Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму зьяжджаюць мэдыкі? Адказвае лекар, які ўцёк у Гішпанію 12 гадоў таму


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка загадаў не пускаць у Беларусь лекараў, якія зьехалі ў Польшчу. Як на гэта адрэагавалі мэдыкі, якія зьехалі за мяжу? Пра гэта вядучаму «Настоящего Времени» Цімуру Алеўскаму расказаў Аляксей Носаў, урач-траўматоляг, які працуе ў Валенсіі.

— Як вы і вашы калегі адрэагавалі на словы Лукашэнкі аб тым, што мэдыкаў, якія будуць зьяжджаць і дапамагаць у іншых краінах змагацца з каранавірусам, ня будуць пускаць назад у краіну?

— Як можна рэагаваць на гэтае паведамленьне? Гэта поўнае глупства. Людзі, якія паедуць туды працаваць, я ня думаю, што яны будуць намагацца вярнуцца назад, прасіцца на каленях, каб іх прынялі. Не. Яны зьедуць. І тое, што ён сказаў цяпер, адварочвае яшчэ больш лекараў ад таго, што адбываецца ў Беларусі.

Я не кажу, што гэта слушна, калі «ўцякаюць» мазгі, не. Зусім наадварот, вельмі не хацелася б губляць выдатныя кадры, таму што зьедуць найлепшыя. Дыягностыка і лячэньне вельмі моцна пацярпяць. Мала таго, пацярпіць галоўнае — ваша здароўе... І нэўтральныя людзі, якія нічога не гавораць, — ваша здароўе таксама пацерпіць, і здароўе вашых дзяцей пацерпіць. І што вы тады будзеце рабіць? Брацца за вілы? Тады будзе вельмі позна. Цяпер ёсьць магчымасьць вырашыць усе мірным, абсалютна нармальным шляхам. Для гэтага ёсьць сродкі, і тады людзі ня стануць зьяжджаць, а мала таго, шмат хто вернецца. Я, напрыклад, вярнуся, калі сытуацыя зьменіцца.

— Вы разумееце, чаму раптам цяпер ён пра гэта загаварыў? Асабліва ў сытуацыі, калі ў краіне каранавірус, як і ўсюды?

— Таму што яму трэба было неяк адрэагаваць, таму што гэта сапраўды вельмі сур’ёзная страта для Беларусі. Ён ідзе на тое, каб сьвядома губляць людзей, кваліфікаваных работнікаў, таму што цэнтар кардыялёгіі, цэнтар траўматалёгіі выходзяць на мірныя пратэсты, якія не прыносяць нікому шкоды. Мала таго, людзі гэта робяць у непрацоўны час.

І, натуральна, уладам вельмі балюча, што мэдыкі гэтак рэагуюць, таму яны павінны неяк рэагаваць. Няма спосабу нармальна адрэагаваць — наладзіць нармальна сыстэму аховы здароўя і шмат усяго, — ужо позна. Улада ня мае ніякай ані сілы, ані крэатыўнасьці, ані прадуктыўнасьці, ані стварэньня. Яна зараз толькі разбурае.

— А вы разумееце, што ў Беларусі адбываецца з каранавірусам? Наколькі сытуацыя пад кантролем? Можа, да вас даходзяць нейкія зьвесткі ад калегаў, якія там працуюць?

— Я ў тэме каранавірусу ў Беларусі пачынаючы з сакавіка, можа, крыху раней. Спрабаваў прадухіліць той самы парад і ўсё астатняе, дапамагаў наладжваць нейкія кантакты па СІЗА з валянтэрамі.

Прыгажун, які цяпер кіруе ўсёй краінай (я называю яго «вярхоўным вірусолягам»), проста не заўважае таго, што адбываецца. Рэальныя лічбы зусім не адпавядаюць таму, што ён дае статыстычна ў Сусьветную арганізацыю здароўя. Пачнём з таго, што, калі Беларусь рабіла справаздачу аб сьмяротнасьці ў пяць чалавек па ўсёй Беларусі, у кожнай з бальніц гораду Менску, у якой былі ковідныя хворыя, памірала тры-чатыры чалавекі. Можаце сабе ўявіць ступень хлусьні? І гэта я толькі пра Менск кажу.

Лекары зьбіраюць статыстыку па каранавірусу, створаную ініцыятыўнай групай. Ёсьць такі чат «Белыя халаты», там ёсьць цудоўныя людзі, якія займаюцца пэўнымі праектамі — зьбіраюць матэрыялы для Гаагі з нагоды зьбіцьця, зьбіраюць дадзеныя па каранавірусу, — шмат усяго. Гэтыя матэрыялы будуць апублікаваныя, натуральна. Проста людзі павінны ведаць, што Міністэрства аховы здароўя на чале зь «вярхоўным вірусолягам» хлусіць. Вельмі шмат тых, хто захварэў, і вельмі шмат цяжкіх хворых. Не хапае сродкаў абароны.

— Улічваючы, што некаторыя лекары зьяжджаюць, некаторыя выпадаюць на суткі, ці ў стане сыстэма справіцца яшчэ пры такой дадатковай нагрузцы, якую стварае сама дзяржава?

— Невырашальных праблем няма, у пляне эпідэміялёгіі — таксама. Проста патрэбная галава, якая цяміць, і такія людзі ёсьць, проста ім не даюць займацца гэтымі пытаньнямі. Тыя, хто займаецца, лічаць, што яны разумнейшыя за ўсіх і што іх наплявацельскае стаўленьне або ігнор праблемы прывядзе да нейкага выніку? Не, наадварот, гэта ўсё пагоршыцца.

Людзі паміраюць ад каранавірусу, людзі хварэюць, імунітэт ня вывучаны. Ніхто ў сьвеце яшчэ нармальна ня вывучыў, што гэта такое. Пару месяцаў таму казалі, што імунітэт у людзей трымаецца тры-чатыры месяцы. Зараз прайшоў час, кажуць, што імунітэт у людзей трымаецца шэсьць-сем месяцаў. Гэта значыць, у працэсе дасьледаваньняў зьмяняюцца дадзеныя. Вірус працягвае вывучацца, таму што мы выпусьцілі зьвера.

— Ці ёсьць у вас нейкія агульныя дадзеныя, колькі апошнім часам ці ўвогуле выехала мэдыкаў за мяжу? І зь якіх прычын?

— Гэтых дадзеных пакуль няма, але мяне зьдзіўляе і палохае той факт, што знаёмыя, зь якімі мы маем зносіны, раптам пачынаюць пытацца: «А як у вас у Гішпаніі з сыстэмай пацьверджаньня дыплёму?» Я кажу: «А табе навошта?» Ён кажа: «А я ўжо ў Польшчы сяджу зь сямʼёй. Нам дадуць дакумэнты, і я думаю, у якую краіну я паеду жыць». Вельмі шмат мэдыкаў (у чаце ў «Белых халатах» больш за 5 тысяч), але, натуральна, там ёсьць і ня мэдыкі, ёсьць і правакатары, і ўсё астатняе. Дапусьцім, у чаце 3–3,5 тысячы мэдыкаў, [зь іх], напэўна, ужо 70% «змазваюць лыжы», бо ня маюць пэрспэктывы.

Па-другое, таго, што абяцае дзяржава, яна не выконвае. Я не кажу пра матэрыяльныя пытаньні, але, урэшце, яны абяцалі выплаты па COVID, і замест выплат па COVID яшчэ і паздымалі нейкія даплаты... Замест прыбытку атрымліваюцца адны страты. Не выконваюцца абяцаньні па сродках абароны — гэта самае галоўнае. Дый наогул сыстэма аховы здароўя Беларусі — утопія. Так не працуе сыстэма аховы здароўя, як яна працуе ў Беларусі. Рана ці позна картачны домік складзецца. Магчыма ўсё зрабіць так, як мае быць, але гэтым людзям не даюць рабіць. Я б з задавальненьнем таксама ў гэтым паўдзельнічаў.

— Чаму вы зьехалі зь Беларусі?

— Гэта было ў 2008 годзе. Таму што ў двух амапаўцаў паўсталі сурʼёзныя праблемы са здароўем пасьля таго, як яны спрабавалі мяне пакрыўдзіць на такім жа абсалютна спакойным мерапрыемстве, якія цяпер праходзяць. Тады яны ўсё ж не лютавалі, і я прайшоў праз суд, і мяне не забілі. Хоць цяпер я слова «забілі» ўжываю не наўмысна — гэта ня жарт. Калі б я цяпер у дадзенай сытуацыі зрабіў тое, што я зрабіў тады, я думаю, што мяне б проста забілі. А так мяне працягнулі праз суд, я сплаціў штрафы за зламаную руку, за зламаныя рэбры. Мала таго, на мяне напалі [менавіта] яны. Ня буду паглыбляцца ва ўсе падрабязнасьці. Я зьехаў з палітычных прычын, з прычыны сваёй грамадзянскай пазыцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG