Сястра 31-гадовага менчука Рамана Бандарэнкі, які памёр пасьля выкраданьня і зьбіваньня невядомымі, заявіла Радыё Свабода, што гэта адбылося зь ім ужо пасьля канфлікту на «плошчы Перамен».
«На „плошчы Перамен“ (двор на вуліцы Чарвякова ў Менску. — РС) усім вядомай адбылася тузаніна. Рома нікога не правакаваў. Я гэта ведаю дакладна — са слоў сьведкаў і не адных. Усё, што зь ім здарылася, адбылося ўжо пасьля „плочшы Перамен“. Я запісваю гэта відэа, каб вялікая колькасьць людзей даведаліся, што адбываецца ў гэтай краіне. Што людзі абсалютна безабаронныя. Я вельмі спадзяюся на праваахоўныя органы, што яны распачнуць крымінальную справу», — сказала Вольга.
Паводле яе, Раман быў «чалавек вельмі спакойны», які «ніколі ня лез ні ў якія канфлікты» і «ўспрымаў усё са станоўчага боку, з гумарам».
«Я вельмі спадзяюся, што справядлівасьць пераможа — і тыя, хто сапраўды зь ім гэта зрабіў, панясуць пакараньне паводле сапраўднага закону».
Сястра сказала, што разам з маці даведалася пра сьмерць Рамана ад журналістаў і знаёмых па дарозе ў шпіталь. Заўтра мае быць судовая экспэртыза.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьведка канфлікту на «плошчы Перамен»: «Нападнікаў было каля дзесяці»Сьцісла. Што здарылася
- Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
- Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і зьбіваць жыхароў. Каля 22.16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
- Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
- У 0.05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральныміі гематомамі, ударамі, абдзерынамі.
- Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
- Увечары 12 лістапада Раман Бандарэнка памёр. Тысячы менчукоў зладзілі стыхіную «народную паніхіду» на «плошчы Перамен».
- ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя зьявіліся на месцы ўжо пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Аднак мясцовыя жыхары машыны мэдыкаў ня бачылі.