Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі: Адказнасьць за сьмерць Рамана Бандарэнкі ляжыць на МУС


"Плошча пераменаў". Людзі разьвітваюцца з Раманам Бандарэнкам.
"Плошча пераменаў". Людзі разьвітваюцца з Раманам Бандарэнкам.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» патрабуе завесьці крымінальную справу, правесьці расьсьледаваньне і пакараць вінаватых у сьмерці Рамана Бандарэнкі, паведамляецца на сайце цэнтру.

Увечары 12 лістапада стала вядома, што ў бальніцы хуткай мэдыцынскай дапамогі памёр 31-гадовы Раман Бандарэнка, які 11 лістапада даставіла хуткая дапамога з Цэнтральнага РУУС Менску.

«Відавочна, што адказнасьць за сьмерць Рамана Бандарэнкі ляжыць на Міністэрстве ўнутраных спраў і тых, хто аддаваў міліцыі загад „закруціць гайкі“. Улады правакуюць яшчэ большую напружанасьць паміж імі і народам», — падкрэсьліў старшыня цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.

«Мы, праваабаронцы, патрабуем узбуджэньня крымінальнай справы, правядзеньня расьсьледаваньня і пакараньня вінаватых. Хоць я разумею, што Сьледчы камітэт гатовы зачыняць вочы на любы беззаконьне і гвалт, зьдзейсьненае сілавікамі. Але я веру, што ні адно злачынства, зьдзейсьненае супраць людзей, ня будзе даравана. Я заклікаю людзей не ўпадаць у адчай і далей адстойваць свае правы чалавека. Бо мы — не быдла! » — падкрэсьліў Бяляцкі.

Тым часам сотні людзей сабраліся вечарам 12 лістапада на сымбалічнай «плошчы Пераменаў» у Менску, каб ушанаваць памяць Рамана Бандарэнка. Людзі, якія сабраліся нясуць кветкі і запальваюць сьвечкі, скандуюць «Трыбунал!». Відавочцы ў сацсетках таксама паведамляюць, што на прылеглых вуліцах людзі не даюць магчымасьці пад’ехаць да плошчы пераменаў мікрааўтобусам, у якіх, як мяркуецца, знаходзяцца сілавікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG