Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус у сьвеце: локдаўн у Грэцыі, вынікі масавага тэставаньня ў Славаччыне, COVID-19 ізноў у Белым доме


Норкі з дацкіх зьверафэрмаў. Ілюстрацыйнае фота.
Норкі з дацкіх зьверафэрмаў. Ілюстрацыйнае фота.

Колькасьць інфікаваных каранавірусам у сьвеце перавысіла 49 мільёнаў. Эпіцэнтрам распаўсюджваньня інфэкцыі апошнія некалькі тыдняў стала Эўропа, дзе зарэгістравана больш за 300 тысяч сьмерцяў, гэта траціна ад усіх ахвяраў COVID-19 у сьвеце, паведамляе ВВС.

Грэцыя: новы локдаўн

Школа ў Грэцыі ў верасьні.
Школа ў Грэцыі ў верасьні.

Другая хваля каранавіруснай інфэкцыі дасягнула і Грэцыі, улады якой з 6.00 раніцы суботы ўвялі па ўсёй краіне строгія абмежаваньні. Грэкам дазваляецца выходзіць на вуліцу толькі пасьля таго, як зробяць афіцыйны запыт па мабільным тэлефоне і атрымаюць аўтарызацыю. Адкрытыя толькі крамы, якія гандлююць таварамі першай неабходнасьці, і аптэкі.

Францыя: новыя рэкорды

У францускім шпіталі
У францускім шпіталі

У Францыі за адзін дзень выяўлена 60 486 новых выпадкаў захворваньня — самая высокая колькасьць ад пачатку пандэміі. У краіне завяршаецца першы тыдзень новага локдаўну з камэнданцкай гадзінай паміж 22.00 і 06.00.

Карантын у іншых краінах ЭЗ

Карантын распачаўся 7 лістапада ў Польшчы, дзе па-ранейшаму працуюць цырульні і бакалейныя крамы, але ўсе культурна-забаўляльныя ўстановы зачыненыя, а гатэлі прымаюць толькі тых, хто прыяжджае па працы.

Працягваюцца пратэсты супраць карантыну ў некалькіх эўрапейскіх краінах — у Брытаніі, некаторых рэгіёнах Італіі і ў Чэхіі адбыліся сутычкі дэманстрантаў з паліцыяй.

У Нямеччыне выяўлена рэкордная колькасьць новых хворых — 23,4 тысячы, і 130 сьмерцяў за суткі.

Брытанія: не пускае турыстаў з Даніі

Вялікая Брытанія ўвяла поўную забарону на ўезд для жыхароў Даніі праз успышку каранавірусу на дацкіх фэрмах гадоўлі норак. Некалькі дзён таму ўлады Даніі ўвялі карантын у некаторых раёнах краіны з прычыны мутацыі каранавірусу ў норак, якая робіць магчымай яго перадачу чалавеку. Вірус першапачаткова перадаўся ад чалавека да жывёлы, а затым пасьля мутацыі назад да чалавека.

Данія — найбуйнейшы ў сьвеце вытворца норкавых футраў, якія ідуць на экспарт галоўным чынам у Кітай і Ганконг. Усе 17 млн норак на зьверафэрмах у Даніі будуць забітыя. Па словах дацкіх уладаў, мутацыя можа адбіцца на эфэктыўнасьці любой будучай вакцыны ад каранавірусу.

ЗША: Каранавірус ізноў у Белым доме

Нядаўна перахварэў на каранавірус прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, цяпер жа тэст паказаў наяўнасьць вірусу ў кіраўніка апарату Белага дому Марка Мэдоўза, якому 61 год, паведамляюць Reuters і Bloomberg са спасылкай на свае крыніцы. Як перадае CNN са спасылкай на двух супрацоўнікаў Белага дому, Мэдоўз паведаміў, што ў яго быў выяўлены каранавірус, ужо пасьля выбараў. Акрамя таго, як перадаюць агенцтвы, COVID-19 знайшлі ў аднаго з кіраўнікоў штабу Трампа Ніка Трэйнэра і яшчэ чатырох дарадцаў рангам ніжэй. У ЗША трэці дзень запар колькасьць інфікаваных дасягае 127 000.

Славаччына: Масавае экспрэс-тэставаньне

Улады Славаччыны праводзяць шырокамаштабную праграму тэставаньня. За мінулыя выходныя яны пратэставалі каля 70% насельніцтва, што, як разьлічваюць славацкія ўлады, дапаможа ўдвая скараціць колькасьць заражэньняў. Тэсты былі праведзеныя ў 3,6 млн чалавек з 5,4 млн насельніцтва краіны. Новы каранавірус выявілі крыху больш чым у 1% з тых, каго пратэставалі — гэта значыць, у 38 359 чалавек. Улады выкарыстоўвалі экспрэс-тэст, выраблены ў Паўднёвай Карэі, які дае вынік на працягу 30 хвілін. Улады не выкарыстоўвалі больш дакладны ПЦР-тэст, бо ён даражэйшы і даўжэй апрацоўваецца ў лябараторыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG