Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трасьцянец і абсалютнае зло


Мэмарыяльны комплекс у Трасьцянцы, архіўнае фота
Мэмарыяльны комплекс у Трасьцянцы, архіўнае фота

Візыт кіраўнікоў Аўстрыі і Нямеччыны на адкрыцьцё мэмарыялу ў Трасьцянцы засьведчыў, што некаторыя рэчы ў сьвеце пакуль усё ж не мяняюцца.

Паказальна, што яны не мяняюцца ў сьвядомасьці як тых, чые продкі чынілі зьверствы, так і тых, хто ад іх хіба не найбольш пацярпеў.

Кіраўнікі Нямеччыны Франк-Вальтэр Шнайнмаер, Беларусі - Аляксандар Лукашэнка і Аўстрыі - Аляксандар Ван дэр Бэлен у Трасьцянцы
Кіраўнікі Нямеччыны Франк-Вальтэр Шнайнмаер, Беларусі - Аляксандар Лукашэнка і Аўстрыі - Аляксандар Ван дэр Бэлен у Трасьцянцы

Здавалася б, ну колькі ўжо можна, амаль тры чвэрці стагодзьдзя таму скончылася вайна. Сьвет стаў, здаецца, зусім іншы. Тое, што цяпер вядома пра камуністычны тэрор, хіба не засланіла паводле маштабаў нацысцкія забойствы.

Ну вось для немцаў і аўстрыйцаў не засланіла. У гэтым сэнсе варта адзначыць, што прэзыдэнты абедзьвюх краінаў не прынялі прапанову абаронцаў Курапатаў наведаць і месца сталінскіх забойстваў. Польская дэлегацыя, якая прыехала на цырымонію ў Трасьцянцы, наведала, а спадары Штайнмаер і Ван дэр Бэлен — не. Чаму?

Польская дэлегацыя ў Курапатах
Польская дэлегацыя ў Курапатах

Ну напэўна таму, што немцы і аўстрыйцы дагэтуль адчуваюць сваю віну за Трасьцянец, за гэты і многія іншыя лягеры сьмерці. Зло ў Трасьцянцы рабілі іх продкі, у Курапатах — не. Ушанаваць і Курапаты было б для іх размываньнем уласнай віны, маўляў, так, мы былі зьверы, але не мы адны. Не, ня так, для іх нацызм — гэта ўсё ж абсалютнае зло.

Варта сказаць, што гэткім жа яно ёсьць і для беларускай масавай сьвядомасьці. Шмат гадоў ідуць у Беларусі пошукі нацыянальнай ідэі. І ўсё неяк не даецца. Але гэтая ідэя, калі казаць спрошчана — тыя ўяўленьні, каштоўнасьці, якія падзяляе пераважная большасьць нацыі.

Усё астатняе — гэта праекты, прапановы, тое, што магло б абʼяднаць нацыю, вакол чаго нацыі на нечы погляд варта было б абʼяднацца.

Прапановы, праекты — справа добрая. Але варта паглядзець, што ж пераважную большасьць нацыі рэальна абʼядноўвае. А абʼядноўвае яе памяць пра Другую ўсясьветную вайну.

Пра гэта сьведчаць шматлікія сацыялягічныя апытаньні, як незалежных дасьледчых цэнтраў , гэтак і дзяржаўных. Сацыёляг Аляксей Ластоўскі адзначаў: «Гістарычная памяць пра Вялікую Айчынную вайну зьяўляецца ключавой для фармаваньня беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці, найбольш устойлівым і артыкуляваным комплексам ва ўяўленьнях пра мінулае жыхароў Беларусі».

У пацьверджаньне прывяду адно назіраньне са свайго журналісцкага досьведу.

Дзень волі, Менск, 25 сакавіка 2017
Дзень волі, Менск, 25 сакавіка 2017

Неаднойчы даводзілася прысутнічаць пры жорсткіх разгонах апазыцыйных маніфэстацыяў у Беларусі. І што ж крычаць людзі АМАПу, калі іх асабліва жорстка зьбіваюць, калі бʼюць старых і жанчын? Чэкісты? Камуністы? Сталіністы? Не. Крычаць — фашысты!

І хто крычыць? Апазыцыянэры, тыя, хто дэманструе пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, хто супраць камунізму і супраць Лукашэнкі, хто ня верыць дзяржаўнай прапагандзе.

Але і для іх імя абсалютнага зла — гэта фашысты. Гэтае слова іх вуснамі выгукваюць калектыўныя ўяўленьні беларусаў.

У апошнія гады ў Беларусі зьявілася нямала публікацыяў пра тое, што і партызаны таксама зьверствавалі, што і немцы былі розныя, што беларусаў, як этнас, яны зьнішчыць не плянавалі і г. д.

Але цікава, ад каго падобныя развагі не гучаць. Ад дзейных палітыкаў. Палітыкі ў краіне ў пэўным сэнсе няма. Але тыя, хто ўсё ж прэтэндуюць на прадстаўніцтва масавых, народных інтарэсаў, проста інстынктыўна адчуваюць — гэта табу, гэтым уяўленьням лепш не кідаць выклік.

Дарэчы, такія ўяўленьні ўласьцівыя не адно беларусам. З кім параўноўваюць Пуціна за Крым і Данбас найбольш жорсткія заходнія палітыкі, скажам, Гілары Клінтан ці кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі Борыс Джонсан? З Напалеонам? З Бісмаркам? Не. А чаму? Знакамітыя ж былі захопнікі, агрэсары. Са Сталінам? Таксама ня надта. Але ж і ён сваю «чырвоную» імпэрыю раскінуў на палову Эўропы. Дык з кім? Ясна, з кім параўноўваюць Пуціна — з Гітлерам.

Салдаты вэрмахту перад домам ураду, Менск, жнівень 1941
Салдаты вэрмахту перад домам ураду, Менск, жнівень 1941

А што Гітлер зрабіў амэрыканцы Клінтан? Яе народ, здаецца, мільёнамі не забіваў, яе краіну не бамбаваў і не акупаваў. Але нешта, відаць, зрабіў, калі і для яе гэта — сынонім абсалютнага зла.

Калі некаму ў Беларусі хочацца разбурыць гэтае ўяўленьне ў беларусаў, замяніць яго іншымі, то паспрабаваць, зразумела, можна. Але наўрад ці атрымаецца. Моц гэтага ўяўленьня вельмі вялікая, распаўсюд — надзвычай шырокі. Любыя альтэрнатыўныя ўяўленьні паводле гэтых парамэтраў не стаяць і блізка.

Ну а другое, ці нават першае, пытаньне — а ці варта разбураць і замяняць? Зараз ёсьць прынамсі адно сапраўды масавае ўяўленьне, якое беларусаў яднае. Калі беларусаў пазбавіць яго, дзе гарантыі, што яны застануцца адзінымі?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG