«За кратамі прачытаў „Палескіх рабінзонаў“». Пасьля 15 сутак вызваліўся журналіст Максім Лаўрэцкі

Максім Лаўрэцкі пасьля вызваленьня з ізалятара ў Баранавічах, 1 сьнежня

Максіма затрымалі перад Маршам пэнсіянэраў 16 лістапада. Зьняволеньне ён адбываў у Баранавічах.

Суд па справе Максіма Лаўрэцкага прайшоў 17 лістапада, яго асудзілі на 15 сутак арышту. Амаль увесь тэрмін ён адбыў у баранавіцкім ізалятары.

«Адчуваю сябе ня вельмі добра, — расказаў Максім адразу пасьля вызваленьня. — Не адчуваю пахаў. Сёньня ўжо стала лепш, але ўчора было ўвогуле дрэнна. Я захварэў ужо тут. Нас перавялі ў камэру, дзе быў хворы чалавек. І паступова ўсе захварэлі. Спачатку адчуваў холад, але потым проста станавілася ўсё горш і горш. Перастаў адчуваць пахі, ва ўсіх сукамэрнікаў тое самае стала».

Максіма асудзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пэнсіянэраў. Сам ён гэта катэгарычна адмаўляе. Кажа, што шэсьця ў дзень затрыманьня нават не пабачыў.

«Мяне прыгожа затрымлівалі, — расказвае ён. — Стаяў на прыпынку на плошчы Перамогі, не было ніякага маршу, нічога. Людзі чакалі аўтобуса. Пад’ехаў мікрааўтобус, адтуль вываліўся АМАП, пяць чалавек. Завялі мяне пад рукі ўнутр. Вельмі настойліва папрасілі разблякаваць тэлефон, пачаўся допыт. Распытвалі, дзе я жыву, пра людзей розных. Такога кшталту пытаньні, вельмі доўга расказваць. Але ў РУУС ужо не чапалі больш».

Максім кажа, што фізычнага гвалту ў дачыненьні да яго не прымянялі. Толькі адзін раз ён атрымаў удар па нагах, калі ля сьцяны ў РУУС загадалі паставіць іх шырэй.

«Што я магу пра свой суд думаць? У іх нічога не сышлося нармальна, але я ўсё адно вінаваты, — расказвае Максім. — Але цяпер ва ўсіх так суды праходзяць. Яшчэ больш нестыковак у іх было. Агулам людзі адукаваныя на „сутках“. Са 120 чалавек, якіх заводзілі ў нашую агульную камэру, я налічыў толькі некалькі маргіналаў. У маёй камэры на Акрэсьціна быў яшчэ бізнэс-аналітык, праграміст, буйны прадпрымальнік і два інжынэры. У прынцыпе, гэта звычайны склад турэмнай камэры цяпер».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіста Максіма Лаўрэцкага арыштавалі на 15 сутак. Міліцыянт сьведчыў зь «мяшком» на галаве

Па словах Максіма, займацца за кратамі не было чым. На Акрэсьціна ў іх не было нават кніг. У Баранавічах побытавыя ўмовы былі нашмат больш прымальныя. Але толькі датуль, пакуль уся камэра не захварэла.

«Тут, у Баранавічах, кнігі чыталі, судоку разгадвалі, сканворды, — кажа Максім. — Я Янку Маўра чытаў. „Палескія рабінзоны“ і „Сын вады“. Камуністычна крыху, але пойдзе, мне спадабалася. Але калі захварэлі, то ўжо было не да гэтага. Не ясі, ня п’еш, проста спрабуеш паспаць, і ўсё. Немагчыма нічога рабіць».

Па словах журналіста, у ізалятары быў адзін лекар на ўсіх, які даваў хворым парашкі, каб зьняць сымптомы. Яшчэ вязьням пэрыядычна мералі тэмпэратуру, але ва ўсіх тэрмомэтар паказваў 36,3. Хуткую дапамогу выклікалі толькі аднаму дзядку з эпілепсіяй. Больш нікога з ізалятара лекары не забіралі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У пяцярых зь пяці пасьля выхаду з ізалятараў дыягнаставалі COVID-19»

«Сёньня мне дастаткова таго, што я выйшаў, — кажа Максім. — Мне пакуль больш нічога ня трэба, рады і гэтаму. Вось ад хваробы крыху адпусьціла, то ўжо нармальна. Учора ўвогуле дрэнна было. Гэта як грып, але ты яшчэ ня можаш пакласьціся спаць».

Максім зьбіраецца паспрабаваць забраць з РУУС свае рэчы, мабільны тэлефон. Падчас суду яму ўдалося дамагчыся, каб зь іх зьнялі арышт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Следующая остановка — ад». Як я правёў 10 содняў у жодзінскім ізалятары«Ахоўнікі ўключалі нам песьню Данчыка». Пасьля 15 дзён арышту вызваліўся апэратар Андрэй Рабчык«Сьведкам быў Іваноў Іван Іванавіч». Двое незалежных журналістаў на волі пасьля арыштаў. ВІДЭА