Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведка канфлікту на «плошчы Перамен»: «Нападнікаў было каля дзесяці»


Раман Бандарэнка знаходзіцца ў коме пасьля жорсткага зьбіцьця ўвечары 11 лістапада
Раман Бандарэнка знаходзіцца ў коме пасьля жорсткага зьбіцьця ўвечары 11 лістапада

Жыхар аднаго з дамоў на «плошчы Перамен» у Менску расказаў Свабодзе, як пачынаўся канфлікт, у выніку якога 31-гадовы жыхар Раман Бандарэнка трапіў у шпіталь у крытычным стане.

Позна ўвечары 11 лістапада на «плошчы Перамен» (двары на вуліцы Чарвякова) адбыўся канфлікт паміж невядомымі ў цывільным і мясцовымі жыхарамі. У выніку адзін з жыхароў трапіў у шпіталь у крытычным стане. Яго завуць Раман Бандарэнка, яму 31 год, раней служыў ва ўнутраных войсках, у частцы 3214.

Сьцісла. Што здарылася

  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і зьбіваць жыхароў. Каля 22.16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менска.
  • У 0.05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральныміі гематомамі, ударамі, абдзерынамі.
  • Паводле лекараў, ён знаходзіўся ў затарможаным стане, але ў апэрацыйную ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Цяпер Раман у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя зьявіліся на месцы ўжо пасьля здарэньня. Рамана знайшлі ў непрытомным стане і выклікалі «хуткую». Аднак мясцовыя жыхары машыны мэдыкаў ня бачылі.

Сьведка канфлікту з удзелам Рамана расказаў Свабодзе, як разьвіваліся падзеі тым вечарам.

«Я жыву ў доме на „плошчы Перамен“, вокны выходзяць акурат туды, — кажа суразмоўца. — Вечарам учора, недзе ў раёне 22.30, жонка пайшла ўкладваць дзяцей. А я пайшоў купіць цыгарэтаў. І калі ішоў назад, то пачуў нейкі шум на пляцоўцы. Зразумеў, што да чаго, бо там такое ня раз бывала. Падышоў паглядзець, што робіцца. Там было чалавек дзесяць, якія абразалі стужкі. Падышоў да іх яшчэ бліжэй. Там ужо дастаткова людзей сабралася, 8–10. Я стаяў ззаду за Раманам. Да нас адвярнуўся адзін з тых, хто зразаў стужкі, і загадаў ісьці дадому. (Сьведка мяркуе, што пазнаў у гэтым чалавеку аднаго з набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі спартовых функцыянэраў. — РС) Ён быў у масцы, але па брывах, па вачах вельмі падобны. Мы пачалі спрачацца на словах. Ён гаварыў, што чысьціць горад, прыбірае яго ад сьмецьця».

Далей сьведка расказвае, што параіў гэтаму чалавеку прыбіраць ля свайго дому, а ня тут. Іх спрэчка паступова перарасла ў канфлікт.

Пэрфоманс у двары на вуліцы Чарвякова, «плошчы Перамен». Верасень 2020
Пэрфоманс у двары на вуліцы Чарвякова, «плошчы Перамен». Верасень 2020

«Раман стаяў побач са мной, — кажа суразмоўца. — У нейкі момант да нас падышоў такі моцны, таксама ў масцы. Мае рукі ў кішэнях былі, Раман стаяў, абапёршыся аб арэлі. Я абсалютна цьвярозы быў, толькі з працы прыехаў за рулём. І вось падыходзіць да нас гэты ціхар і пытае, ці мы яму пагражаем. Раман адказаў, што не. Ціхар пайшоў у мой бок, мы пачалі спрачацца. Я адыходзіў сьпінай уперад. Ён штурхануў мяне, паспрабаваў замахнуцца, ударыць, хапаць мяне. Я ўпаў на турнік, тэлефон выпаў з рук. Падабраў яго, пачаў уцякаць. Уцякаў дварамі, яны гналіся за мной нейкі час. Калі я абышоў раён кругам і падняўся наверх дадому, то далей назіраў адтуль».

Сьведка кажа, што ніякай хуткай у двары не было, мэдыкі да ад’езду «ціхароў» не прыяжджалі. Прыяжджала толькі міліцыя, аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы. Невядомыя ў той час працягвалі зразаць стужкі.

«Жонка назірала за канфліктам з балькона, пазваніла мне, — кажа сьведка. — Яна думала, што я ўжо ў бусіку. Сказала, што забралі дваіх. Аднаго адпусьцілі, а другога забралі. Атрымліваецца, гэта быў Раман. Невядомыя ў масках яшчэ працягвалі зразаць стужкі. Зрэзалі. Потым яны ўсе сабраліся ў кучу, падмалявалі мурал, сталі на яго фоне і зрабілі сэлфі. А пасьля зьехалі на мікрааўтобусах. Гэта было ўжо ў раёне 23 гадзіны».

Суразмоўца кажа, што яшчэ нейкі час назіраў за падазронымі мікрааўтобусамі, яны стаялі побач зь іх раёнам. Аднак празь нейкі час усе аўтамабілі зьехалі.

Скончыў Акадэмію мастацтваў, служыў у спэцназе, быў дырэктарам крамы

«Наша Ніва» пагаварыла са стрыечнай сястрой Рамана. Паводле яе, Раман быў асьцярожным чалавекам, на маршы не выходзіў: «Мне казаў, што ведае, што могуць зь ім зрабіць, калі затрымаюць, бо ён служыў у спэцназе — частцы 3214 унутраных войскаў».

Раман адслужыў у спэцназе ўжо пасьля Акадэміі мастацтваў.

Працаваў апошнім часам дырэктарам адной з крамаў «Востраў чысьціні». Ён прыйшоў туды ўвогуле адміністратарам, паступова дарос да дырэктара, распавяла яго сястра.

Афіцыйная вэрсія міліцыі: Рамана знайшлі ў непрытомным стане і выклікалі «хуткую»

ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя зьявіліся на месцы ўжо пасьля здарэньня.

«Учора каля 22:30 у міліцыю паступіла паведамленьне пра тое, што ў двары дому на вуліцы Чарвякова ў Менску б’юцца невядомыя. Пры выбыцьці супрацоўнікі міліцыі знайшлі 31-гадовага грамадзяніна зь цялеснымі пашкоджаньнямі. У далейшым праваахоўнікі выклікалі яму хуткую дапамогу», — напісаў ГУУС Менгарвыканкаму і дадаў наступны абзац з двума клічнікамі.

«МУС канстатуе: некаторыя грамадзяне з мэтай давядзеньня да навакольных сваёй асабістай думкі датычна сваёй палітычнай пазыцыі вывешваюць, малююць, наклейваюць несанкцыянаваную сымболіку на фасадах будынкаў, гарадзкіх канструкцыях, асабістых аўтамабілях і да таго падобнае. Іншыя неабыякавыя грамадзяне спрабуюць аднавіць парадак і не дапускаць парушэньняў правілаў добраўпарадкаваньня. З наступствамі гэткіх канфліктаў, часам даволі сумнымі, разьбіраецца МУС».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG