25 гадоў назад, у канцы лістапада 1995 году, у Беларусі адбылася падзея, якая магла завяршыцца адстаўкай Аляксандра Лукашэнкі.
Было агучанае ягонае інтэрвію нямецкаму выданьню Handelsblatt, у якім кіраўнік краіны, дзе ў гады вайны з нацыстамі загінуў кожны чацьвёрты, усхваляў Гітлера.
Сьцісла:
- Нямецкае выданьне Handelsblatt вырашыла не друкаваць станоўчыя словы Лукашэнкі пра Гітлера, каб не даваць трыбуну падобным ацэнкам.
- Прадстаўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Замяталін заявіў, што Лукашэнка Гітлера не хваліў, гэта правакацыя «нацыяналістычных сілаў».
- Актывіста БНФ затрымалі за ўлёткі з цытатай Лукашэнкі, бо палічылі гэта паклёпам на прэзыдэнта.
- Васіль Быкаў назваў Лукашэнку «тыповым стварэньнем позьняга бальшавізму».
- Зянон Пазьняк папярэдзіў, што Беларусь «пад пагрозай усталяваньня дыктатуры, прытым надзвычай дурной дыктатуры, якая маральна зганьбіць нас на цэлыя пакаленьні».
- Значная частка насельніцтва гатовая была дараваць Лукашэнку што заўгодна, бо чакала ад яго цуду.
Прывядзем выказваньні Лукашэнкі пра Гітлера на мове арыгіналу.
Спачатку — словы, сказаныя карэспандэнту Handelsblatt Маркусу Цынэру.
«История Германии — это слепок в какой-то степени истории Беларуси на определенных этапах. В свое время Германия была поднята из руин благодаря очень жесткой власти известным Адольфом Гитлером. И не все только плохое было связано в Германии с известным Адольфом Гитлером. Вспомните его власть в Германии. Немецкий порядок формировался веками, при Гитлере это формирование достигло наивысшей точки. Это то, что соответствует нашему пониманию президентской республики и роли в ней президента».
Празь некалькі дзён Лукашэнка ўдакладніў свае ацэнкі ў гутарцы зь беларускімі журналістамі.
«Я подчёркиваю, что не может быть в одном человеке всё чёрное или всё белое. Есть и положительное. Гитлер сформировал мощную Германию благодаря сильной президентской власти. Германия поднялась благодаря сильной власти, благодаря тому, что вся нация сумела консолидироваться и объединиться вокруг сильного лидера. Глава государства — президент, его авторитет, его ведущая роль выходят на этом этапе на первое место. Этому учит нас немецкая история. Сегодня мы переживаем такой же период времени, когда нужна консолидация вокруг одного или группы людей, чтобы выжить, выстоять и подняться на ноги».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Сталіну трэба паставіць помнік у Беларусі за пакт Молатава — Рыбэнтропа»Вы не паверыце, але спачатку пра стаўленьне свайго прэзыдэнта да Гітлера беларускі народ даведаўся... па беларускім дзяржаўным радыё.
Чытачы ж нямецкага выданьня фразы пра Гітлера ня ўбачылі — рэдакцыя вырашыла іх не зьмяшчаць. У інтэрвію маскоўскай газэце «Известия» карэспандэнт Handelsblatt Маркус Цынэр, які гутарыў з Лукашэнкам, наступным чынам патлумачыў рашэньне рэдакцыі:
«Выказваньне спадара Лукашэнкі сапраўды мела месца ў інтэрвію. Але наша рэдакцыя прыняла рашэньне гэтыя выказваньні не публікаваць і, у прыватнасьці, з таго меркаваньня, каб не прадастаўляць буйную нацыянальную нямецкую штодзённую газэту ў якасьці трыбуны для падобнага кшталту тэзісаў».
Праўда, камэнтатары заўважалі, што магла быць яшчэ адна прычына: публікуючы падобнае, рэдакцыя магла ўступіць у канфлікт зь нямецкім заканадаўствам, якое забараняе апалягетыку Гітлера і нацызму. Словы, канечне, належалі суразмоўцу, і ў выпадку прэтэнзіяў адвакаты, мабыць, іх адбілі б, але ў рэдакцыі вырашылі не ствараць сабе лішніх праблемаў.
Выказваньне пра Гітлера было нагэтулькі неверагоднае, што актывіста БНФ, які на пікеце ў Кунцаўшчыне распаўсюджваў улёткі, дзе прыводзілася цытата Лукашэнкі пра Гітлера, затрымала міліцыя, склала пратакол і паведаміла ў КДБ: палічылі, што чалавек узводзіць паклёп на прэзыдэнта.
«Хто чуў, магчыма, не паверылі сваім вушам, нагэтулькі неверагодная была гэтая сэнтэнцыя, — казаў на хвалях Радыё Свабода Валянцін Жданко. — Афіцыйныя СМІ тым часам ні слова не згадалі пра станоўчую ацэнку Лукашэнкам гітлераўскае палітыкі... Журналісты, якіх Лукашэнка лічыць „сваімі“, маўчаць. Ды і што скажаш, чым растлумачыш прызнаньне прэзыдэнта народу, які дагэтуль амаль у кожнай сваёй сям’і аплаквае ахвяраў нацызму?».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трасьцянец і абсалютнае злоАднак неўзабаве на тэлебачаньні выступіў начальнік упраўленьня інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта палкоўнік Уладзімер Замяталін, вядомы сваімі антыбеларускімі і прарасейскімі настроямі, ідэоляг рэфэрэндуму — 1995.
Пачаў сваю прамову Замяталін дзіўнавата:
«Хлопчык, які скончыў школу з залатым мэдалём, а таксама два інстытуты, адзін зь якіх з чырвоным дыплёмам, ніколі ня мог сказаць нічога добрага пра крывавага дыктатара Адольфа Гітлера».
Як вядома, залатога мэдаля ў Лукашэнкі не было (яго і не магло быць у школьніка, які стаяў на ўліку ў дзіцячым пакоі міліцыі), але, з другога боку, прозьвішча «хлопчыка» Замяталін не назваў. Зусім магчыма, што быў нейкі хлопчык, і не адзін, які ў школе атрымаў залаты мэдаль, а ў адным з двух інстытутаў — чырвоны дыплём. І, найхутчэй, такія хлопчыкі сапраўды ня сталі б нічога добрага казаць пра Гітлера. Як, зрэшты, і хлопчыкі без мэдалёў і чырвоных дыплёмаў.
Спалучэньне гэтых словаў Замяталіна зь ягоным наступным пасажам камэнтатары назавуць прыёмам з арсэналу гебэльсаўскай прапаганды.
«Прэзыдэнт не выказваў і ня мог выказваць сымпатыяў да Адольфа Гітлера, — сказаў далей Замяталін. — Гэта сплянаваная палітычная акцыя, накіраваная на дыскрэдытацыю ўлады ў час выбараў. Зацікаўленыя ў падобнай правакацыі тыя нацыяналістычныя сілы, якія пацярпелі вельмі сур’ёзную паразу на травеньскіх выбарах у парлямэнт, спрабавалі сарваць усенародны рэфэрэндум і стварыць сытуацыю нестабільнасьці і хаосу».
Словам, Лукашэнка Гітлера не хваліў, гэта выдумала апазыцыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: Мы не дазволім рэабілітаваць нацызмЯк зрэагавалі на заявы Лукашэнкі ў грамадзтве?
«У сьвеце ёсьць нямала ўладароў, ідэалёгія і практыка якіх вельмі блізкія з фашызмам. Аднак ніводнаму дыктатару і ў галаву ня прыйдзе адкрыта выяўляць свае сымпатыі да заснавальніка Трэцяга Рэйху. Наадварот, усе дыктатары, як толькі можна, адхрышчваюцца ад таўра фашыста і пасьлядоўніка Гітлера. А тут кіраўнік дзяржавы сам, прычым без прымусу, добраахвотна ставіць на сабе гэтае таўро», — пісаў Юры Дракахруст у «Белорусской деловой газете».
«Ці ведала партызанская рэспубліка, што ў 1994 годзе, адразу пасьля сьвяткаваньня 50-годзьдзя вызваленьня Беларусі, абірае прэзыдэнтам прыхільніка Адольфа Гітлера? Такое не магло прысьніцца і ў страшэнным сьне вэтэранам, якія галасавалі за Лукашэнку», — заявіла Палітычная камісія Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
БНФ прыняў заяву, адзначыўшы, што «пад дыктатуру падводзіцца ідэалягічнае абгрунтаваньне ў выглядзе „захаваньня парадку“. Розьніца толькі ў тым, што барацьба за „чысьціню арыйскай расы“ зьмянілася на „ўмацаваньне славянскай еднасьці“» .
Зянон Пазьняк палічыў патрэбным зьвярнуцца да грамадзтва з адкрытым лістом:
«Вы, спадар Лукашэнка, ухваляючы Гітлера, апаганьваеце памяць майго бацькі, які загінуў пад Катавіцамі ў барацьбе з гітлераўцамі, як і памяць майго дзядзькі, што прайшоў з 1941-га ўсю вайну ў танку “ КВ“ і згарэў у ім 9 лютага 1945 году пад Мэркіш Фрыдлянд ва Ўсходняй Прусіі. Калі б яны ўсталі — яны б вам паказалі Гітлера. У тысячах беларускіх сем’яў яшчэ жыве дух загінуўшага мужа, бацькі і сьвятая памяць пра іх. Знайшоўся чалавек, які напляваў на гэтую памяць.
Я зьвяртаюся да адукаваных людзей Беларусі, да тых, хто здольны нешта разумець, рабіць высновы з нацыянальнай і сусьветнай гісторыі. Я пра гэта пісаў і казаў неаднаразова: Беларусь пад пагрозай усталяваньня дыктатуры, прытым надзвычай дурной дыктатуры, якая маральна зганьбіць нас на цэлыя пакаленьні, прынізіць нашу нацыянальную супольнасьць, адкіне далёка назад у эканамічным, грамадзкім і палітычным разьвіцьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пазьняк: Пуцін даў Лукашэнку два месяцы, каб расправіцца з рэвалюцыяй. ВІДЭАГазэта «Свабода» зьмясьціла водгук Васіля Быкава. «Горш ня зробіш — для сябе, для грамадзтва, для нашчадкаў таксама» — ацаніў Быкаў абраньне Лукашэнкі прэзыдэнтам у 1994 годзе, а цяпер сказаў, што ня зьдзіўлены такой ацэнкай Гітлера з вуснаў Лукашэнкі:
«... кожны палітык цягнецца да сябе падобнага, так ці інакш кансалідуецца зь ім. ... Лукашэнка — тыповае стварэньне позьняга бальшавізму... Цяпер ён інстынктыўна раўняецца на Гітлера, аб чым і паведаміў у хвіліну недаравальнай шчырасьці нямецкаму журналісту. ...Беларускі народ, вядома, праглыне і гэта, як прывык глытаць шмат што іншае».
Ці сапраўды словы Лукашэнкі народ праглынуў?
Калі казаць пра актыўную, сьвядомую, дэмакратычную частку грамадзтва — не, пра што сьведчаць вышэй прыведзеныя цытаты (гэта толькі невялікая частка выказваньняў).
Але таго, што адбылося б у Францыі ці ў той жа Нямеччыне — шматтысячных шэсьцяў і адстаўкі кіраўніка, які дазволіў сабе падобнае, не адбылося.
Сапраўды — да гэтага моманту народ ужо праглынуў тое, што Лукашэнка ўжо зрабіў у рэчышчы ягонага «разуменьня прэзыдэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзыдэнта». Амаль па Гітлеру.
Бо, як і ў нацысцкай Нямеччыне, большасьць насельніцтва лічыла, што яго гэта ня тычыцца.
«Зьнішчаюць яўрэяў? Але ж я немец. Высылаюць тых, хто не даспадобы? Але ж я — за фюрэра. Недзе там, на Захадзе і Ўсходзе, гінуць людзі? Але мяне ўвечары чакае добрае піва».
«Зьбілі дэпутатаў БНФ? Але ж я не ў апазыцыі. Здушылі страйк на мэтрапалітэне? У мяне на працы не страйкуюць. Забаранілі свабодныя прафсаюзы? Ну дык я ў афіцыйным».
І яшчэ адна паралель.
У першыя гады ў большасьці насельніцтва была вера ў Лукашэнку, і яму былі гатовыя дараваць усё — у чаканьні абяцанага цуду. Ня надта задумваючыся — і пра тое, ці магчымае шчасьце коштам няшчасьця іншых. Такое яшчэ называюць ачмурэньнем.
Цуду — не атрымалася. Ні ў Гітлера, ні ў Лукашэнкі.
А калі цуду не атрымліваецца, ачмурэньне праходзіць. Заўсёды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Толькі сёлета ў беларускіх школьных падручніках зьявіўся тэрмін «Галакост»