Усё часьцей ад чыноўнікаў рознага ўзроўню гучаць прамыя парады тым, хто незадаволены сытуацыяй у Беларусі, — зьехаць. Пакуль вядома, што зьехалі 13 тысяч, 1200 айцішнікаў выехалі ва Ўкраіну. Разьбіраемся, што будзе з эканомікай, калі зьедуць усе незадаволеныя.
6 лістапада Лукашэнка распарадзіўся не пускаць у Беларусь тых «разумных», якія выехалі з краіны ў «гэты няпросты час». Ягоная заява была адрасаваная найперш лекарам. Яшчэ раней чыноўнікі рознага ўзроўню раілі незадаволеным «зьяжджаць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загадаў не пускаць у краіну тых «разумных» беларусаў, якія выехалі ў няпросты часЯшчэ напрыканцы жніўня пра гэта казаў тагачасны сакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў.
«Пытаньне да тых, хто так замілаваны замежнымі падскокваньнямі: вы чаму там не жывяце, вызваліўшы тут кожны сваё працоўнае месца, месца вашых дзяцей у садку, зьменшыўшы нагрузку на настаўнікаў у школе, конкурс у ВНУ і чаргу да лекара?» — заявіў тады Раўкоў.
Колькі беларусаў ужо зьехалі
У кастрычніку ў МУС заявілі, што Беларусь пакінулі ўжо 13 тысяч чалавек. Гэта тыя, хто выехаў у Польшчу, ва Ўкраіну, Літву і Латвію. Статыстыка ня ўлічвае тых, хто зьехаў у Расею, бо мяжы з гэтай краінай няма. Таксама вядома пра 1200 айцішнікаў, якія выехалі ва Ўкраіну, таму цяпер гэтая лічба можа быць значна большай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 13 тысяч беларусаў зьехалі за мяжу пасьля выбараў. Ці гэта шмат?
Як гэта ўплывае на эканоміку
Унутраны валавы прадукт кожнай краіны залежыць ад колькасьці людзей, якія працуюць у гэтай краіне. Пра гэта расказвае фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.
«Чым больш людзей працуюць, тым большы ВУП. Формула ВУП — гэта прадукцыйнасьць працы, памножаная на колькасьць тых, хто працуе. Калі менш працуюць — меншы прырост эканомікі. Як правіла, зьяжджаюць людзі найбольш прафэсійныя і запатрабаваныя. У іх, як правіла, самая высокая прадукцыйнасьць працы. Калі найбольш кваліфікаваныя зьяжджаюць, зьніжаецца вытворчасьць», — кажа Вадзім Іосуб.
Ён дадае, што «сярод тых жа лекараў ёсьць унікальныя спэцыялісты». Калі такія вузкія спэцыялісты будуць зьяжджаць, «няма каму будзе лекаваць некаторых пацыентаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму зьяжджаюць мэдыкі? Адказвае лекар, які ўцёк у Гішпанію 12 гадоў тамуБеларусь доўгі час рэклямавала свае мэдычныя паслугі на экспарт. На апэрацыі ехалі якраз да такіх вузкіх спэцыялістаў.
«Раней выяжджалі рабочыя ў Расею, у Польшчу. Гэта маглі быць нейкія сэзонныя працы, праца на будоўлі, ня самая кваліфікаваная праца. А цяпер магчымы сыход кваліфікаваных спэцыялістаў, ІТ-сэктару, лекараў. Эканоміка гэта хутка адчуе, што адаб’ецца на сярэдніх заробках», — канстатуе Вадзім Іосуб.
Таксама эканаміст адзначае, што ёсьць розьніца паміж «працоўнай міграцыяй» і «выцісканьнем людзей з краіны». У другім варыянце людзі будуць працаваць і жыць за мяжой, і Беларусь ад гэтага нічога эканамічна не займее.
«Бо раней людзі працавалі за мяжой, але грошы дасылаліся сюды», — параўноўвае спэцыяліст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 800 беларускіх ІТ-спэцыялістаў скарысталі праграму пераезду ў Польшчу
Што кажуць лічбы
Доля ІТ ва ўнутраным валавым прадукце Беларусі — 6,5%. Цяпер многія ІТ-кампаніі калі яшчэ не пераехалі за мяжу, то думаюць пра рэлякацыю. Калі ўсе ІТ-кампаніі зьедуць, ВУП страціць 8,5 мільярда рублёў.
Другая сфэра, па якой сьпярша ўдарыла эпідэмія каранавірусу, а пасьля ўнутраны палітычны крызіс, — сярэдняе і дробнае прадпрымальніцтва. Доля гэтай галіны ў ВУП — 26,1%, або 34,4 мільярда рублёў, па дадзеных на 2019 год. Менавіта пра гэтую катэгорыю ўлада часта кажа «пузатыя буржуі».
Такім чынам, калі ўсе «яйкагаловыя» і «пузатыя буржуі» выведуць свае бізнэсы зь Беларусі, ВУП страціць больш за траціну. А калі ўлічыць, што гэтыя сфэры эканомікі не закрэдытаваныя дзяржавай, як прамысловасьць і сельская гаспадарка, — то значна больш.
Людзі ж, якія працуюць у сфэры дзяржкіраваньня, сілавым блёку і ў дзяржаўнай адукацыі, жывуць за кошт бюджэту, які фармуецца, у тым ліку, праз падаткі «яйкагаловых» і «пузатых буржуяў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 80 беларускіх кампаній зацікавіліся пераносам бізнэсу ў Літву ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Латвіі гатовыя прыняць каля сотні беларускіх кампаній, дзесяць ужо прынялі рашэньне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад пачатку пратэстаў у Беларусі ва Ўкраіну пераехала каля 1200 беларускіх IT-спэцыялістаў