Беларусь абвясьціла, што паніжае ўзровень свайго ўдзелу ў праграме ЭЗ «Усходняе партнэрства» да экспэртнага. Пра гэта паведаміла агенцтва «РИА Новости» ў сваім тэлеграм-канале.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз: мы панізілі ўзровень кантактаў зь Беларусьсю ва «Ўсходнім партнэрстве» яшчэ раней17 лістапада, пасьля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі ў справе зьнешнепалітычнага становішча Беларусі, стала вядома, што Менск рыхтуе захады ў адказ на магчымае пашырэньне санкцый з боку Эўрапейскага Зьвязу, інфармуе Інтэрфакс.
Пра новыя захады журналістам паведаміў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей пасьля нарады ў Лукашэнкі.
«Будзьце ўпэўненыя, што гэтыя ініцыятывы ў выпадку іх прыняцьця нашымі эўрапейскімі партнэрамі не застануцца без адказу. Рэакцыя будзе сапраўды адэкватнай і вельмі адчувальнай для нашых эўрапейскіх партнэраў», — заявіў Макей.
Ён дадаў, што ня Менск быў ініцыятарам. «Мы толькі стараліся, як нам здаецца, адэкватна рэагаваць на тыя выклікі, зь якімі сутыкнулася і сутыкаецца Беларусь», — сказаў міністар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь прыпыняе дыялёг з Эўразьвязам аб правах чалавека«На нарадзе была прапанавана і падтрымана ўдзельнікамі нарады ідэя аб паніжэньні ўзроўню нашага прадстаўніцтва ва «Ўсходнім партнэрстве», — сказаў Макей.
Беларускі бок, паводле яго, бачыць «спробы палітызаваць шэраг інфраструктурных, міжрэгіянальных праектаў у рамках гэтай ініцыятывы». «Таму прынята рашэньне аб паніжэньні ўзроўню ўдзелу Беларусі ў гэтай ініцыятыве да экспэртнага», — растлумачыў Макей.
«Усходняе партнэрства» — ініцыятыва Эўразьвязу для супрацоўніцтва з постсавецкімі краінамі Эўропы і Каўказу.