Беларускія лекары — рэнтгеноляг Ігар Гоцін і анкаўроляг Аляксандар Мініч — у лістападзе адбывалі адміністрацыйны арышт і захварэлі на каранавірус. У эфіры «Настоящего времени» яны расказалі пра сытуацыю з COVID-19 у ізалятарах.
Іх затрымалі 7 лістапада каля 1-га шпіталя «за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».
Аляксандар Мініч сказаў, што і ў Жодзіне, і ў Магілёве ў камэры былі людзі з сымптомамі. «У прыватнасьці, у Магілёве былі чатыры чалавекі з страчаным нюхам».
Ігар Гоцін лічыць, што заразіўся ў сартавальнай камэры ў Баранавічах, дзе на 12 квадратных мэтрах было 80 чалавек.
«Безумоўна, можна казаць пра ўспышку [COVID-19], бо нават калі ўзяць, да прыкладу, супрацоўнікаў установы аховы здароўя, у якой я працую, з нас пяць чалавек былі на „сутках“ у розных ізалятарах нашай краіны. У пяцярых зь пяці па выхадзе зь месцаў пазбаўленьня волі быў дыягнаставаны станоўчы тэст на COVID-19. Гэта сто адсоткаў».