Трое былых прэзыдэнтаў ЗША — Барак Абама, Джордж Буш-малодшы і Біл Клінтан — заяўляюць пра гатоўнасьць публічна, пад камэры, прайсьці працэдуру вакцынацыі ад каранавіруснай інфэкцыі, каб дапамагчы пераканаць амэрыканцаў у бясьпецы вакцыны.
Прадстаўнікі былых прэзыдэнтаў заявілі пра гэта журналістам у чаканьні рэгістрацыі ўладамі ЗША вакцыны для масавай вакцынацыі ад COVID-19. Цяпер на разглядзе два прэпараты — распрацаваныя кампаніямі Pfizer і Moderna. Абедзьве кампаніі заяўляюць, што ў ходзе клінічных выпрабаваньняў эфэктыўнасьць іх вакцын перавысіла 90 адсоткаў.
Няясна, ці далучыцца да ініцыятывы яшчэ адзін былы прэзыдэнт — Джымі Картэр, якому цяпер 96 гадоў.
Пра свой удзел у вакцынацыі пакуль не казалі дзейны прэзыдэнт Дональд Трамп, які перанёс каранавірусную інфэкцыю ў кастрычніку, і абраны прэзыдэнт Джо Байдэн.
- У Злучаных Штатах у апошнія дні фіксуецца самая высокая колькасьць інфікаваных за суткі ад пачатку эпідэміі — амаль 200 тысяч. Колькасьць шпіталізаваных у краіне перавысіла 100 тысяч, а колькасьць сьмерцяў за суткі перавышае 2 тысячы. Спэцыялісты кажуць, што бліжэйшыя зімовыя месяцы будуць самыя цяжкія за ўвесь час эпідэміі, якая пачалася ў ЗША ў сакавіку гэтага году. У большасьці штатаў, аднак, жорсткія карантынныя абмежаваньні цяпер ня ўводзяцца — праз боязь новага рэзкага спаду эканомікі і скачка беспрацоўя, падобнага да таго, які меў месца вясной.
- ЗША на першым месцы ў сьвеце па агульнай колькасьці выяўленых выпадкаў інфэкцыі і па колькасьці сьмерцяў.