Беларускі пратэст, які працягваецца апошнія сто дзён — гэта няспынны акт зьмены грамадзтва. З галоўным лёзунгам «Грамадзянамі звацца!» За сто дзён насельніцтва ператварылася ў грамадзянскую супольнасьць, а ўсё разам дафармавала беларусаў як нацыю.
Сьцісла
- Канчаткова дафармавалася нацыя.
- Насельніцтва за сто дзён прайшло курс маладой грамадзянскай супольнасьці.
- Закладзены асновы самакіраваньня і наагул лякальных супольнасьцяў.
- Пытаньне сымболікі закрытае раз і назаўсёды.
- Прышчэпка ад дыктатуры зробленая на многія дзесяцігодзьдзі.
«Пратэст ня зьдзьмуўся, ён прарос у людзей». Гэтую фразу я ўбачыў у камэнтарах адной з дыскусій у фэйсбуку. «Яго (трымальніка дзяржаўнай улады) трэба будзе не судзіць, трэба будзе аддаць людзям», — эмацыйна гаворыць настаўніца маме школьніка падчас абмеркаваньня бягучых справаў у клясе. Настаўніца ня ходзіць на акцыі, але пратэст яе поўніць знутры і будзе кіраваць ёю паўсюль, дзе яна сутыкаецца зь цяперашняй дзяржаўнай сыстэмай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 100 дзён рэвалюцыі. Што казалі палітыкі Захаду і Расеі пра Беларусь«Як так можна доўга хадзіць і не стамляцца?» — пыталіся ў мяне знаёмыя іншаземцы пра нядзельныя маршы. Адказваю: «Бо людзі так доўга жылі, нібы пад адміністрацыйным арыштам, што раз на тыдзень ім проста ў радасьць адчуць сябе цалкам вольнымі».
Калі глядзець з-за мяжы, то бачыш на экранах сацыяльную ці палітычную групу, якая дамагаецца нейкіх сваіх патрабаваньняў. Напрыклад, зьвязаных з несправядліва падлічанымі галасамі на выбарах.
Але «Беларускі працэс» ужо даўно не пра выбары. «Лукашэнка, сыходзь!» — гэта пра ўсю сыстэму, якую ён збудаваў. Сыстэму гвалту і беспакаранасьці.
Ад 9 жніўня 2020 году выходзяць людзі самых розных палітычных поглядаў, якія ў дэмакратычных рэаліях будуць галасаваць за розныя партыі. Але цяпер усе зьяднаныя разам, бо спачатку ў краіну мусіць вярнуцца Закон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такія раны загойваюцца доўга». Экс-кандыдаты ў прэзыдэнты пра 100 дзён пратэстуЦяпер людзі жывуць, нібы падчас акупацыі, якую ўсе збольшага ўяўляюць па фільмах пра Другую сусьветную. А шмат хто са старэйшых беларусаў ведае пра акупацыю зь першых вуснаў — ад сваіх бацькоў і дзядоў-бабуляў.
Спыніць на вуліцы, каб залезьці ў торбу ці запатрабаваць паказаць зьмесьціва мабільніка — гэта пра акупацыю. «Перастарацца» і беспакарана забіць да сьмерці — гэта акупацыя. Катаваць невыноснымі ўмовамі ў камэрах, не даваць мэдычнай дапамогі, біць і калечыць — гэта пра акупацыю. «Не забудзем, не даруем!» і «Ніколі зноў!» — гэта лёзунгі, якія ў будучай дэмакратычнай Беларусі будуць вывучаць на ўроках гісторыі. Прышчэпка ад дыктатуры мусіць быць зробленая ўсур’ёз і надоўга.
Спачатку агульная радасьць (відавочная перамога незалежнай кандыдаткі), а пасьля агульная бяда (панаваньне на вуліцах узброеных фармаваньняў у балаклавах і без апазнавальных знакаў) зьядналі беларусаў. Зьядналі пад Пагоняй і бел-чырвона-белым сьцягам. Усенародны рэфэрэндум аб сымболіцы адбыўся зноў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мільёны беларусаў уступілі ў «Талаку». І гэта назаўсёдыВажна падкрэсьліць, што ад вясны 2020 году штабы «альтэрнатыўных кандыдатаў» абыходзілі тэму нацыянальнага, але людзі самі зрабілі свой выбар. Цяпер «БЧБ» ня проста гісторыя, у тым ліку найноўшая. Гэта сьцяг, пад якім змагалася большасьць беларусаў за сваю свабоду як грамадзянаў, як людзей.
«Большасьць» — слова 2020 году, на мой погляд. Тыя, хто змагаўся за грамадзянскае і нацыянальнае папярэднюю чвэрць стагодзьдзя, сталіся большасьцю. І гэтая большасьць выстройвае свае гарызантальныя сувязі дзякуючы новым інфармацыйным тэхналёгіям. І, галоўнае, жаданьню яднацца дзеля рэалізацыі агульных мэтаў. Ад дваровых суполак — да лякальных супольнасьцяў.
Ёсьць думка, агучаная рознымі аналітыкамі, што беларусы сталіся першымі. Першымі ў справе зьмены структуры грамадзтваў. Магчыма, піраміды ўлады ў будучыні адпадуць, а кіраваць будуць гарызантальныя — грамадзкія супольнасьці.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 100 дзён беларускай рэвалюцыі. Лічбы