Міністар замежных спраў Уладзімер Макей сказаў у інтэрвію тэлеканалу «Беларусь-1», што беларускія ўлады гатовыя пашырыць чорны сьпіс эўрапейскіх палітыкаў, а таксама перагледзець супрацу ў розных сфэрах у адказ на санкцыі.
Стэнаграму інтэрвію апублікавала МЗС.
З інтэрвію вынікае, што беларускія ўлады гатовыя пайсьці на наступныя меры.
- Пашырыць пэрсанальныя санкцыйныя сьпісы, у якія ўключаць прадстаўнікоў кіраўніцтва Эўрапейскага Зьвязу і шэрагу эўрапейскіх дзяржаў.
- Прыпыніць працу каардынацыйнай групы «Беларусь — ЭЗ», якая абмяркоўвала ўзаемадзеяньне з Эўрапейскім Зьвязам, але ўжо некалькі гадоў не працавала.
- Перавесьці экспарт зь літоўскага порту ў расейскі.
- Перагледзець супрацу ў сфэрах
- атамнай энэргетыкі,
- барацьбы зь нелегальнай іміграцыяй, трансгранічнай злачыннасьцю, кантрабандай наркотыкаў «і гэтак далей і да таго падобнае»,
- мытнай,
- гуманітарнай (датычна замежных праектаў і недзяржаўных арганізацый),
- адукацыйных праграм.
- Ініцыяваць абмеркаваньне праблем іншых дзяржаў на міжнародных пляцоўках.
Таксама ўлады ўжо спынілі дыялёг у пытаньнях правоў чалавека і панізілі ўзровень удзелу ва «Ўсходнім партнэрстве» да экспэртнага.
Макей сярод іншага адзначыў, што ён за перамены, але не рэвалюцыйным шляхам.
«Рэвалюцыя прынясе толькі хаос і анархію. І гэты хаос і анархія пагубяць і дзяржаву, і грамадзтва. Нам давядзецца тады сапраўды пачынаць з нуля», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз: мы панізілі ўзровень кантактаў зь Беларусьсю ва «Ўсходнім партнэрстве» яшчэ раней ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь прыпыняе дыялёг з Эўразьвязам аб правах чалавека ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць прыхільнікаў саюзу з Расеяй абрынулася на 11% за месяц