У ЭЗ пракамэнтавалі рашэньне Менску панізіць узровень удзелу ва «Ўсходнім партнэрстве». У супольнасьці заявілі, што раней панізілі ўзровень усіх відаў дыялёгу зь Менскам, інфармуе ТАСС.
Пра гэта заявіў у аўторак на брыфінгу ў Брусэлі афіцыйны прадстаўнік зьнешнепалітычнай службы ЭЗ Пэтэр Стана, камэнтуючы рашэньне Беларусі панізіць узровень удзелу ў праграме «Ўсходняга партнэрства» зь міністэрскага да экспэртнага.
«ЭЗ ужо замарозіў і панізіў узровень усіх відаў дыялёгу зь Беларусьсю яшчэ раней. Менску варта было б рабіць крокі для аднаўленьня дыялёгу», — заявіў ён.
Прадстаўнік супольнасьці паведаміў, што кіраўнікі МЗС 27 краін ЭЗ 19 лістапада на відэаканфэрэнцыі абмяркуюць новыя санкцыі супраць Беларусі, уключаючы магчымыя новыя віды абмежавальных захадаў, акрамя пашырэньня «чорнага сьпісу» беларускіх чыноўнікаў.
«Кіраўнікі МЗС ЭЗ у чацьвер на відэаканфэрэнцыі разгледзяць магчымасьць новых санкцый супраць Беларусі. Мы разглядаем усе варыянты, увядзеньне новых відаў абмежавальных захадаў магчымае, калі на гэта будзе згода ўсіх краін ЭЗ», — заявіў ён, адказваючы на пытаньне аб магчымасьці ўвядзеньня Эўразьвязам эканамічных санкцый супраць Беларусі.
Раней сёньня па выніках нарады ў Лукашэнкі ў справе зьнешнепалітычнага становішча Беларусі міністар замежных спраў Уладзімер Макей заявіў, што Беларусь паніжае ўзровень свайго ўдзелу ў праграме ЭЗ «Усходняе партнэрства» да экспэртнага.