сон. Асабліва дрэнна сытуацыя адбілася на тых, хто пакутуе ад атлусьценьня і ўжо сутыкаецца з падвышанай рызыкай для здароўя.
Вынікі дасьледаваньня, апублікаваныя ў часопісе Obesity, зьяўляюцца перасьцерагальным урокам, бо колькасьць выпадкаў каранавірусу працягвае расьці, і шмат у якіх краінах уводзяцца новыя карантынныя абмежаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кавідная» зіма пагоршыць стан людзей з дэпрэсіяй. Як ратаваццаЯшчэ застаецца некалькі месяцаў да таго, як вакцына стане шырока даступнай, і людзі змогуць бясьпечна аднавіць ранейшы распарадак жыцьця і працы. На думку навукоўцаў, цяпер самае зручны час для ацэнкі звычак людзей і пошуку імі новых шляхоў паляпшэньня фізычнага і псыхічнага здароўя.
Вынікі глябальнага дасьледаваньня
У дасьледаваньні, праведзеным навукоўцамі з Цэнтру біямэдычных дасьледаваньняў Пэнінгтана ў штаце Луізыяна (ЗША), прынялі ўдзел амаль 8000 дарослых людзей — жыхары 50 розных краін сьвету і кожнага штату ЗША.
Дасьледнікі выявілі, што зьніжэньне ўзроўню здаровага ладу жыцьця падчас пандэміі і паўсюдных карантынаў было даволі распаўсюджанай зьявай незалежна ад геаграфіі.
«Больш за ўсё пацярпелі людзі з атлусьценьнем — і менавіта гэтага мы баяліся, — сказала адна з аўтараў дасьледаваньня Эмілі Фланаган. — Яны ня толькі пачыналі з павышанага ўзроўню трывожнасьці перад пандэміяй, але і мелі самае вялікае павышэньне ўзроўню трывожнасьці за ўсю пандэмію».
Атрыманыя дадзеныя паказалі, як менавіта людзі зьмянілі свой распарадак дня і паводзіны ў адказ на абмежаваньні, уведзеныя ў краінах па ўсім сьвеце для запаволеньня распаўсюджваньня вірусу. Пандэмія парушыла звыклае жыцьцё, ізалявала людзей ад сяброў і сям’і і спарадзіла эканамічны крызіс, калі дзесяткі мільёнаў жыхароў плянэты страцілі працу або сталі атрымліваць значна менш.
Найгоршае — рост вагі
З красавіка да пачатку траўня каля 7750 чалавек, большасьць зь якіх жывуць у ЗША, а таксама ў такіх краінах, як Канада, Аўстралія і Вялікабрытанія, прайшлі апытаньне. Сярэдні ўзрост рэспандэнтаў — 51 год, большасьць з іх — жанчыны. Каля траціны людзей мелі залішнюю вагу, траціна — атлусьценьне, яшчэ траціна — нармальную вагу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У траціны пацыентаў з COVID-19 мяняецца псыхічны станКаля 27 адсоткаў апытаных заявілі, што павялічылі вагу пасьля таго, як набылі моц першапачатковыя карантынныя абмежаваньні.
Каля 17 працэнтаў паведамілі, што схуднелі — нядзіўна, што гэта былі людзі, якія павысілі ўзровень фізычнай актыўнасьці і палепшылі харчаваньне пасьля пачатку пандэміі.
На другім месцы — псыхіка
Сацыяльная ізаляцыя адбіваецца на псыхічным здароўі, і гэта вельмі ярка праявілася ў выніках дасьледаваньня. Людзі паведамілі пра значна больш высокі ўзровень трывожнасьці. Каля 20 адсоткаў заявілі, што іх страх і няздольнасьць кантраляваць або спыніць неспакой, былі дастаткова сур’ёзнымі, каб перашкаджаць іх паўсядзённай дзейнасьці.
Каля 44 працэнтаў заявілі, што падчас пандэміі ў іх пагоршыўся сон. У сярэднім людзі клаліся спаць прыкладна на гадзіну пазьней звычайнага і прачыналіся прыкладна на гадзіну пазьней, чым звычайна. Толькі 10 адсоткаў заявілі, што іх сон палепшыўся з пачаткам пандэміі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не ігнаруйце дэпрэсіўных настрояўАгулам апытаньне пацьвердзіла вядомую тэндэнцыю: стрэс прыводзіць да дрэннага сну, што, у сваю чаргу, вядзе да таго, што людзі менш трэніруюцца, спажываюць больш нездаровай ежы і набіраюць вагу.
Ёсьць і аптымістычная выснова
Доктар Фланаган спадзяецца, што вынікі могуць натхніць людзей па ўсім сьвеце на больш актыўныя дзеяньні адносна свайго здароўя. Сярод іх:
- пошук спэцыялістаў у галіне псыхічнага здароўя,
- наданьне першачарговай увагі сну,
- пошук магчымасьцяў трэніравацца дома,
- большая ўнутраная гатоўнасьць на выпадак завядзеньня новых карантынаў.
«Дасьведчанасьць аб тым, як нашы паводзіны адносна здароўя мяняюцца падчас карантыну, можа дапамагчы нам змагацца з гэтым, калі будзе ўведзена новая ізаляцыя, — сказала доктарка Фланаган. — Усьвядомленасьць — гэта сапраўды рэч № 1».